Беларусачка, беларусачка, дарагая сяброўка мая...

Яшчэ адзін юбілейны артыкул да 20-х угодкаў Майстроўні

 

Мая малодшая дачка нарадзілася ў дзень Другога Ганебнага Рэфэрэндуму. Я яшчэ пасьпела ў ім удзельнічаць. Акушэрка зачытвала пытаньні зь бюлетэню (яго добрасумленна прынесьлі нават у пасьляапэрацыйную палату), а я драўлянымі пасьля наркозу вуснамі маніякальна спрабавала павялічыць працэнт нязгодных. Сьвядомасьць яшчэ плавала недзе вакол цела, і ў галаве самотна зьвінелі дзьве думкі: першая — што зараз мы прайграем. І другая — што мая галоўная, сакрэтная зброя ўжо сьпіць у боксе для немаўлятаў.

... Гэтыя радкі пачалі складацца, калі я дачытвала артыкул Сяргея Шупы пра Беларускую Сьпеўна-Драматычную Майстроўню («НН» № 1, 2000 г.). У прыватнасьці, апошні абзац: «Неяк я прывёў на адну з майстроўскіх сходак свайго інстытуцкага сябра, крутога дысыдэнта. Ён тады ўважліва агледзеўся і запытаўся сам у сябе: цікава, што будзе з усімі імі гадоў праз 15-20? А ў той кампаніі, або крыху раней, або крыху пазьней, або недзе побач зь ёю былі тады 20-гадовыя...» — і далей 11 прозьвішчаў вельмі вядомых сёньня, славутых нават палітыкаў, пісьменьнікаў, журналістаў ды іншых грамадзкіх дзеячоў. Сьпіс, безумоўна, ня поўны, кожны з былых майстроўцаў зь лёту павялічыць яго яшчэ на добры тузін ня менш вядомых прозьвішчаў. Ды гаворка не пра тое. А ці заўважыў хто, што сярод названых Сяргеем Шупам (іншымі словамі, сярод тых, хто згадаўся ў першую чаргу) няма ніводнай жанчыны? Між тым, на старых майстроўскіх фотаздымках дзяўчат ці не палова. Што зь імі цяпер, дзе яны? Дарэчы, лёс шмат каго з колішніх майстровак мне добра вядомы. І можна было б ураўнаважыць «мужчынскі» сьпіс жаночым дадаткам, давёўшы на прыкладах, што і ў нашым палку ёсьць выбітныя асобы, чыімі імёнамі можа ганарыцца Беларусь. Але, па-першае, сьмешна як бы апраўдвацца, а па-другое, ня гэта, зноў жа, ёсьць тэмай маіх нататак. А вось што? Як бы гэта сфармуляваць дакладна...

...Што адбывалася з нашымі дзяўчаткамі-майстровачкамі пасьля таго, як яны выходзілі замуж? Перад тым, як самой зьмяніць вянок на чапец, я шмат разоў назірала гэты таямнічы працэс збоку, на прыкладзе маіх сябровак. Бліскучыя, рознакаляровыя, вытанчаныя пацеркі адна за адной сасьлізгвалі зь ніткі і зьнікалі недзе ў загадкавай глыбіні зачараванага возера... Мінаў нейкі час, і яны зноў зьяўляліся на паверхні — але ніколі ў ранейшым абліччы!..

Безумоўна, тэмп ды інтэнсыўнасьць майстроўскага жыцьця напоўніцу маглі вытрымаць толькі незамужнія. У маім архіве захаваўся майстроўскі дзёньнік Марыны Лычкоўскай за 1984 год. Толькі за сакавік-травень — 15 буйных акцыяў (ня лічачы сьпевак двойчы на тыдзень): два Гуканьні вясны, «Вячоркі», выступы ў кавярні, школе, на сьвяце двара, выцечкі ў Мураванку і Ракуцёўшчыну, утварэньне ТБШ, збор подпісаў за беларускія клясы і г.д. Што мы маглі адчуваць, калі пасьля такога віру падзеяў сьвет раптам сьціскаўся да памераў пакою зь дзіцячым ложачкам у адным куце і грудам непрасаваных пялюшак — у другім? Калі цалкам зьмяняліся прыярытэты, і некалькі лішніх гадзін сну рабіліся даражэйшымі за ўсе беларускія старадрукі, а дачыненьні са сьвякроўкай хвалявалі значна болей, чым раскол у БНФ. Але хіба ж я наракаю на лёс? Жаночая доля — яна заўсёды аднолькавая: што ў былых майстровак, што ў былых спартовак, што ў былых камсамолак...

Тым з нас, хто павыходзіў замуж за сяброў, сьвядомых беларусаў, яшчэ пашанцавала: мы былі, прынамсі, застрахаваныя ад таго, каб «ідыятызм пабытовага жыцьця» цалкам захінуў усе астатнія далягляды. У пэўных сытуацыях нам ня трэба было нічога тлумачыць адзін адному. У тым самым №1 «НН» двойчы згадвалася гісторыя з разбурэньнем будынку менскага гарадзкога тэатру, калі стыхійны пікет майстроўцаў ужо праз 15-20 хвілін гучных пратэстаў апынуўся ў бліжэйшым пастарунку. Ясіку, сыну Ларысы Сімаковіч, было тады некалькі месяцаў. Пасьля некалькіх гадзін увязьненьня Ларыса пачала тлумачыць міліцэйскім начальнікам, што ёй трэба зьезьдзіць дадому, каб пакарміць дзіця. Не адразу, але яе выпусьцілі, сто разоў прачытаўшы мараль, што «кармяшчым жэншчынам нада сядзець дома с рабёнкам, а не міцінгаваць». Яшчэ празь некалькі гадзін Ларыса вярнулася — зь ежай для ўсіх затрыманых. «Ну як, ці моцна сварыўся Барыс Іванавіч?» — пыталіся мы. (Меўся на ўвазе муж Ларысы, выдатны беларускі паэт Барыс Жанчак.) «Ой, сварыўся. Наразаў вам сала з цыбуляй і ўсё цытаваў кагосьці з клясыкаў: «Ах ты, дэлегатка, як табе ня гадка...»

...Дык пра што ж я, урэшце, пішу? Напэўна, пра тое, як пасьля майстроўскага юнацтва кожнай з нас давялося вырашаць адну, так бы мовіць, анталягічную задачу: ствараць беларускі сусьвет унутры ўласнай сям’і. (Бо, што б там ні казалі мужчыны, а заўсёды жанчына вырашала, зь якога дрэва сям’я будзе есьці яблыкі.) І якраз ён, амаль нябачны для чужога вока, унутрысямейны беларускі сусьвет і ёсьць, на маю думку, найважнейшым дасягненьнем кожнай з нас. Альбо галоўным правалам.

Праўда і тое, што маленькі беларускі сусьвет безь вялікага вельмі хутка звужаецца, звужаецца і ператвараецца ў турму. Але вялікі без маленькага — паступова расьце, расьце і ператвараецца ў халодны безжыцьцёвы космас...

Між тым, я марна спрабую знайсьці ў нашых «сьвядомых» выданьнях , у тым ліку і ў «Нашай Ніве», прыкметаў глыбокай зацікаўленасьці такой усё яшчэ спэцыфічнай зьявай, як беларуская сям’я. Зрэдзьчас нешта падобнае праблісквае скрозь допісы Натальлі Бабінай ці Ганны Матусэвіч, скрозь некаторыя прыватныя абвесткі — менавіта праблісквае, як сонца праз заледзянелае вакно. Але як гэтага мізэрна мала, спадарове! Беларускія літаратары дагэтуль наракаюць, што цяжка пісаць паўнавартасныя творы, бо няма гарадзкой беларускай рэальнасьці. А ў якой рэальнасьці, цікава, мы жылі ўсе гэтыя дваццаць гадоў — знаёміліся, жаніліся, дзяцей выхоўвалі, з мужам сварыліся, сьвяты сьвяткавалі? Пэўна ж, не ў віртуальнай... І калі б хто задаўся мэтай сабраць усё, што панастворана ды панапрыдумляна ў нашых беларускіх сем’ях, думаю, кожны з нас знайшоў бы, чым падзяліцца. Бо кудысьці ж павінен быў пераліцца той шалёны творчы патэнцыял, што кіпяціў нам кроў у маладыя гады!

Празь якіх гадоў пяць былыя майстроўцы імкліва пачнуць рабіцца бабулямі ды дзядулямі. Не кажу, што самы час сядаць за мэмуары, але файна было б пакінуць у спадчыну наступным генэрацыям сёе-тое зь неафіцыйнай, прыватнай, сямейнай нашай беларушчыны. Няхай нават яны гэта назавуць досьведам мінулага тысячагодзьдзя.

Віялета Кавалёва


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0