Сышла іншая эпоха

Памёр Яўген Глебаў, аўтар балетаў «Выбраньніца», «Альпійская баляда», «Тыль Уленшпігель», «Маленькі прынц», «Курган»

 

Ягоны «Тыль Уленшпігель» яшчэ зь дзяцінства заварожваў мяне сваёй яркасьцю і вобразамі. Але для мяне асабіста Глебаў зьвязваецца найперш з той мэлёдыяй, якая спачатку загучала ў фільме «Дзікае паляваньне караля Стаха» і цудоўна агучыла прозу Караткевіча. Яе ўнівэрсальны чалавечы лірызм спалучаецца зь нечым вельмі блізкім, вельмі беларускім адчуваньнем сваёй зямлі, са шчымлівым, мудрым і ўсё ж аптымістычным адчуваньнем беларускага лёсу. Для іншых — іншае.

 

Пятро Вандзілоўскі, дырыжор юбілейнага канцэрту ў філярмоніі, прысьвечанага 70-м угодкам кампазытара (апошняга прыжыцьцёвага канцэрту Я. Глебава):

«Музыка Глебава — гэта ўжо клясыка, гэта іншая эпоха, якая, на жаль, адышла. У яго наступнікаў эстэтыка памянялася, яны больш дасьледуюць складаныя псыхалягічныя станы, часта нейкія страшныя фантасмагарычныя рэчы, часам кантакты зь нейкімі цёмнымі сіламі. І цяпер асабліва кантрасна выглядае музыка Глебава, зь якой я зьвязваю асаблівую дабрыню, нейкую цеплыню, адчуваньне вялікага аптымізму.

У Глебава нават у вельмі напружанай музыцы, напрыклад, у «Альпійскай балядзе» праглядаецца нейкае чалавекалюбства і аптымізм. Такім чынам, мы страцілі такога чалавека і такую асобу, якая несла ў сабе цэлы сьвет аптымізму і сьветлыні.

Аркестар Глебава — гэта надзвычай пышны аркестар, у вялікім складзе. Ад музыкаў патрабуецца добрая падрыхтоўка і дакладнасьць выкананьня ўсіх элемэнтаў партытуры. Ягоная музыка мае абсалютную пралічанасьць формы, абсалютную яснасьць музычнага вобразу і абсалютную прадуманасьць характару і інтанацыяў.»

 

Анатоль Зарубка, пецярбурскі кампазытар, навучаўся ў беларускай кансэрваторыі:

«Глебаў застанецца наватарам, які асьвяжыў, прасьвятліў стыль беларускай савецкай музыкі».

 

Надзея Бунцэвіч, музыказнаўца:

«У яго надзвычай адметная аркестроўка. Але яна ня проста мае тыя ці іншыя асаблівасьці, яна настолькі яркая і настолькі дэмакратычная, што вабіць да сябе ўсіх тых, хто нават ня вельмі добра ставіцца да музыкі акадэмічнай. Менавіта ягоная аркестроўка далучыла да беларускай музыкі многіх з тых, хто яе раней увогуле не заўважаў.

Яўген Глебаў працаваў практычна ва ўсіх жанрах, але галоўным мне здаецца тое, што зь ягоным імем адкрылася зусім новая пэрспэктыва ў беларускім балеце. Найперш гэта былі яго харэаграфічныя навэлы, сярод якіх найбольш вядомыя, пэўна, яго «Мушкетэры», якія і сёньня вельмі папулярныя. А потым — шматлікія балеты: «Мара», «Выбраньніца», «Альпійская баляда», сярод якіх я хацела б вылучыць найперш «Тыля Ўленшпігеля». Гэта быў першы балет, які быў пастаўлены ня толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі, у Фінляндыі. У Гельсынках любілі гэты бліскучы твор, пацьверджаньнем чаго сталася пастаноўка крыху пазьней яшчэ і «Маленькага прынца» на гэтай жа сцэне».

 

Анатоль Багатыроў, кампазытар, народны артыст СССР, народны артыст Беларусі, прафэсар:

«Глебаў вучыўся ў мяне 6 гадоў вельмі выдатна. Прыйшоўшы ў кансэрваторыю без аніякай падрыхтоўкі (нават ня ведаў нотаў), ён стаў вялікім майстрам. Глебаў быў вельмі рацыянальны. Цікавіўся аркестроўкай і аркестраваў выдатна, бліскуча. Калі ён свае творы паказваў у Маскве, ім вельмі зацікавіўся Шастаковіч, запрашаў да сябе дадому і прапаноўваў паступаць у асьпірантуру, абяцаў усялякую падтрымку, але Глебаў чамусьці адмовіўся».

Аляксей Фралоў


Яўген Глебаў (10.09.1929, г. Рослаў Смаленскай вобл. — 12.01.2000, Менск), кампазытар і пэдагог. Народны артыст СССР (1984), народны артыст БССР (1973). Член КПСС з 1977. Скончыў Беларускую кансэрваторыю (1956). Выкладаў у Менскай музычнай вучэльні і Беларускай кансэрваторыі. Галоўныя жанры, у якіх ствараў, — сымфонія, балет, вакальна-сымфонічныя творы і іншыя.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0