каляндар

Горын, што адмовіўся ад прозьвішча Каляда

 

На мінулым тыдні беларуская навуковая грамадзкасьць мела нагоду адзначыць 100 гадоў з дня нараджэньня беларускага гісторыка Паўла Горына. На будынку Інстытуту гісторыі ўрачыста адкрылі памятную шыльду. Што мы ведаем пра чалавека, які ў 31 год здолеў стаць Прэзыдэнтам Беларускай Акадэміі Навук?

 

Павал Горын (сапраўднае ягонае прозьвішча Каляда) нарадзіўся ў сялянскай сям’і ў мястэчку Картуз-Бяроза пры канцы ХІХ ст. Пад час першай сусьветнай вайны разам з бацькамі апынуўся ў эвакуацыі ў гарадку Арзамас. Эвакуацыя прадвызначыла ўвесь далейшы лёс гэтага чалавека. Менавіта тут ён захапляецца бальшавіцкай ідэалёгіяй і ўжо ў 1918 г. «уліваецца» ў шэрагі Усерасейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў) і далучаецца да пабудовы новага сьвету. У 1919 г., пасьля адступленьня зь Беларусі кайзэраўскіх войскаў, Горын вяртаецца на радзіму і становіцца сябрам Картуз-Бярозаўскага валаснога рэвалюцыйнага камітэту, узначальвае тамтэйшую валасную партыйную ячэйку. Празь некаторы час, адслужыўшы ў Чырвоным войску на пасадзе палітработніка, займае пасаду камэнданта Пружанаў (і гэта ў дваццацігадовым веку).

Як ні дзіўна, але Паўла Горына не задавальняла прафэсійнае рэвалюцыянэрства, да таго ж, новая ўлада давала ўнікальныя магчымасьці «кухарчыным дзецям» здабыць адукацыю. І Горын разумее, што лёс дае яму шанец, які трэба скарыстаць. Ён сканчае Камуністычны ўнівэрсытэт імя Якава Сьвярдлова. Але і «простая» вышэйшая адукацыя не задавальняе маладога чалавека, бо ён паступае ў Інстытут чырвонай прафэсуры, дзе знаёміцца зь Міхаілам Пакроўскім, выдатным савецкім гісторыкам, які шмат зрабіў для станаўленьня марксісцкіх поглядаў у расейскай гістарыяграфіі. Пакроўскі значна паўплываў на станаўленьне навуковых поглядаў будучага гісторыка.

Па сканчэньні Інстытуту чырвонай прафэсуры ў 1925 г. пачынаецца навуковая кар’ера Паўла Горына. Напачатку ён — член рады і вучоны сакратар Таварыства гісторыкаў-марксістаў, паралельна выконвае абавязкі намесьніка галоўнага рэдактара гістарычнага часопіса з характэрнай для таго часу назвай «Пралетарская рэвалюцыя».

Але надышоў 1929 год… У Беларусь прыйшла першая хваля масавых палітычных рэпрэсіяў.

4 лютага 1931 г. застрэліўся, ня вытрымаўшы абвінавачваньняў у нацыянал-дэмакратызме, першы прэзыдэнт Беларускай Акадэміі Навук Усевалад Ігнатоўскі (які, як і Каляда, быў родам зь Берасьцейшчыны). Прабіў час «новых савецкіх гісторыкаў». Павал Горын прызначаецца на пасаду Прэзыдэнта АН. Здавалася, што найлепшае кандыдатуры было не знайсьці: выхадзец зь сялянскае сям’і, член бальшавіцкае партыі, рэвалюцыйнае мінулае, ды і ягоныя навуковыя працы не маглі выклікаць абвінавачваньняў у нацыяналізме («Пролетариат в 1917 г. в борьбе за власть», «Таблицы по истории ВКП(б) и революционного движения в России»).

Горын заняў прэзыдэнцкую пасаду ў час зацішша паміж магутнымі хвалямі рэпрэсіяў. Талент арганізатара і вялікая энэргія Горына нямала паспрыялі далейшаму станаўленьню АН у прафэсійным сэнсе. Аднак, нечакана ў 1936 г. П.Горын пераводзіцца на іншую пасаду — загадчыка катэдры гісторыі СССР Маскоўскага ўнівэрсытэту. Гэта было відавочнае паніжэньне, пачатак канца.

23 жніўня 1937 г. Павал Горын быў арыштаваны і 25 красавіка 1938 г. прысуджаны да найвышэйшай меры пакараньня. Прысуд быў выкананы 5 лютага 1939 г.

Павал Горын (Каляда) чакаў зьдзяйсьненьня прысуду дзевяць месяцаў. Пра што ён думаў? Пра несправядлівасьць абвінавачваньня? А можа сапраўды паверыў, што контррэвалюцыянэр? Нават самая адданая служба рэжыму не ратавала. Любую адданасьць перамагала вера ў данос.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0