Новая эскаляцыя экспансіі Адамчыкаў
У Вільні днямі ў галерэі «Amatininku» адкрылася чарговая выстава Алены Адамчык. Фотамастачка не стамляецца ўражваць Вільню, места свайго дзяцінства. Ці то дзякуе, ці то іранізуе...
Гэтым разам экспазыцыя сьціплая памерамі, але кожны здымак — нібы правакацыя. За кожным зь іх стаяць свае сэрыі, кожная зь якіх магла б скласьці асобную выставу. Тут і партрэт дачкі, што ўцягвае вас у інтэлектуальны двубой. Тут і ўспамін зь міжземнаморскага Січазу. Або самотны здымак самотнае дзяўчыны, што ўпрыгожвае вокладку апошняга нумару часопіса «Arche», толькі ў маштабе мэтар на паўмэтры...
На адкрыцьці выставы прысутнічалі беларускія дыпляматы, літоўскія журналісты й багата мастакоў, беларусаў і літоўцаў, якіх злучыла мастацтва Алены Адамчык.
С.Х.