Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

У.Арлоў, Г.Сагановiч. Дзесяць вякоў беларускай гiсторыi (862—1918): Падзеi. Даты. lлюстрацыi. — Вiльня: Наша Будучыня, 1999. — 223 с. — Наклад 5000 ас. ISBN 986-9219-8-8

Гэтая кнiга мусiла выйсьцi некалькi гадоў таму ў Менску, цяпер нарэшце выдадзеная ў Вiльнi й будзе добрым падарункам ня толькi малым беларусам — каму яна найперш адрасаваная, але i ўсiм любцам роднае мiнуўшчыны. На карысьць гэтага сьведчаць i аўтары кнiгi.

С.Асiноўскi. Менск: Даведнiк. — Менск: Полымя, 1999. — 144 с.: iл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-0205-2

У дадатак да зялёнае беларуска-ангельскае вэрсii гэтае кнiгi выпушчаная беларуска-нямецкая — сiняга колеру й чамусьцi трохi таньнейшая.

Ё.-В.Гётэ. Выбраныя творы/ Укладаньне, прадмова Л.Баршчэўскага i П.Копанева, камэнтары Л.Баршчэўскага i В.Сёмухi. — Менск: Беларускi кнiгазбор, 1999. — 640 с., (2) арк. iл. — (Беларускi кнiгазбор: БК. Сэрыя 3, Замежная лiтаратура). — Наклад 3500 ас. ISBN 985-6318-55-6

Гэтая кнiга ня толькi першае пасавецкае ды найпаўнейшае выданьне твораў Гётэ ў беларускай мове, але й першая кнiга новае сэрыi «Беларускага кнiгазбору», дзе маюць выдавацца тамы замежнае клясыкi ў беларускiм перакладзе. Упершыню ў выданьнi зьмешчаны раман «Пакуты маладога Вэртэра» ў перакладзе Лявона Баршчэўскага й лiбрэта Антона Радзiвiла да ягонае опэры «Фаўст». «Беларускi кнiгазбор» узяўся за выдаваньне замежнае клясыкi ў тым часе, як выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» ўжо ня цешыць надзеяй на працяг сэрыi «Скарбы сусьветнай лiтаратуры».

Л.Маракоў. Валеры Маракоў: Лёс, кронiка, кантэкст. — Менск: Беларускi кнiгазбор, 1999. — 192 с. — Наклад 100 ас. ISBN 985-6318-47-5

Заможны нашчадак паэта Валерага Маракова, папрацаваўшы ў архiвах ФСБ, выдаў на глянцавай паперы (sic!) усяго 100 асобнiкаў кнiгi пра свайго продка зь вялiкай колькасьцяй рэдкiх фотаздымкаў iншых беларускiх творцаў, набытых аўтарам у архiвах расейскiх спэцслужбаў. Калi вы маеце цяперашнiя тры тысячы, дык зьвярнецеся ў выдавецтва, дзе можна дамовiцца аб набыцьцi гэтага рарытэту.

А.Марцiновiч. У часе прасьветленыя твары / Гiстарычныя эсэ, нарысы. — Менск: Полымя, 1999. — 448 с.: iл. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-07-0297-4

Гэтая кнiга ёсьць працягам двухтомавiка «Адкуль мы, адкуль…». Перад чытачом паўстаюць вядомыя й амаль забытыя постацi беларускае мiнуўшчыны. Для любцоў гiстарычных кнiг.

Н.Мацяш. Душою зь небам гаварыць: Выбраная лiрыка. — Менск: Мастацкая лiтаратура, 1999. — 462 с. — (Беларуская паэзiя 20 ст.). — Наклад 2000 ас. ISBN 985-02-0438-9

Нарэшце выйшаў зборнiк выбраных твораў белаазёрскай паэткi ў «залатой сэрыi» беларускае клясыкi ХХ ст. Кнiга, праўда, каштуе не малыя грошы — блiзу колiшняга мiльёну, у выдавецтве таньней.

А.Сержпутоўскi. Казкi й апавяданьнi беларусаў-палешукоў/ Мастак В.Мiшчанка. — Менск: Унiвэрсытэцкае, 1999. — 191 с. — Наклад 3000 ас. ISBN 985-09-0304-Х

Гэта першае па 1911 г. перавыданьне фальклёрнага зборнiку, у якiм зьмешчаныя лепшыя ўзоры народнае казачнае прозы насельнiкаў паўночнае Мазыршчыны й паўднёвае Случчыны. Кнiга ёсьць працягам падобнага выданьня пра забабоны й прымхi палешукоў.

Чытаў кнігі Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0