Лісты ў рэдакцыю

 

Калядныя згадкі

На Куцьцю зранічкі мама пякла скаромныя й посныя булкі й смачныя коржыкі на ёлку, якіх, як і нічога скаромнага, нельга было есьці нават дзецям аж да Раства. Мама з дапамогай дзяцей рыхтавала сьвятую вячэру. Пад вечар, як на небе паказалася вялікая зорка, дарэчы, зорка Вэнэра, якая паказвала мудрацам і пастушкам месца, дзе нарадзіўся Хрыстос, рыхтавалася сьвятая вячэра, якая называецца Куцьця. Тата ў рэсках прыносіў з клуні сена, раскладаў яго на стале, мама засьцілала на сена белы абрусак. У гэткі спосаб рабіліся ясьлі для дзіцятка-Хрыста. На так засланы стол ставілася дванаццаць посных страваў. Тут была смажаная ў муцэ рыба, намочаныя ў жытнім квасе селядцы, прыстроеныя скрыльцамі цыбулі, смажаныя ўюны, ламанцы з макам і цукрам, ячменная з цукрам і макам куцьця, вараныя сушаныя грушы, яблыкі ды розная садавіна. Каб сустрэць сьвята, была й бутэлька «чыстае», і вішнёвы сок для дзяцей. (Гарэлка ў нас у хаце бывала толькі на Каляды, Вялікдзень і калі трэба было піць барыш, а гэта калі нешта вялікае куплялася, як конь ці карова, ці прадавалася.) Перад вячэрай мы, дзеці, павінны былі ўсе чародкай перад сьвятымі абразамі стаць на калені і ўголас гаварыць малітвы, найважнейшая зь якіх для нас была малітва «за ўпакой» нашых дзядоў. Бацькі маліліся стоячы, паціху. Пасьля малітвы ўсе сядалі кругом за сталом за вячэру. У часе вячэры пад вокны прыходзілі калядоўшчыкі. Тады адвешвалі з вакна занавеску, каб добра бачыць прыгожую зорку або цікавую батлейку. Калядоўшчыкі пяялі калядку, пасьля якое адзін зь іх голасна рэцытаваў прывітаньні са сьвятамі й найлепшыя пажаданьні гаспадарам і сям’і, за гэта калядоўшчыкам выносіліся падарункі ў форме грошаў. Калядоўшчыкаў за вечар прыходзіла некалькі групаў з рознымі зоркамі, рознымі калядкамі. Кожная група старалася, каб іхная зорка была найпрыгажэйшай, каб найпыгажэй пяяць. Пад канец вячэры запальвалі мы на ёлцы сапраўдныя каляровыя сьвечкі. Яны былі выразам хвалы нованароджанаму Ісусу Хрысту. Гэта быў урачысты й радасны момант. Із захапленьнем глядзелі мы на, так сказаць, сваё мастацтва! Прыгожа аздобленую намі, нашымі цацкамі, асьветленую рознаколернымі пахучымі сьвечачкамі, ялінку. Ёлка і ўсё было такое прыгожае, сьвяточнае, што агромная радасьць напаўняла дзіцячае — ды ня толькі дзіцячае — сэрца й душу. Вось у чым ёсьць сэнс і значэньне рэлігійных сьвятаў.

Па вячэры ўсе ішлі на адпачынак, каб бацькам і старэйшым дзецям на чацьвёртую гадзіну ранічкі схадзіць у царкву сустракаць і аддаць Славу нованароджанаму Збаўцу. І гэта таксама было нештодзённай урачыстасьцю. У царкве гарэла ўсё электрычнае сьвятло й маса агеньчыкаў васковых сьвечак у падсьвечніках. Добры хор заліваў увесь храм урачыстым пяяньнем і невымоўнай радасьцю напаўняў душы вернікаў, што шчыльна запаўнялі сьвятыню.

Неба й зямля, неба й зямля
Радасна сьпяваюць.
Анялы сьвету, анялы сьвету
Дзіва абвяшчаюць:
Хрыстос нарадзіўся, Бог аб’явіўся!
Анялы спяваюць, пастушкі іграюць,
Дзіва, дзіва абвяшчаюць.
І мы сягоньня, і мы сягоньня
Славу Богу дайма
Хрысту-Дзіцятку, Хрысту-Дзіцятку
Дружна засьпявайма:
Хрыстос радзіўся, Бог аб’явіўся!
Анялы сьпяваюць, пастушкі іграюць,
Дзівы, дзівы абвяшчаюць.

Так яно калісь бывала... да 1939 году.

Раіса Жук-Грышкевіч, Таронта

 

Свой свая не пазнаша

Мабыць, нармалёва ў нас доўга ня будзе. Вось які выпадак здарыўся ў нас на працы. Пасьля Калядаў (праваслаўных) лекарка не знайшла ў трупярні нябожчыка, па якога прыехалі сваякі. Глядзіць: ляжыць нейкі дзед. Аказалася, што маладзейшага, гадоў пад сорак — зьвязьлі пад Сьветлагорск сёстры (!!!). Замест свайго брата пахавалі, выпілі гарэлкі і зьелі кавалак кабана (мусіць). Вось такое было у нас, у супрацьсухотавай бальніцы. Служба нашая вінная, канечне — нельга выдаваць з трупярні ў любы час, асабліва вечарам, бязь лекара ці хаця б сястры з аддзяленьня. Але паблытаць сваяка могуць толькі людзі з глыбокім парушэньнем розуму. Мала тых сьветлагорцаў «Беркут» сыбірскі біў.

Андрэй Коржыч, Гомель

 

Слава Прапойску ня горшая

Пасьля артыкула пра Сьветлагорск дасылаю вам гэты маленькі ліст наўздагон — пра лепшыя гарады Беларусі. Так адкажу спадарству. Як да гэткага вызначэньня, дык найлепшае места Краю — мой каханы Прапойск. У Прапойску няма статуі Леніна, нікуды яго і не прыбіралі — правадыра тут аніколі не стаяла. А гэта ж райцэнтар. Але Бог зь ёй, статуяй. Прапойску ёсьць чым ганарыцца. Ніколі ў знанай гісторыі ён ня быў сялом. А гісторыя ў места Прапойска — куды там Шацілавічам з Мар’інай Горкай! А выбітныя асобы! Дырэктары ўсякія побач не стаўляй. Чым вядомыя паспольству Шацілавічы, Бабруйск альбо Гомель? Каб адным сказам. А вось Ілжэзьмітра-ІІ, знакамітага тушынскага вора, ведае кожны шкаляр. Выбітны Прапойск. Абставіў маскалёў. А за апошняй вайной места абставілі ўжо маскалі. Так яго і мянуюць — Слаўнае. І ня могуць адшукаць на мапах славутага места Прапойскага.

Алесь Шэд, Менск

 

Зь Сёмкавага Гарадка

У жыцьці нашага Сёмкавага Гарадка зьмены пачаліся, калі Бог глянуў у наш бок. Першымі зьявіліся ў нас баптысты. Нягледзячы на моцную фінансавую іх падтрымку, толькі чатыры двары зьяўляюцца актыўнымі прыхільнікамі пратэстанцкага веравучэньня. А вось з прыходам сьвятароў Беларускай Праваслаўнай Аўтакефальнай Царквы пад кіраўніцтвам Уладыкі Пятра (Гушчы) адразу зьявілася шмат прыхільнікаў. Па суботах і нядзелях шмат хто працаваў на царкве: разьбіралі завалы, падрыхтавалі месца для службы, маліліся, слухалі казані. Самае дзіўнае, што і пратэстанты, і каталікі прыхільна паставіліся да беларускіх праваслаўных сьвятароў.

Сытуацыю ў Сёмкавым гарадку можна ў нейкай ступені спраектаваць на ўсю Беларусь. Расейская Праваслаўная Царква, якой улада надае першасную ролю ў Беларусі, не выконвае духоўнай ролі. Сваімі дзеяньнямі яна наносіць шкоду менавіта праваслаўю.

Беларускую ж Праваслаўную Аўтакефальную Царкву перасьледуюць, але гэта, лічу, да пары, пакуль ня зьменім уладу ў краіне.

Грынцэвіч Н., в.Сёмкаў Гарадок


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0