Кожны соты беларус — азіят ці афрыканец

«Паводле інфармацыі беларускіх праваахоўных органаў, у Беларусі цяпер знаходзіцца 100.000 нелегальных мігрантаў з Азіі й Афрыкі», — паведаміла на мінулым тыдні літоўская «Respublika». Гэта значыць, на кожных сто жыхароў Беларусі прыпадае адзін нелегальны азіят або афрыканец.

 

Літоўцы штогод вылоўліваюць сотні гэткіх мігрантаў, якія прыбываюць зь Беларусі. Летась там быў затрыманы 261 нелегал. На кожнага выяўленага, мяркуюць, прыпадаюць тры незатрыманыя.

Да нас нелегалы прыбываюць з Азіі й Афрыкі й шукаюць магчымасьцяў зьехаць далей на Захад. Беларускія навукоўцы сьцьвярджаюць, што і гэтая лічба нелегалаў — заніжаная. Паводле аналізу інстытуту «Белінфармпрагноз», яшчэ два гады таму колькасьць нелегалаў магла вагацца ад 300.000 да паўмілёну чалавек! Зь іх афіцыйны статус уцекачоў на сёньня атрымалі толькі 269 іншаземцаў: 204 аўганцы, 31 грамадзянін Грузіі, 18 — Эфіёпіі, 12 — Таджыкістану, 3 азэрбайджанцы й адзін індус.

Дзе ж астатнія? Для астатніх Беларусь (як і Літва) — толькі часовы прыпынак, а канчатковая мэта — Заходняя Эўропа. Таму й прасілі беларускага віду на жыхарства толькі 780 замежнікаў. Астанія «проста» жывуць. Дзе? У першую чаргу, у прыватным сэктары і ў мікрараёнах буйных гарадоў, дзе на іх менш зьвяртаюць увагі. А таксама ў «чарнобыльскіх» раёнах, дзе іхнаму зьяўленьню радыя тамтэйшыя ўлады. Бо дамы й так пуставалі, а рабочых рук бракуе. Гэтым людзям, што ўцяклі ад войнаў і нэндзы, ня плоцяць, бо... далі магчымасьць жыць. У сваю чаргу, ня маючы прапіскі, яны ня маюць шанцаў нешта патрабаваць ад уладаў. Ні мэдыцынскае абслугі, ні адукацыі, ні пэнсіяў.

Яшчэ цяжэй зь іншымі катэгорыямі нелегалаў, якія у розны час прыехалі да нас з Расеі. Напрыклад, з курдамі, віетнамцамі, карэйцамі й кітайцамі, якія валодаюць расейскай моваю, але маюць разгалінаваныя транснацыянальныя структуры й жорсткую сістэму ўзаемападпарадкаваньня. Менавіта гэтыя этнічныя групы маюць непарыўныя кантакты па ўсім сьвеце й найчасьцей зьвязаныя з крыміналам. Іх выяўляць найцяжэй.

Ёсьць яшчэ нелегалы: уцекачы з найбяднейшых краінаў — гэткіх, як Эфіёпія ці Аўганістан. Дэпартаваць іх зь Беларусі амаль немагчыма. Ня маюць сродкаў. Напрыклад, першыя аўганцы ўцякалі ад «рэвалюцыі», пасьля ўцякалі памагатыя Кармаля й Наджыбулы, а цяпер да нас бягуць ужо ўчорашнія душманы — ад талібаў. Многія сталі ахвярамі ашуканцаў, якія абяцалі ім ад’езд далей, паадбіралі горшы й кінулі. Яны баяцца ўсяго — сваіх суайчыньнікаў, беларускіх уладаў, тутэйшых крымінальнікаў. У дадатак, яны ня ведаюць мовы й ня маюць шанцаў зарабляць. І самае істотнае, што выпраўляць іх няма куды, бо на радзіме ім пагражаюць расправамі.

Нарэшце, самая праблемная катэгорыя — «легальныя» нелегалы, грамадзяне суседніх краінаў былога СССР. Яны — «госьці», якія жывуць у Беларусі гадамі. Напрыклад, які-небудзь грамадзянін Расеі з Латвіі, які атрымлівае вялікую расейскую вайсковую пэнсію, дамаўляецца са знаёмымі дзе-небудзь у Кобрыне і... будуе сабе тут дом, займаецца гаспадаркаю і жыве па тутэйшых мерках заможна. Ясна, ні пра падаткі, ні пра віды на жыхарства гаворкі няма. Госьць. Альбо — прыяжджаюць з Малдовы да сваякоў, жывуць тут і займаюцца гандлем садавіны. Яшчэ госьці. Дадайце гасьцей з Каўказу. Яны, фармальна не беручы ўдзелу ў эканамічным і культурным жыцьці краіны, між тым, істотна ўплываюць на палітычны клімат. Бо іхныя грошы й рукі — даход камусьці са сваякоў ці знаёмых, а сытуацыя жыцьця ў краіне без нацыянальных інтарэсаў, без законаў і правілаў для іх — амаль шчасьце. Гэта ім была патрэбная дамова пра роўнасьць суб’ектаў гаспадараньня.

Першым крокам да ўпарадкаваньня сытуацыі, якая нам, як і жыхарам Заходняе Эўропы, пагражае катаклізмамі, мусіла б стаць рэальная мяжа з Расеяй, адкуль да нас безь перашкодаў трапляе хто заўгодна, і дамова аб рэадмісіі, паволе якое нелегал вяртаецца за тую мяжу, адкуль прыбег. Гэта азначала б, што тысячы азіятаў ды афрыканцаў былі б вернутыя ў Расею. Тады Беларусь не прываблівала б іх як транзытная база. Пакуль гэтага няма, колькасьць «нічыйных» людзей у нас будзе прырастаць. І вырашаць гэтую праблему з кожным годам будзе ўсё цяжэй.

Гары Куманецкі