Памяці беларускага экзарха

Некалі магутнае беларускае ўніяцтва было растаптанае расейскім самадзяржаўем у 1839 г. Здавалася, ідэя уніі (грэка-каталіцтва) пахаваная ў Беларусі назаўсёды...

 

27 студзеня (старога стылю) 1893 г. у Сакольскім павеце ў беларускай каталіцкай сям’і Неманцэвічаў нарадзіўся хлопчык, якога ахрысьцілі Антонам. Ён зь дзяцінства марыў стаць сьвятаром. У 1915 г. мара ажыцьцявілася, калі яго пасьвяцілі ў ксяндзы.

Падчас душпастырскай працы ў 20-я г. у Маскве з ксяндзом А.Неманцэвічам адбыўся цікавы выпадак, пра які распавядае айцец Леў Гарошка ва ўніяцкім эмігранцкім часопісе “Божым шляхам”. У першыя гады савецкай улады бальшавікі наладжвалі рознага кшталту публічныя дыспуты, у тым ліку і на рэлігійныя тэмы. А.Неманцэвіч разам з праваслаўным сьвятаром Бароўскім дыскутавалі з наркамам асьветы Луначарскім. І Луначарскі прайграў. Дарэчы, пасьля дыспуту хтосьці спытаўся ў а.Бароўскага: “Чаму вы выступалі салідарна з каталіцкім сьвятаром?”, на што той заўважыў, што супольны вораг аб’ядноўвае нават непрымірымых тэолягаў.

Празь некаторы час бальшавікі арыштавалі айца Неманцэвіча і кінулі яго ў вязьніцу. Аднак напачатку 1925 г., шляхам абмену палітвязьняў паміж СССР і Польшчай, ён вызваляецца і пераяжджае ў Заходнюю Беларусь, дзе цалкам прысьвячае сябе ўніяцкаму руху. Як зазначае дасьледчык уніяцкага руху Сяржук Абламейка, айцец Неманцэвіч прымае ўсходні абрад, удзельнічае ў заснаваньні ўніяцкіх парафіяў, выдае часопіс “Да злучэньня”.

У 1939 г. вайна застае ксяндза Неманцэвіча ў Варшаве. Але ён вяртаецца ў Заходнюю Беларусь, каб быць зь вернікамі. Саветы, якія прыйшлі сюды пасьля палякаў, зьнішчалі ўсё, што пярэчыла іхнай ідэалёгіі: зачынялі і грэка-каталіцкія парафіі, арыштоўвалі сьвятароў, а тыя, хто ацалеў, дзеілі ў нелегальных умовах.

Каб пазьбегнуць канчатковага вынішчэньня грэка-каталіцтва, Львоўскі ўняцкі мітрапаліт Андрэй Шаптыцкі ў траўні 1940 г. прымае рашэньне пра заснаваньне на землях былой Расейскай імпэрыі чатырох грэка-каталіцкіх экзархатаў. Сярод іх быў і Беларускі Экзархат, які ачоліў Антон Неманцэвіч. Усталяваньне Экзархату ставіла ўніяцкую царкву ў выгаднейшую пазыцыю ў параўнаньні з праваслаўнай і рыма-каталіцкай, бо надзяляла беларускіх уніятаў значнай аўтаноміяй. Да таго ж, беларускі экзарх, як духоўны прадстаўнік беларускага народу, мог выступаць ад ягонага імя ў Ватыкане.

Парадаксальна, але разгарнуліся беларускія грэка-каталікі толькі ў часе нямецкай акупацыі. У сакавіку 1942 г., пасьля доўгіх ваганьняў, нямецкія ўлады даюць дазвол на легальнае існаваньне Экзархату. На Вялікдзень, 5 красавіка 1942 г. айцец Антон урачыста абвяшчае пра гэта ў адмысловым пастырскім лісьце да беларускага народу.

Аднак незалежніцкая пазыцыя айца Неманцэвіча не задавальняла фашыстаў. 5 жніўня 1942 г. ён пасьля шматлікіх папярэджаньняў з боку акупантаў быў арыштаваны СД і празь некаторы час забіты ў гітлераўскіх катоўнях. Так скончыўся зямны шлях аднаго з найлепшых сыноў беларускага народу, які ахвяраваў жыцьцём дзеля вернікаў і дзеля сваёй Айчыны — Беларусі.

Алег Гардзіенка,
Грамадзкае аб’яднаньне “Дыярыюш”