Belgie ці Belgique?

 

Гісторыя

Бэльгія ўзьнікла нядаўна — у 1831 годзе на Лёнданскай канфэрэнцыі. Францыя, Прусія ды Ангельшчына ніяк не маглі падзяліць гэты лапік зямлі. Каб не спрачацца, вырашылі стварыць новую краіну. Тэрыторыю адабралі ў Галяндыі, караля прыслалі зь Нямеччыны, далі Канстытуцыю кшталту францускай 1791 году ды новае імя. Назва «Бэльгія» старая — яшчэ кронікі дванаццатага стагодзьдзя згадваюць пра легендарнага караля Бэльгуса. Аднак большасьць жыхароў краіны атаясамлівае сябе ня з Бэльгіяй, а з той мясьцінай, дзе яны жывуць.

 

Мовы

У Бэльгіі ніхто не размаўляе па-бэльгійску. Такой мовы папросту няма. У краіне пануе дзьвюхмоўе — на поўначы (у Фляндрыі) кажуць па-галяндзку, на поўдні (у Валёніі) — па-француску. Тых, хто размаўляе па-галяндзку, у паўтары разы болей за франкафонаў. Брусэль, афіцыйна дзьвюхмоўная сталіца, насамрэч зьяўляецца франкамоўным анклявам у «галяндзкім» сэктары Бэльгіі — 85 адсоткаў жыхароў сталіцы размаўляюць па-француску. Падзел ідзе здаўна і адпавядае старой лініі паміж землямі, што калісьці належалі Францыі ды Галяндыі.

Паводле Канстытуцыі 1831 году кожны жыхар Бэльгіі мог карыстацца любой мовай. У жыцьці ўсё было ня так — тыя, хто жадаў размаўляць па-галяндзку, былі ў вельмі невыгодным становішчы. Мовай ураду ды судоў была француская, уся адукацыя была выключна франкамоўнай. Жыхары поўначы нават ня мелі права галасаваць на выбарах. Атрымалі яны такое права толькі праз шэсьцьдзесят гадоў пасьля ўтварэньня краіны. Але лепш позна, чым ніколі — у 1913 годзе галяндзкай мовай дазволілі карыстацца ў справаводзтве ды ў школах, а яшчэ праз дваццаць гадоў вывучэньне галяндзкай мовы ў паўночных флямандзкіх правінцыях зрабілі абавязковым. Утварэньне дзвюх аднамоўных тэрыторыяў у межах адной краіны, злучаных адно толькі гузікам Брусэля, стала немінучым.

 

Палітыка

Новаўтвораная Бэльгія была ўнітарнай краінай, але ніякай унітарнасьці не атрымалася. Канстытуцыю бесьперапынна зьмянялі. Урэшце краіна зрабілася фэдэрацыяй. Цяпер у Бэльгіі ёсьць тры «рэгіёны» — Фляндрыя, Валёнія ды Брусэль. Кожны зь іх мае свой уласны парлямэнт (гэта ў дадатак да нацыянальнага). Рэгіёны падзяляюцца на пяць правінцыяў кожны. Яшчэ ёсьць тры «грамады» — галяндзкамоўная, франкамоўная ды нямецкамоўная (каля 65 тысяч чалавек, якія жывуць ва ўсходняй Валёніі каля мяжы зь Нямеччынай). І ў гэтых ёсьць асобныя парлямэнты.

Флямандцы патрабуюць, каб цэнтральныя ўлады аддалі рэгіёнам кіраваньне судамі, падаткамі ды сацыяльным забесьпячэньнем. Калі гэта спраўдзіцца, стане незразумелым, нашто ўвогуле патрэбная цэнтральная ўлада. Падваілася ня толькі краіна ці мова: усе галоўныя партыі — Хрысьціянскія дэмакраты, лібэралы ды сацыялісты існуюць у двух варыянтах — флямандзкім ды валёнскім (то бок галяндзка- ці франкамоўным).

 

Крыўды

Моўная вайна асабліва моцна запалала ў нашым стагодзьдзі, у шасьцідзясятыя. Змаганьне ішло ўжо за права не размаўляць. Сьцены Лювэнскага ўнівэрсытэту, што месьціцца ў флямандзкім рэгіёне, трэсьліся ад воклічаў «Walen buiten!» («Валёнцы, прэч!»). Цэгла вытрымала, а людзі — не. Франкамоўныя выкладчыкі ды студэнты падаліся на поўдзень, дзе заснавалі ўнівэрсытэт «Лювэн-новы». З сабой яны прыхапілі палову ўнівэрсытэцкай бібліятэкі.

Гэтыя падзеі, якія й цяпер добра памятаюць франкафоны, давялі ўрад да адстаўкі. А вось флямандцы памятаюць іншае. Штогод 29 жніўня яны зьбіраюцца ў Дыскмуйдэ — мястэчку ў заходняй Фляндрыі — каб узгадаць жаўнераў, што загінулі ў першую сусьветную вайну, бо не разумелі загадаў, якія па-француску аддавалі іхныя афіцэры. Бэльгійскае нацыянальнае сьвята каранаваньня Леапольда I, першага караля Бэльгіі, зрабілася выключна валёнскім сьвятам, бо ягонае кіраваньне анічога добрага флямандцам не прынесла. Натуральна, франкафоны не вывешваюць сьцягоў 11 ліпеня, калі Фляндрыя сьвяткуе перамогу флямандзкіх гарадоў над францускім каралём Філіпам у 1302 годзе.

 

Грошы

Часам кажуць, што бэльгійскі франк — адзінае, што трымае бэльгійцаў разам. Але калі разабрацца, дык атрымліваецца ці не наадварот. Раней Валёнія зь ейнымі вуглевымі запасамі была надзвычай багатай. Цяпер усё па-іншаму — над закінутымі шахтамі гуляе вецер, а ў Фляндрыі запахла грашыма. На поўначы, не абцяжаранай састарэлымі прадпрыемствамі, выбухнула індустрыя сэрвісу ды інфармацыі. Вось і выходзіць, што заможным флямандцам даводзіцца карміць валёнцаў. Таму яны і патрабуюць большай незалежнасьці для рэгіёнаў — каб не дзяліцца. У дзьвюхмоўнай сталіцы пытаньне вырашылі так — калі цэнтар дае грошы на адукацыю ці якія культурніцкія справы, франкафоны ды «галяндцы» дзеляць іх паводле афіцыйнай прапорцыі паміж насельнікамі.

 

Паліцыя

Бэльгійцы падзялілі нават паліцыянтаў. У краіне ёсьць «камунальныя» паліцэйскія брыгады, што наглядаюць за справамі ў сваіх невялічкіх раёнах. Існуе «Police Judiciaire» — тэарэтычна нацыянальная, практычна — падзеленая паміж рэгіёнамі. Нарэшце, ёсьць жандармэрыя — адзінае сапраўды агульнанацыянальнае паліцэйскае злучэньне. Але ж і маленькае — усяго 18 тысячаў жандараў. Усе гэтыя структуры не супрацоўнічаюць і ня дзеляцца інфармацыяй. Падчас вышукаў маньяка-пэдафіла Марка Дзютру яны нават былі канкурэнтамі і толькі заміналі адна адной. Шмат хто лічыць бэльгійскую паліцыю дарэшты скарумпаванай.

 

Скандалы

Маленькую Бэльгію, як і Беларусь, у мэдыях згадваюць адно тады, калі там надарыцца скандал. На скандалы бэльгійцам шанцуе. Што толькі ні валіцца на іхныя галовы — мяса, атручанае дыяксынам, што трапіў у птушыны ды сьвіны корм; адмываньне брудных грошай; заказныя палітычныя забойствы і выкраданьні; маньяк-пэдафіл, які аказаўся адно зьвяном у ланцугу гандлю «белымі рабамі»; паліцэйская некампэтэнтнасьць і павальная карупцыя ва ўладзе.

Многія бэльгійцы ўпэўненыя, што ў незалежных Фляндрыі ды Валёніі было б больш парадку. Трагедыяў апошніх часоў можна было пазьбегчы, калі б улады ня грызьліся паміж сабой, а займаліся справай. Бэльгійцы стаміліся ад усяго гэтага. Кажуць, што калі Бэльгія раптам зьнікне, яе жыхары заўважаць гэта пазьней за ўсіх.

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0