Вадзім БОЛБАС

Мой сьветлы горад-2*

 

Кажуць, што селішча можа называцца горадам тады, калі ў ім жывуць унукі першых жыхароў селішча. Хто ж жыве ў Сьветлагорску? Ці можна яго лічыць горадам паводле такога крытэру?

Згодна з статыстычнымі зьвесткамі, у Сьветлагорску цяпер жывуць блізу 75 тысячаў чалавек. Збольшага гэта былыя жыхары навакольных вёсак.

Адмыслоўцы ж у галіне энэргетыкі, якія прыехалі на Сьветлагорскую ЦЭЦ, — гэта збольшага выпускнікі энэргетычнага факультэту Менскага політэхнічнага інстытуту. Яны ў значнай ступені зьяўляюцца сьвядомымі беларусамі. Шмат хто зь іх ужо на пэнсіі, шмат чые дзеці перанялі прафэсіі і справы бацькоў і працуюць тамсама.

На іншыя буйныя прадпрыемствы — ВА «Хімвалакно», цэлюлёзна-кардонны камбінат — прыяжджалі ў асноўным з Расеі — з Краснаярску, Цьверы і іншых гарадоў. Гэтыя і цяпер настроеныя, у асноўнай масе, па-прарасейску.

На пачатку сямідзясятых сярэдні век жыхароў гораду складаў каля 26 гадоў. Во была весялуха!

Сьветлагорцы жывуць працаю: «Хімвалакно», цэлюлёза, кардон, будаўніцтва, электрыка. Нямала людзей працуюць вахтавым мэтадам на расейскай Поўначы, але цяпер такіх меней, чым 10—15 гадоў назад.

 

У Сьветлагорску вучаць на капітанаў

У апошнія гады ў горадзе шмат беспрацоўных. Нягледзячы на тое, што сьветлагорскі рэгіянальны цэнтар занятасьці абсталяваў сабе шыкоўны офіс. Рукамі беспрацоўных затое падтрымліваецца добрая чысьціня. Беспрацоўных таксама рэгулярна прыцягваюць да сэзонных сельскагаспадарчых працаў, што дазваляе пазбавіць ад гэтага савецкага прыгону працаўнікоў прамысловых прадпрыемстваў. А вось школьнікі старэйшых клясаў і навучэнцы ПТВ на бульбу як езьдзілі, так і езьдзяць.

У горадзе ёсьць індустрыяльны тэхнікум, дзе рыхтуюць адмыслоўцаў-электратэхнікаў, будаўнікоў, хімікаў-тэхнолягаў, мэханікаў і кіроўцаў рачных суднаў, канструктараў-мадэльераў і бугальтараў. А ёсьць філія Беларускага Гуманітарнага Ліцэю імя Якуба Коласа. Гэта адзіная ў сьвеце філія гэтага ліцэю. Некаторыя бацькі нават спрабуюць уладкаваць сваіх дзяцей на вучобу ў ліцэй па «блаце».

Дырэктарам філіі ад пачатку яе заснаваньня працуе Тэльман Масьлюкоў — старшыня Рады Грамадзкага Асьветнага Аб’яднаньня імя акадэміка Сьцяпана Некрашэвіча, сябра Сойму Беларускага Народнага Фронту.

 

Астапенка

У гарадзкім цэнтры культуры, які ў «тыя часы» быў проста палацам хімікаў, існаваў турысцкі клюб «Крокус», кіравалі якім Мікалай Астапенка і аўтар гэтых радкоў.

Наша турысцкая група прайшла шмат горных маршрутаў, удзельнічала ў чэмпіянатах Беларусі па розных відах турызму і нават была ў прызёрах. Але з пачатку 90-х, калі на Каўказе і Паміры амаль адначасова ўсчалася і да гэтага часу не сьціхае страляніна, нам прыйшлося, павесіўшы ледарубы на цьвікі, узяць у рукі байдарачныя вёслы. Цяпер мы ходзім у вандроўкі нашымі ціхімі, лагоднымі Сьвіслаччу, Бярэзінай, Дняпром, Нёманам, Случчу і Прыпяцьцю. Ведаючы пра вольныя вандроўкі «Нашай Нівы», мы даўно маем жаданьне да іх далучыцца, але ўсё ніяк не арганізуемся.

На вялікі сум, ужо чатыры гады як няма сярод нас Мікалая Астапенкі. Рак бязьлітасны.

 

Харкавенка

Добрую вядомасьць мае ў Сьветлагорску і за яго межамі аматарская кінастудыя «Белая Русь», якую стварыў і якой нязьменна кіруе больш за 25 гадоў Уладзімер Харкавенка. Дарэчы, гэта той самы адэсец, які з маладой жонкай замест Шацілак заехаў у Сьветлагорск Калініградзкай вобласьці.

Найбольш вядомы іх фільм «І сьнег, і лыжы, і каханьне». Пра зьмест яскрава кажа назва.

 

«Арфэй»

У працягу сямідзясятых незвычайнай папулярнасьцю сярод сьветлагорцаў, асабліва інтэлігенцыі, карыстаўся клюб аматараў мастацтваў «Арфэй». Да гэтага часу ўспамінаецца невялікая ўтульная заля, столікі са сьвечкамі ў падсьвечніках у форме ліры Арфэя, на чатыры асобы, бутэлька сухога віна на століку, цукеркі, садавіна, кава ды гарбата.

І праграмы вечароў! Расповеды пра выяўленчае мастатцтва з дэманстрацыяй слайдаў, чытаньне вершаў, нарысы аб музыцы з праслухоўваньнем запісаў, старонкі паэтычнай пародыі ў выкананьні «паэтаў-плягіятараў» Паўла Сурніна і Сяргея Падуты, танцы рытм-балету «Эўрыдыка», які стварыла і доўгі час узначальвала, зьяўляючыся адначасова і салісткай, Ларыса Вараб’ёва.

Моцныя напоі не падаваліся і не прадаваліся, уваход быў строга па запрашальных квітках, здабыць якія было няпроста. А рабілі ўсё гэта на аматарскіх пачатках работнікі «Хімвалакна», захопленыя творчасьцю людзі. Гэта сапраўды была рэдкая ў тагачаснай Беларусі чыннасьць сапраўднай культуры ў лепшым сэнсе гэтага слова.

 

«Мэнуэт»

У музычнай школе ў канцы сямідзясятых створаны і плённа працуе ансамбаль камэрнай музыкі «Мэнуэт». Іграюць у ансамблі выкладчыкі музычнай школы. Стварыла ансамбаль і кіравала ім 14 гадоў Галіна Даўбішчук, піяністка, здольны пэдагог.

І ансамбаль «Мэнуэт», і ансамбаль народнага танцу «Чабарок» з набыцьцём Беларусяй незалежнасьці ня раз былі з гастролямі ў розных краінах Заходняй Эўропы, дзе іх вельмі цёпла прымалі гледачы.

 

Катляроў

Ёсьць у горадзе карцінная галерэя «Традыцыя» імя мастака Германа Пранішнікава, створаная і ўзначальваная паэтам Ізяславам Катляровым, першым старшынём Рады ТБМ імя Ф.Скарыны ў горадзе.

Адкрывалася галерэя ў 1992 годзе пэрсанальнай выставай твораў Аляксея Марачкіна. Свае пэрсанальныя выставы ў нашай галерэі рабілі такія мэтры беларускага жывапісу, як Гаўрыла Вашчанка, Васіль Шаранговіч, Віктар Альшэўскі, былы сьветлагорац Уладзімер Зянкевіч, Уладзімер Савіч, Фэлікс Янушкевіч, Нэлі Шчасная. Нам усе яны цікавыя.

Той жа І.Катляроў, разам з жонкай, паэткай Соф’яй Шах, кіруе літгуртком пры газэце «Сьветлагорскія навіны».

Гэткія фрагмэнты культуры, сапраўднай, ня той, якая з-пад палкі, існуюць у горадзе, зьберагаючы нас для нас.

 

Брыдота

А афіцыйнымі ўстановамі культуры, пад патранажам уладаў ладзяцца частыя, не па сродках маштабныя сьвяты і масавыя пагулянкі. Дзень гораду, сьвяты, зьвязаныя з другой сусьветнай вайной.

Уражаньні ад іх прыкрыя. Вельмі мала ў гэтых пагулянках беларускага, дамінуе расейская папса ўперамешку з заклікамі «абы не было вайны». Над п’яным натоўпам, які ў апошнія гады зьбіраецца ля адкрытай эстрады на ўзьбярэжжы Бярэзіны, лунае алькагольны дух у сумесі з аміякам — з прыбіральнямі тут, як і паўсюль у Беларусі, дэфіцыт. З дынамікаў ліецца папса, а з натоўпу гучыць брыдкая расейская лаянка.

На жаль, на працягу апошняга дзесяцігодзьдзя гэтая брыдота распаўзлася практычна па ўсіх пластах грамадзтва, незалежна ад узросту, полу, сацыяльнага статусу, узроўню адукаванасьці людзей.

Калісьці, гадоў 25 таму, у расейскіх гарадах я часта бываў шакаваны, чуючы з вуснаў маладых, прыгожых дзяўчат і жанчынаў брудныя патокі расейскага мату. А цяпер тое самае і ў нас.

Сумна гэта і таму, што ў нашай цудоўнай беларускай мове дастаткова нармальных словаў і выразаў, каб выказаць усе пачуцьці, усе магчымыя душэўныя пакуты і радасьці, не прыбягаючы да расейскага мату. Такіх, як у расейцаў, у нашай мове і словаў няма наагул.

Сумна і тое, што ўжо шмат якія беларускія выданьні, у тым ліку й найлепшыя, выпускаюць на свае старонкі расейскае брыдкаслоўе.

Вось чаму, пішучы пра Сьветлагорск, мне хочацца словы «мой» і «сьветлы» ўзяць у двукосьсе.

І яшчэ пра адзін «дар» Расеі. За апошнія дзесяць гадоў пад’езды і ліфты нашых дамоў ператвораныя ў прыбіральні. У сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады такога не было. А ў Маскве — было. Памятаю. Зьелі яны нас, зьелі...

 

Дайнэка

Самым вядомым спартоўцам, выгадаваным у Сьветлагорску, трэба лічыць баскетбаліста Валеру Дайнэку, сёньняшняга гульца каманды ЦСКА і зборнай Расеі. А пачынаў ён гуляць у баскетбол у Сьветлагорску пад кіраўніцтвам трэнэра Мікалая Зарубава.

Кіруе горадам, як раней было модна пісаць, каманда маладых прагматыкаў. І мэр, і ягоны першы намесьнік — энэргетыкі па адукацыі, выйшлі са Сьветлагорскай ЦЭЦ. Абодвум крыху больш за 40, абодва, натуральна, прайшлі «кампартыйную загартоўку». Апошняе, праўда, не перашкаджае ім даволі пасьпяхова весьці складаную гаспадарку гораду. Мэра завуць Баляслаў Казіміравіч Пірштух, першага намесьніка — Яўген Анатолевіч Ждановіч.

 

Якабсон

Раней мэрам Сьветлагорску быў Аляксандар Якабсон, дэпутат беларускага парлямэнту 12 скліканьня, сёньняшні «палатнік». Быў ён добрым гаспадарнікам, карыстаўся павагай сьветлагорцаў, двойчы запар выбіраўся дэпутатам у парлямэнт. На апошніх выбарах перамог спачатку кандыдата ад БНФ Тэльмана Масьлюкова, а ў другім туры — і вельмі папулярнага ў горадзе тагачаснага намесьніка дырэктара «Хімвалакна» Валера Касіча.

Гэта ён, А.Якабсон, яшчэ ў 1992 годзе з парлямэнцкай трыбуны адным зь першых, калі ня першы, агучыў і спрабаваў абгрунтаваць неабходнасьць канфэдэрацыі з Расеяй. Пасьля сумнавядомага рэфэрэндуму стаў «палатнікам», за што, відаць, і пайшоў угару — цяпер ён мэр Гомеля.

 

Дысыдэнты

Першыя дысыдэнцкія праявы ў Сьветлагорску прыйшліся на пэрыяд «перабудовы». Тых, хто быў хоць у чым-небудзь нязгодны зь лініяй уладаў, тады ў горадзе звалі «нефармаламі», а прадстаўнікі кампартыйных структураў і іх памагатыя ўвесь час імкнуліся «даць нефармалам бой».

Першай жа арганізаванай суполкай у Сьветлагорску была гісторыка-краязнаўчая суполка «Поўня». Заснавальнікамі яе былі Пятро Лобан, Юрась Захаранка, Алесь Вяргейчык, Артур Краснабаеў, Тэльман Масьлюкоў.

Крыху пазьней утварылася Экалягічная Рада, дзе актыўна працавалі Яўген Фінк, Мікалай Лагута, Анатоль Сакалоўскі, Валянціна Бражнік. Сябры Экалягічнае Рады ня толькі прыроду ратавалі, але выкрывалі і непрыстойныя ўчынкі кіраўнікоў гораду і раёну: набыцьцё без чаргі аўтамабіляў, імпартовай відэаапаратуры і іншых, як тады казалі, «дэфіцытаў». За гэта сяброў «Поўні» і Экалягічнай Рады выклікалі да начальства, ды «апрацоўвалі», а найбольш актыўным, у прыватнасьці, Артуру Краснабаеву, пагражалі нават расстрэлам.

Пасьля першага зьезду БНФ у Вільні Алесь Сіліч і Алесь Вяргейчык сабралі на ВА «Хімвалакно» сход. Гэткі быў час. Дазвалялі нават склікаць сходы на заводах.

БНФ разам з Экалягічнай Радай арганізавалі і правялі ў горадзе шматлюдныя мітынгі ў 1991 і 1992 гадах. У наступныя гады цікавасьць да іх зьменшылася, людзі зьняверыліся як ва ўладах, так, на жаль, і ў апазыцыі. У выбарах парлямэнту 1995 году ў Сьветлагорску рэдактар «Свабоды» Ігар Гермянчук трапіў толькі ў другі тур. У другім жа туры выбары не адбыліся.

А арганізацыю ТБМ імя Ф.Скарыны ўзначальваю я сам. У арганізацыі 30 сяброў, сярод якіх такі волат, як настаўнік зь вёскі Дубровы, сталы карэспандэнт «Нашай Нівы» Мікола Бусел. Гэта ён, жывучы ў вёсцы, стварыў некалькі беларуска-іншамоўных слоўнікаў, пераклаў на беларускую мову кнігу народных казак Парагваю і ўрыўкі з «Дэкамэрону» Бакача.

 

За Чыгіра

Тут, у малым горадзе, мы ня надта падзяляемся па палітычных поглядах на бээнэфаўцаў, сяброў Грамады і АГП. Нас для такіх падзелаў проста мала. У часы важных палітычных падзеяў мы яднаемся і разам робім справу.

Так было і пад час травеньскіх выбараў прэзыдэнта, арганізаваных Вярхоўным Саветам. Раённая і гарадзкая выбарчыя камісіі былі створаныя з прадстаўнікоў усіх апазыцыйных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў гораду. Вох, як нас усіх прапускалі праз кола карных органаў! Але не арыштавалі нікога, работу мы давялі да канца — наколькі хапіла ў нас людзей.

Нашыя сябры зь пераноснымі скрынкамі для галасаваньня абышлі самы вялікі ў горадзе інтэрнат-маласямейку. І амаль усе прагаласавалі. Адмовіліся ад галасаваньня толькі ў дзьвюх кватэрах. Большасьць галасавалі за Чыгіра, зусім нямногія выкрэсьлілі абодвух кандыдатаў. Пры гэтым ніхто не патэлефанаваў у карныя органы, ніхто «не заклаў». Гэта дае падставу думаць, што калі б адбыліся сапраўды свабодныя выбары прэзыдэнта Беларусі, дык грамадзяніна Лукашэнку на гэтых выбарах напаткаў бы той лёс, што і Кебіча ў 1994 годзе.

Праўда, зусім бяз стратаў у выніку выбарчай кампаніі не абышлося. Пасьля заканчэньня яе двое нашых сяброў, муж і жонка Зьміцер Майсеенка і Тацяна Пінчук, зьехалі ў Нямеччыну, аказаліся ў лягеры ўцекачоў і чакаюць адказу на сваю заяву аб атрыманьні палітычнага прытулку.

Нацыянальна сьвядомая моладзь, выпускнікі ліцэю, тэхнікуму ўтварылі сваю суполку «Крэсіва», якая арганізоўвала маладзёвыя летнікі ў 98 і 99 гадах. Выдала пару нумароў свайго бюлетэня, што гэтак жа завецца.

Многа нас ці мала?.. Мы ўсе свае. На сваёй зямлі. Гарою за сваю зямлю. Гарою адзін за аднаго. З нас пойдзе новая Беларусь. Сьветлагорск у Беларусі адзін, але такіх Сьветлагорскаў шмат.

 

*Папярэдні артыкул пра Сьветлагорск друкаваўся ў «НН» №35 за 1999 г.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0