МУЗЫКА


 

Ларыса СІМАКОВІЧ

Думкі з нагоды адной сьмерці

Памёр Яўген Глебаў, той, што пісаў музыку пра Машэку, Натальлю, салдата Івана, Тыля Ўленшпігеля, Нэле, Маленькага Прынца.

 

Памяць

Пакуль мы жывыя, мы — вандроўнікі, летуценьнікі, пешаходы, пасажыры, падаткаплацельшчыкі, гледачы, наведнікі, уладальнікі... І толькі па сьмерці мы становімся тым, што жыцьцём нашым старанна ўтойвалася ад штодзённага і аднастайнага. Мы, нарэшце, становімся тым існым, чаму слугавала наша вечная душа ўвесь зямны шлях, тым, кім мы былі ад пачатку народжаныя, — Мастакамі, Паэтамі, Музыкамі. Такімі мы застанемся для сваіх спадкаемцаў, для знаёмцаў і чужаніцаў, аднадумцаў і няверцаў. Такімі нас запомняць.

Інтымны сьвет адной мастацкай душы, схоплены формай і напоўнены зьместам адной з Тонкіх Матэрыяў, становіцца здабыткам многіх, набывае ўладу над думкай, эпохай, Часам, пульсуе ў жылах існуючай культуры, уплывае на яе, вызначаючы яе ўздымы, віры і заміраньні.

Быў той дзень, які цяжка адшукаць у памяці ці знайсьці па календары. Быў ён, калі душа раптам адчула неадольны імпульс для стварэньня сваёй рэальнасьці, свайго сьвету з гукаў і сугуччаў, фэномэнаў і паўзаў, кансанансаў і несупадзеньняў. Дзень перайшоў у Жыцьцё, кожныя знакі сталі агучанымі шматвобразнымі фрэскамі.

 

Работа

Пасьля заканчэньня ў 1956 г. Беларускай Кансэрваторыі кампазытар Я.Глебаў доўга быў ахоплены жаданьнем паспытаць усяго, што ёсьць у музыцы. Ні адзін музычны жанар не застаўся па-за яго ўвагай.

Музыка — гэта ня толькі гукі, якія вокамгненна зьнікаюць, і, каб іх вярнуць, трэба зноў і зноў узнаўляць іх. Музыка — гэта струменістая архітэктура падзеяў, перамен, паваротаў, гэта адначасовае суіснаваньне сапраўднага, мінулага і будучага.

Пра работу Яўген Глебаў любіў паўтараць: «Пішы штодзённа дзьве-тры гадзіны, геніяльны ты альбо не». Ён спадзяваўся, што калі напісанае ў панядзелак нечага варта, то слухачы і судзьдзі, адрынуўшы напісанае ў аўторак, задумаюцца над ім у сераду і чацьвер, зноў праслухаюць у пятніцу, будуць разьбірацца ў ім у суботу і, нарэшце, прымуць у нядзелю. Трэба толькі дажыць да гэтай нядзелі. Усяго толькі.

 

Лёс

Лёс чалавека дае нам магчымасьць прасачыць шляхі, якімі ходзіць ісьціна. Убачыць, чыім талентам Смаленшчына вяртаецца на Радзіму, пачуць, што нават ня знаючы крэўнасьці, творца чуе яе заўсёды, адгукваецца на неўсьвядомленую роднасьць і дзівосным чынам праяўляе яе праз сваю творчасьць.

 

Вучні

Яны сядзяць у гэтым шырокім клясе з крыжавінамі восеньскага сонца, дасьціпныя, таленавітыя, раскаваныя, падыходзяць да Майстра са сваімі экзэрсысамі, гатовыя да яго мягкай іроніі, кпінаў, гумару.

Але ж адчуваюць ягоную ўсепрыймальнасць, разуменьне, узаематворчасьць. А ён, ахутаны блакітным дымам сваёй незьлічонай цыгарэты, вызначае беспамылкова, каму сёньня належыць захапляльная тэма, каму кіпучая думка, каму распаленае ўяўленьне — стан найважнейшага творчага ўздыму, калі здаецца, што выходзіш зь нетраў на асьляпляльна бліскучыя промні. А ўголас любіў прыгадваць Музу, якая ня любіць наведвацца да лянівых, і пра Натхненьне, якое палягае на тым, каб штодзённа ў адзін і той жа час садзіцца за работу.

 

Споведзь

Усе творы Мастака — фрагмэнты вялікай споведзі, альбо чарада падзей адной агромністай драмы. Схаванае ад усіх жыцьцё аўтара.

Творчасьць — гэта тая брама, празь якую ў любую хвіліну можна вырвацца на волю, зьбегчы ад назолы-штодзённасьці, умоўнасьці, ад самога сябе, урэшце! Зьбегчы ў краіну абсалютнай свабоды, якая часам бывае адзінай.

Таму зайздросьце Мастаку! Зайздросьце нечуванаму ягонаму палёту, зайздросьце яго недасяжнасьці, ягонай незалежнай дзяржаве, у якой яму дыхаецца лёгка і поўна, з вытканымі вобразамі-ідэямі, са сваім уяўленьнем пра Волю, Жыцьцё, Справядлівасьць.

Бо як інакш створыцца музыка «Маленькага Прынца» — гэта ўвасобленая безабаронная Прыгажосьць і Крохкасьць, Шчодрасьць, Любоў, ап’яняючы палёт? Дзе, калі яшчэ ў жыцьці ты адважысься стаць дзіцём, шчырым і адкрытым, такім тоесным самому сабе?

 

***

Мастак нараджаецца з глыбіні і цішыні. І кімсьці так задумана, каб душа, прыйшоўшы ў зямное жыцьцё, пачала пераадольваць тую глыбіню і пазбаўляцца цішыні. Пераадольваючы — узьнімацца, запаўняючы тую цішыню энэргіяй прыгажосьці і ўстойлівасьці.

Але вяртаецца цішыня. Пераўтвараецца ў памяць глыбіня. Напісанае — застаецца: сымфоніі, сюіты, араторыі, балеты, п’есы для юнацтва, фантастычныя танцы, гумарэскі, экспромты і песьня — «Жыве Беларусь».


 

Музыка для “чарнаcкурнікаў”

«Synthetic». Група «Splenetic». MC. (p) 1999.

Пабачыўшы з густам зробленую ўкладку (дызайн Дзьмітрыя Храмцова), я сьпярша ня мог зразумець, дзе тут назва альбома, а дзе — групы, пра існаваньне якой раней і не здагадваўся. Пабачыўшы фота музыкантаў, падумаў: ага! Яшчэ адзін малады калектыў, які грае нешта такое прагрэсіўнае і прыгожае, нешта накшталт фірмовага фьюжн. Етый!

Паставіў касэту на «play» — і атрымаў! Які, да чорта, фьюжн! Згадаў старое: «Сягоньня ён іграе фьюжн, а заўтра нікаму ня нужан». Гэты альбом запісалі нейкія прасунутыя экстрэмалы, а экстрэм для мяне — тая галіна, дзе тэрміналёгія — цёмны лес, бо ніхто мне так і ня вытлумачыў цьвяроза, у чым розьніца паміж мэталічнымі думам, блэкам і дэсам.

І лягчэй за ўсё было б спаслацца на ўласныя цемру беспрасьветную ды неадукаванасьць, заявіўшы, што тую музыку амаль ня слухаю і не разумею, а таму хачу падараваць касэту якому маладзёну ў чорнай скуранцы і са сьветлымі мазгамі, каб, сыходзячы ў лепшы сьвет, блаславіць яго ў новыя рэцэнзэнты «Нашай Нівы». Ага!

Касэту не аддаў, нашчадка па крытычнай думцы не падрыхтаваў. І не з-за таго, што паставіў гэты запіс на пачэснае месца паміж Алёнай Апінай і Фрэдам Фрысам. А з-за таго, што ня мог не адчуць: гэтыя «Splenetic» робяць сваю справу, шчыра верачы ў тое, што яны атрымаюць уласную аўдыторыю. Магчыма, так яно недзе і час ад часу будзе, бо нельга не адчуць, што ў абранай стылістыцы працуюць музыкі напорыста, энэргічна, стылёва, ведаючы, мусіць, што трэба іграць і як. Дай Бог ім, як кажуць, агромністага чалавечага ды творчага шчасьця, хоць я асабіста прыхільнікам тае стылістыкі, напэўна, ніколі не зраблюся. Сярод тых, каму дзякуюць выканаўцы за зьяўленьне гэтага альбому, значацца і даволі вядомыя ў розных тусоўках асобы: Улад Бубен, Айран Глеб, Анатоль ды Аксана Вечары. Вось, аказваецца, пра якую музыку ўпотай мараць гаспадары «Акалады!» А то ўсё паўтараюць з экрану: «Ляпис Трубецкой», «НейроДюбель». Етый!

«You’re Lost» — сьпяваюць «Splenetic». І гэта праўда: усё ў тым сьвеце — адноснае... Апрача музыкі...

ЭКСТРОМНЫ СЛУХАЧ

 

Як Сэлін Дыён бяз грошай

«Все очень хорошо». Ірына Відава. (р) «ПанРекордз», 1999.

Ну як вам сказаць? Шыкоўная кабета, як на мой густ. Усё ёсьць для шчасьця, нават магнітаальбом з такой дужа прыдатнай для сёньняшняй Беларусі аптымістычнай назвай. Яно й сапраўды: усё нармалёк! Бо вынік быў вядомы яшчэ пяць гадоў таму. Гэта я не пра спн. Відаву, а пра іншага лідэра гурта. Да слова...

Да касэты. Ініцыятарам яе выданьня, прадусарам, кампазытарам і аранжавальнікам выступіў Алег Моўчан — той самы, які яшчэ нядаўна выступаў у складзе «Песьняроў». Цяпер ён звольніўся і займаецца выключна справамі Ірыны, якая сама, дарэчы, як пазначана на ўкладцы, канцэптуалізавала ўласны імідж і падкінула сп.Стрыгалёву ідэі тэкстаў. Добра, што ня вершаў. Запісвалі альбом знаныя музыканты і дасьведчаныя гукарэжысэры, якія, трэба думаць, выдатна разумелі, што ад іх патрабавалася.

А патрабавалася, відаць, наступнае. Улічваючы тое, што спн. Ірына мае голас ня дужа моцны і ня дужа яркі, кампазытар ды аранжавальнік паставіў перадусім на адпаведнасьць напісанага матэрыялу ўжо існым узорам, якія, зразумела, пышна расьцьвілі не на цёмным Захадзе, а на сьветлым Усходзе. Гэта значыць, спн. Ірына выконвае шлягеры і зусім не саромеецца гэтага. Жанчына яна ня толькі прыгожая, але й адважная. Песьні і сапраўды нейкага небеларускага, прабачце, фармату: на першым пляне рытм. Усё іншае — на пляне другім. Усяго дзевяць нумароў на альбоме, і ўсе яны дазваляюць казаць пра тое, што так і ў падобнай колькасьці ў Беларусі не працуе, бадай, ніхто.

Я не кажу, што на альбоме зьмешчаныя скрозь шэдэўры. Дзе вы ў той Маскве ў папсы шэдэўры бачылі, а? Але ж жывуць людзі, хоць і ведаюць, што з мастацтвам ніколі нічога супольнага мець ня будуць. Ды пры чым тут мастацтва, калі ты працуеш у шоў-бізнэсе? Гэта ў іх, «там», — шоў-бізнэс. У нас нешта прынцыпова іншае. Ды я ўпэўнены: дай такія ж ганарары, якія мае, скажам, Сэлін Дыён, маскоўскія адразу ж, імгненна засьпяваюць ня лепш! Вой, зразумела, ня горш! Ну, канечне...

Таму і лічу, што спн.Ірына — жанчына адважная, бо кінула выклік усім маскоўскім Дыёнам і Дыёнкам, калі толькі нехта яшчэ разумее, хто сярод іх «мэ», а хто — «ужо». Спадзяюся, што там, у Маскве, у спн.Ірыны сапраўды ўсё будзе добра. А нам, у сваю чаргу, усё будзе добра тут. Бо калі ў спн. Ірыны ўсё сапраўды атрымаецца, гэты факт потым будзе адлюстраваны на старонках расейскае прэсы як «першы беларускі поп-прарыў у Маскве!» З такой, прынамсі, песьняй, як «Ты сделай шаг», у Маскве сапраўды ёсьць на што разьлічваць.

Ну, дык і трэба той крок зрабіць! І хутчэй. Бо я не хачу чакаць, калі ўсё добра будзе. Я хачу, каб добра было ўжо. Усім! І прашу лічыць гэта тостам!

ХАРОШАНЬКІ СЛУХАЧ


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0