Навіны


Вясна пачнецца з «Маршу Свабоды»

Рада дэмакратычных сілаў рашыла пашырыць колькасьць апазыцыйных акцыяў “Вясны 2000” да васьмі. Тры гадзіны засядала Рада ў штаб-кватэры “Народнае Грамады” і прыняла заяву, што “Вясну 2000” мае распачаць Марш Свабоды 15 сакавіка.

25 сакавіка адбудзецца сьвяткаваньне Дня Волі з нагоды чарговых угодкаў БНР. 26 красавіка - Чарнобыльскі Шлях. 2 красавіка — антыінтэграцыйная акцыя, у траўні — акцыя супроць зьбядненьня жыхароў з удзелам прафзьвязаў, 14 траўня — акцыя на ўгодкі рэфэрэндуму, 1 траўня — традыцыйная акцыя салідарнасьці сацыял-дэмакратаў.

 

Хадзіў за мову дзядзька з Магілёва

У Магілёве старшыня гарадзкой суполкі ТБМ і аўтар «Нашай Нівы» Міхась Булавацкі правёў аднаасобнае шэсьце па Першамайскай вуліцы практычна праз увесь горад, несучы на сабе плякаты «Я магу добра вучыць матэматыцы», «Я хачу вучыць беларусаў на іх роднай мове», «У Магілёве ўлады не жадаюць адкрыць ніводнага беларускага класу», «У 99 годзе 20 мэдалістаў-магілёўцаў правалілі матэматычныя іспыты ў ВНУ».

Як патлумачыў вашаму карэспандэнту сам Міхась Булавацкі, ён, вядомы нават за межамі краіны выкладчык матэматыкі, амаль 2 гады зьяўляецца беспрацоўным. Адзінае ягонае жаданьне — выкладаць свой прадмет па-беларуску. Дык вось, не даюць.

Акцыя была дазволеная ў малалюдным раёне. Беспрацоўны выкладчык парушыў гэтую забарону. Пад час шэсьця Міхась Булавацкі не сустрэў варожага стаўленьня з боку міліцыі. Затое беспрацоўны пэдагог заўважыў прыкметную абставіну: аказваецца, большасць з прахожых ня ўмеюць бегла чытаць. Міхасю Булавацкаму прыходзілася спыняцца, каб людзі маглі пасьпець прачытаць ягоныя кароткія плякаты. Так што ня толькі лічыць ня ўмеем, але і чытаць таксама.

Сымон Глазштэйн

 

Вярэніч, які выйграў справу ў міністэрства

Маскоўскі суд Менску адмовіў у задавальненьні пазову Міністэрства ў справах надзвычайных сытуацыяў Беларусі да выпускніка пажарнае вучэльні Сяргея Вярэніча, які адмовіўся падпісваць кантракт аб прымусовым разьмеркаваньні.

Сяргей Вярэніч паступіў у пажарную вучэльню ў 94-м годзе. Адміністрацыя нічога не паведаміла студэнтам пра тое, што пазьней ім давядзецца падпісваць нейкую дамову. Пра кантракт, у адпаведнасьці зь якім кожны выпускнік мусіць адпрацаваць ня менш як пяць гадоў, студэнты даведаліся толькі на чацьвертым курсе. Паводле кантракту, той, хто не падпарадкуецца, мусіць выплаціць грошы за навучаньне — а гэта каля тысячы пяцісот даляраў. Пры гэтым адміністрацыя пагражала адлічэньнем тым, хто не падпіша кантракту. Многія, баючыся, пайшлі на хітрыкі: на блянку свае зьвеcткі напісалі, а подпісаў не паставілі, спадзеючыся на тое, што ў гэтым выпадку кантракт будзе несапраўдным. Сярод іх быў і Сяргей Вярэніч. Але калі праз год ён атрымаў дыплём, высьветлілася, што ягоны подпіс кімсьці падроблены. Абураны выпускнік не пагадзіўся выконваць умовы кантракту. Міністэрства зьвярнулася тады ў суд. Суд прызначыў экспэртызу й высьветліў: подпіс на ўсіх асобніках кантракту зроблены адной асобаю, але кім — невядома.

Яшчэ пара такіх справаў ляжыць у судох. Адказчыкамі ў іх зьяўляюцца выпускнікі навучальных установаў, якія належаць да Міністэрства ўнутраных справаў.

Паводле Радыё Свабода

 

Мазырскі завод абнаўляецца

Агулам на рэканструкцыю Мазырскае рафінэрыі будзе інвэставана 125 мільёнаў даляраў, паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі Анатоль Купрыянаў, дырэктар гэтага прадпрыемства.

Грошы дае ўрад, а таксама кантраляваная расейцамі кампанія «Слаўнафта». Ужо запрацавала парагазаэлектрастанцыя на ўласным вакумным газойлі, уведзеная вытворчасьць неэтыляваных бэнзынаў марак 92 і 95, зьявілася магчымасьць для выпрацоўкі 98-га бэнзыну. Навучыліся выпрацоўваць экалягічна чыстае дызпаліва паводле эўрапейскіх стандартаў з утрыманьнем серы ня болей 0,05%. Хутка пусьцяць устаноўку канцэнтраваньня вадароду. Ужо рэканструявалі ўстаноўку вакуумнай пергонкі мазуты магутнасьцю 1,8 мільёнаў тон у год. Другі этап рэканструкцыі давядзе глыбіню перапрацоўкі нафты да 75%, пасьля трэцяга й чацьвертага — пабудовы ўстаноўкі вісбрэкінгу гудрону і комплексу каталітычнага крэкінгу, пад 2003 год — глыбіня перапрацоўкі дасягне 85%. Гэта як у лепшых рафінэрыях Эўропы. Шкада толькі, што пад той час, мабыць, расейскія нафтавыя алігархі, уладальнікі Мазыру і іхны Лукашэнка ўжо дазваньня Беларусь ад Эўропы адгародзяць.

 

«Вітэла» ў Віцебску

Першым рэзыдэнтам свабоднай эканамічнай зоны ў Віцебску стала «Вітэла», даччыное прадпрыемства нямецкага канцэрну «Швартаў», найбуйнейшага вытворцы чакалядаў. За дырэктара яны сабе ўзялі Валер’я Неўшава, былога мэра Віцебску. На абсталяваньне немцы даюць 5 мільёнаў даляраў. Вырабляць фабрыка будзе цэлы цягнік чакалядаў у месяц. Падаткі ў зоне будуць складаць на 30% меней, чым так.

 

Рапно ў Менску

З 31 студзеня да 17 лютага ў Менску пройдзе рэтраспэктыва фільмаў Жан-Поля Рапно, пакажуць таксама ягоныя ўлюбёныя кіны. Цяпер кінаклюб ладзіць гэтыя паказы ня ў Профе, як раней, а ў Доме вэтэранаў на Янкі Купалы.

 

Арэстаў на чале вольных міліцыянтаў

Пазаўчора ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход Лігі афіцэраў міліцыі, стварае якой быў ініцыяваў некалі шчэ Захаранка. На кіраўніка абралі Арэстава.

Б.Т.

 

Радыё «Няволя»

У Смургонях апошнім часам шмат хто просіць адключыць ім радыёкропкі. Сёй-той тлумачыць просьбу тым, што на першай праграме радыё парушаюцца іх правы на атрыманьне праўдзівай інфармацыі. У жыцьці беспрацоўе, эканамічны развал, а на радыё кажуць, што ў Беларусі не жыцьцё, а рай. Людзі чакаюць, каб хутчэй сталі больш гаварыць «Балтыйскія хвалі».

М.В.

 

Былі белавескімі, а сталі Нарачанскімі

Зь Белавескай пушчы ў вальеры на тэрыторыі Нацыянальнага парку «Нарачанскі» завезьлі высакародных аленяў. Пакуль іх толькі пяць, але абяцалі падвезьці яшчэ.

Мар’ян Вянгроўскі

 

Барадзіна арыштуюць

Ёсьць у Расеі нейкі Барадзін — ці то ахоўнікам Ельцына ён быў, ці то цівуном. Дык яго Пуцін прызначыў на сакратарства саюзу Беларусі й Расеі. А штука ў тым, што на гэтым тыдні швайцарская пракуратура выдала міжнародны ордэр на арышт гэтага самага Барадзіна за круцельствы, адмываньне злачынных грошай і карупцыі. Добрага губэрнатара нам суліць Пуцін! Гэты Барадзін выступаў на НТВ. Журналіст яму трапіўся такі, што проста кішкі выеў. Урэшце журналіст у яго пытаецца:

— Дык Вы не баіцеся арышту?

— Ня я баюся, а мяне бойцеся.

— А саюз зь Беларусяй будзе?

— Ня проста будзе, а такі будзе Саюз, што ваша НТВ закрыем.

Н.Дз.

 

Запчасткi для МIГаў

28 студзеня польскае тэлебачаньне паведамiла аб скандале, зьвязаным з запчасткамi для самалётаў Мiг-29 i Су-22. Iх закупiла ў Беларусi вайсковае авiярамонтнае прадпрыемства з гораду Быдгашч. Кошт гэшэфту — 5 мiльёнаў даляраў. А скандал усчаўся, бо прадпрыемства не заплацiла мытнага падатку. Пакуль не паведамляецца, цi новыя запчасткi закупалі, цi ўжываныя.

Сяргей Максімовіч

 

Iнгушы на польскай мяжы

На беларуска-польскай мяжы ў Брузгах затрымалі 12 iнгушоў з Iнгушэцii. Адна жанчына мела пашпарт сваёй сястры, у астатнiх у дакумэнтах знайшлі выпраўленьнi. Яны хацелi выехаць у Польшчу, маючы дакумэнты, паводле якiх яны нiбыта ўцекачы з Грознага. Ім не паверылі, забралі ў іх 7000 даляраў — маўляў, даведка з банку таксама аказалася падробнай.

 

Сялянская партыя далучаецца да БНФ

Учора на прэсавай канфэрэнцыі лідэр Сялянскай партыі Яўген Лугін выступіў з сэнсацыйнай заявай, што ягоная партыя далучаецца да БНФ «Адраджэньне» ў якасьці фракцыі «Зямля і воля». Сялянаў дзеля малалікасьці не перарэгістраваў Мінюст. Гэткі іх адказ.

С.М.

 

Пазьняк зьбірае КХПБНФ у Варшаве

На мінулы ўік-энд у Варшаве сабраўся Сойм Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ (З.Пазьняка). Многія сябры перажылі пачуцьцё шчасьця ад сустрэчы зь лідэрам, якога ня бачылі ўжо чатыры гады.

Менавіта пра гэта карэспандэнту Радыё Свабода сказаў удзельнік Сойму пінчук Яўген Шатохін. Што да самога лідэра, дык ён ставіў задачы на будучыню. Казаў, што найперш трэба скінуць Лукашэнку, трэба сказаць яму: Лукашэнка, сыходзь, твой час скончыўся. Што выбары павінен абвясьціць Сямён Шарэцкі. Што ў цэлым КХП будзе разам зь іншымі дэмакратычнымі сіламі змагацца супраць дыктатуры.

Выглядае, што меншая частка Фронту, якая арганізавалася пасьля леташняга расколу БНФ, ня ставіць перад сабой новых і арыгінальных задач. Пра барацьбу з рэжымам ня першы год кажуць і іншыя партыі. Але ў кожнага ў гэтай справе свая «спэцыялізацыя». Таму ад КХП чакалася не імкненьне падмяніць ці дапоўніць сабою іншых, а жорсткія фармулёўкі нацыянальных інтарэсаў і стратэгіі нацыянальнага адраджэньня на цяперашнім этапе. Бо гэта якраз тое, што ў праграмах іншых партыяў акрэсьліваецца невыразна.

Дый скіданьне Лукашэнкі — ня мэта, калі няма выпрацаванага мэханізму скіданьня і, што важней, пляну будаваньня на месцы скінутага зусім іншае сыстэмы каштоўнасьцяў.

Словам, ня спраўдзіліся прагнозы аўтараў «НН» пра ўтварэньне на базе БНФ рэлігійна-палітычнай суполкі — ці то сэкты, ці то беларускага Талібану. Ніякіх заявак на сваю адметную ролю ў палітычным жыцьці краіны варшаўскі Сойм ня даў.

С.П.

 

Спаленая царква ў Парэччы: сатанісцкі сьлед

Дагэтуль невядомая афіцыйная вэрсія пажару ў вёсцы Парэчча, што на Піншчыне, у выніку якога згарэла праваслаўная царква Раства Хрыстова, пабудаваная ў 1912 годзе замест таксама згарэлай папярэдніцы на грошы парэцкага пана Рамана Скірмунта, старшыні ўраду БНР у траўні-чэрвені 1918 году, мэцэната, выдаўца лемэнтару на парэцкай гаворцы. Мясцовыя актывісты савецкай улады па-зьверску Скірмунта ва ўласным маёнтку увосені 1939 году. Цяпер вось спалілі і ягоную царкву, што перастоела дзьве вайны.

Пажар адбыўся на другі дзень праваслаўных Калядаў і дашчэнту зьнішчыў драўляную царкву, адну з найпрыгажэйшых на Палесьсі.

Прадстаўнікі пажарнай службы пакуль не даюць афіцыйнай вэрсіі ўзьнікненьня пажару. Па факце пажару ўзбуджаная крымінальная справа.

Праваслаўныя сьвятары ўпэўненыя, што царкву наўмысна падпалілі, бо ў той дзень служба скончылася каля гадзіны па абедзе, а пажар заўважылі аж праз 13 гадзінаў. Калі б пажар пачаўся з-за пакінутай сьвечкі ці кадзіла, дык мо спахапіліся б раней. Хоць пажарныя кажуць, што без прыцёку паветра, г.зн. калі вокны й дзьверы пазакрываныя, і вясковая хата будзе тлець дзень, пакуль разгарыцца.

Цікава, што пару гадоў таму ў Берасьці раскрылі сэкту сатаністаў, а сярод іхных дакумэнтаў была мапа, на якой сярод цэркваў, што сатаністы меліся зьнішчыць, быў і храм у Парэччы. Дагэтуль невядома, ці ўсіх сатаністаў тады выявілі.

Сярод вэрсіяў таксама — падпальваньне з мэтай замесьці сьляды рабаўніцтва. У хуткім часе каля папялішча плянуецца пабудаваць невялікі драўляны дамок, а пакуль набажэнствы праходзяць у вайсковых намётах. У пэрспэктыве — адбудова новага цаглянага храму. На старую царкву ён ужо ці будзе падобны...

Аляксей Дзікавіцкі

 

Віцебскіх уніятаў абкралі

У пятніцу з капліцы Ўваскрашэнскай грэка-каталіцкай парафіі Віцебску скралі абраз «Успленьне Прасьвятой Багародзіцы» ХVIII ст. і абразы «Ісус Збаўца наш» і «Маці Божая» ХІХ ст. Выцяглі таксама сэйф з ахвяраваньнямі парафіянаў, пішучую машынку зь беларускім шрыфтам і лекі, што прызначаліся на раздачу бедным. Да пошукаў скрадзенага далучыўся тутэйшы КГБ, піша БелаПАН.

 

Рок-карону атрымалі «Крыві»

Мы не памыляліся ў мінулым нумары, назваўшы суботу 29 студзеня днём «Рок-каранацыі 99». Аднак памыліліся тыя, хто прыйшоў суботнім вечарам да залі «Менск». Бо ў тым шыкоўным комплексе, які раней належаў камуністам, а цяпер — Лукашэнку, адбывалася... вясельле. Кажуць, сына некага з Адміністрацыі.

Дзіўныя стасункі складаюцца ў нас з рокам. Ад прыроды сваёй разьняволены й па азначэньні дэмакратычны андэграўнд пакрысе ператвараецца ў Беларусі ў элітарны клюб. Ад году ў год патрапіць на «Рок-каранацыі» становіцца ўсё цяжэй, усё менш моладзі ў залях ды ўсё больш больш дыхтоўна апранутых людзей зь дзецьмі. Разам з тым увесь канцэртавы комплекс быў перапоўнены ахоўнікамі ў гарнітурах і міліцыянтамі ў шапках. Дайшло да таго, што саміх музыкаў не пускалі на сцэну. Ды зрэшты...

Рок-карону атрымалі «Крыві», рок-князёўнаю стала Вэраніка Круглова з «Крыві», лепшым кліпам году стаў кліп «Крыві» «За туманам», у намінацыі «Падзея году» перамог альбом «Сьвяты Вечар», у якім багата песень у выкананьні «Крыві»...

Лепшым альбомам сталі «Качулкі й кутрынкі» «Нэйрадзюбэлю». Лепшай песьняю году стаў «Паветраны шар» групы «NRM». Лепшым музыкам — Сяргей Трухановіч. Узнагародзілі й «архіварыюса» Зьмітра Падбярэскага, лепшага журналіста году. У намінацыі «Слухай сваё» выбралі Віктара Шалкевіча, чый самотны сьпеў пра музыку Сярожу відавочна дысанаваў са звонам крышталёвых каронаў, бляскам букетаў і чынавенскай архітэктураю залі «Менск»... Калісьці простыя рэчы...

Касю Камоцкую назвалі Жанаю д’Арк беларускага рок-н-ролу. А «Наша Ніва» падарыла Касі свой прыз: новыя кнігі з сэрыі «Вострая Брама» й кветкі... Гэтым разам нашая намінацыя звалася «За пашырэньне свабоды».

Аматар

 

Гарадзеншчына жывёльная

29 студзеня «Моладзевая iнiцыятыва за правы жывёл» выставiла пiкет пратэсту каля Дому пiянэраў, у басэйне якога цяпер плаваюць два дэльфiны i марскi леў

Вiталь Скорб, адзін зь яе лідэраў, патлумачыў, што мучыць бедных жывёлiн — злачынства, i прапанаваў і мне падпiсацца пад гэтымi словамi на паперы. Пiкетчыкi раздавалi таксама ўлёткi, якiх, праўда, было вельмi мала, нават карэспандэнту «НН» не дасталося. Ва ўлётках распавядалася пра пакуты пасажыраў, якiя едуць савецкiм цягнiком Сiмфэропаль—Горадня, i аб пакутах дэльфiнаў, якiх вязуць гэтым жа шляхам, але ў цыстэрнах. «Калi вы супраць гэткага зьдзеку з жывёлы, дык не купляйце бiлетаў на гарадзенскiя прадстаўленьнi з удзелам дэльфiнаў i марскога лява!» — заклiкае ўлётка. Гастролi Крымскага дэльфiнарыю распачалiся перад самым Новым годам i працягнуцца да 20 лютага. У Горадню дэльфiнаў прывезьлi зь Берасьця. Шкада iх, вядома, але я параiў бы маладым абаронцам не чакаць наступнага прыезду дэльфiнаў, а паспрабаваць што-небудзь зрабiць для нашага заапарку. Зьвяры там страшна мучацца ў цеснаце. Слон Сурак, якога прывезьлi з ГДР, 35(!) гадоў прастаяў на адным месцы — побач свайго невялiкага хлява, дзе ён сьпiць i знаходзiцца ўзiмку. Гэткай вялiкай жывёлiне патрэбна ж месца для шпацыру! Дзiва што ў 1998 г. слон забiў жанчыну, якая прыйшла яго кармiць. Дарэчы, у гарадзенскай лякарнi для сабак, катоў i хатняй жывёлы таксама жахлiвыя ўмовы. Дзе чалавеку кепска жыць, там i сабакам пагатоў. Адзiнае радуе, што хоць памежнiцкiм пашанцавала болей. Толькi што першыя ўгодкi адзначыла кiналягiчная школа памежных войскаў у Смургонях. Хоць там для лекаваньня сабак створаны больш-менш людзкiя ўмовы, ёсьць нават добра абсталяваны радзiльны пакой. Відаць, што пераймаюць традыцыі Смургонскай мядзьвежай акадэміі. Дэльфiны, як i людзi, мусяць выжываць, прымаць правiлы гульнi. Адзiн зь iх нават «малюе», высунуўшыся з вады, крэмзае на паперы зацiснутым у дзюбе пэндзлем. Хтосьцi з гледачоў заплацiў за карцiну пяць мiльёнаў (старых) рублёў. Я б таксама заплацiў, каб гэтыя грошы пайшлі на вызваленьне жывёлы.

Сяргей Астраўцоў

 

Раённыя цырымоніі

Па Гарадзеншчыне прайшла хваля сьвяткаваньняў — раёны вобласьцi адзначылі 60 гадоў. Раздалі сотнi граматаў, падаруначкаў, канвэртаў з дэнамiнаванымi рублямi. Раёны стварылі 15 студзеня 1940 году — замест ранейшых паветаў. Паветы ў нас праiснавалi з 1413 да 1940 году. Але іхных юбілеяў ніхто не сьвяткуе.

Віншавалі й са сталiцы. Лукашэнка даслаў тэлеграму толькi ў Гарадзенскi раён. Астатнiх вiншаваў Лiнг, а некаторых таксама Малафееў ды Мясьнiковiч. Аблвыканкам разаслаў «падзячныя лiсты», прычым у некаторых раёнах — канкрэтным асобам, а ў Воранаўскiм i Шчучынскiм толькi «працоўным калектывам».

Мары першых гадоў незалежнасьцi, каб памяняць савецкую адмiнiстрацыйную сыстэму, — забытыя, начальству цяперашняя падабаецца. Рэформа адбываецца толькi ў суседзяў — палякаў i лiтоўцаў. Паветы ў нас праiснавалi з 1413 да 1940 году. Палякi ў сябе хочуць iх вярнуць. Зрэшты, хай бы i раёны былi, але ж у каралеўскай Гораднi яны называюцца «Ленiнскiм» i «Акцябарскiм».

Самы-самы з раёнаў, канечне, Гарадзенскi. Саветы спачатку падзялiлi былы павет на чатыры раёны, але потым назад злучылi. Толькi Друскенiкi, якiя заўжды былi ў складзе Гарадзенскага павету, Сталiн аддаў Лiтве. Зрэшты, сам павет доўгi час быў у Троцкiм ваяводзтве, што натхняе цяперашнiх незалежных лiтоўцаў, хаця iхных землякоў у нас усяго жменька.

Сёньня Гарадзенскім раёнам кiруе тав.Камарэц. Легендарная ў пэўным сэнсе асоба. Пачынаў ён у калгасе Вольгi Соламавай, якi неўзабаве скасавалi, далучыўшы да iншага. Перайшоў у калгас Заслонава, але яго хутка ўлучылi ў «Шлях да камунiзму». Затым тав.Камарэц апынуўся ў «Пабедзе», ажно i яе ня стала. А як узяўся за ўвесь раён, дык нас прышчапiлi да Расеi. Лёгкая рука ў чалавека.

Як успамiнае Фёдар Аўчыньнiкаў з Усходняй Беларусi, якi быў прысланы ў канцы 39-га складаць плян новага — Гарадзенскага — раёну, улiчвалася пры гэтым — апроч дарожнай сеткi або эканамiчнага стану — таксама такая рэч, як «прыхiльнасьць насельнiцтва». Зрэшты, i палякi гэта ўлiчвалi. У Гарадзенскiм павеце найбольш галасоў набiралi беларускiя дэпутаты. Тады на парлямэнцкiх выбарах да Гарадзенскай выбарчай акругi далучылi аўгустоўскiя мясьцiны, дзе насельнiцтва было небеларускае... За распрацоўку пляну-мапы раёну Ф.Аўчыньнiкаў атрымаў падзяку, грашовую прэмiю i два тыднi адпачынку.

Вельмi вясёлым было сьвяткаваньне ў Iўi. Мiнiстар абароны прыслаў вайсковы ансамбаль песьнi i пляскi — цешыць публiку, ды падарункi — чатыры «ўралы» i аўтакран. Прыехаў асабiста тав.Малафееў, якi цалкам перайшоў на iнтэгратарскiя рэйкi і ў пiсьмовым вiншаваньнi назваў краiну «Белоруссией». Абласныя ўлады раптам паведамiлі ў вiншавальнай грамаце, што менавiта ў Iўi (а ня ў Еўi, што за Вiльняй, Вевіс цяпер. Зрэшты, якая ім розьніца!) была ўпершыню выдадзеная граматыка Мялецiя Сматрыцкага.

Дырэктар мясакамбiнату з суседнiх Ашмянаў урачыста ўручыў каўбасныя пакункi старшыням iвейскiх калгасаў, астатнiм засталося толькi парадавацца за лепшых сваiх прадстаўнiкоў. Завяршылася ўсё футбольнай гульнёй у спартыўнай залі. Зборная палаты прадстаўнiкоў плюс ураду завiтала ў правiнцыйнае Iўе! Каб разьбiць мясцовую каманду зь лiкам 13:6.

У Ашмянах тым часам вырашылi, што пакуль не гатовыя да сьвяткаваньня ўгодкаў i перанесьлi яго ажно на 18 лютага, хаця раёны былi створаныя ў адзiн дзень. Дзiва што, калi тамтэйшая раёнка наракае на мясцовы мясакамбiнат, паведамляючы пра пустыя палiцы ў ашмянскiх крамах. Маўляў, на самым бачным месцы адно паперкi з «нормамi одпуску» крупаў, цукру, мукi. Але апроч макароны, цукерак i дарагога вiна, якое нiхто не бярэ, больш купiць няма чаго. I гэта ў памежным зь Вiленшчынай мястэчку, па наш бок «жалезнай заслоны».

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0