Патрыятычная зорка “Мадам дэ Бар”

 

7 лютага 1800 году памерла Ганна Паўліна Ябланоўская з роду Сапегаў. У пачатку 60-х гадоў XVIII ст. яна ў сваіх маёнтках праводзіла радыкальныя гаспадарчыя рэформы, спадзеючыся дапамагчы сялянам палепшыць эканамічнае жыцьцё. У 1768 г. далучылася да Барскай канфэдэрацыі. Пад час узброенай барацьбы знаходзілася ў войску канфэдэратаў, натхняючы сваёй прысутнасьцю барцаў. За гэта ёй далі мянушку “Мадам дэ Бар” — Пані Барскай канфэдэрацыі. Гэтая жанчына стала сымбалем барацьбы Рэчы Паспалітай за незалежнасьць.

Становішча жанчыны XVIII ст. у Рэчы Паспалітай адрозьнівалася незвычайнай для некаторых іншых краінаў свабодай. Маёмасныя інтарэсы рэглямэнтаваліся Статутам вельмі дакладна, але ў выпадку парушэньня яе правоў кабета магла зьвярнуцца ў суд. Ніхто ня меў права сілком выдаць яе замуж… Але рэлігійныя традыцыі і грамадзкая думка ўсё адно абмяжоўвалі ролю жанчыны выключна хатнімі абавязкамі. Мужчынам не магло нават прыйсьці ў галаву, што жанчына можа ўдзельнічаць у паседжаньнях соймаў, кіраваць краінай…

Аднак ня ўсе прадстаўніцы прыгожай часткі грамадзтва пакорліва пагаджаліся з роляй выключна хатняй гаспадыні. Адной з разбуральніцаў традыцый і была Ганна Паўліна Ябланоўская.

Яе бацька Казімір Караль памёр, калі дзяўчыне было дзесяць гадоў. Праз два гады жалобы маці Караліна Радзівіл пабралася шлюбам зноў. Ганна апынулася з маці ў яе новай сям’і. У дзяўчыны склаліся добрыя адносіны з айчымам Юзафам Аляксандрам Ябланоўскім. Той заўважыў у яе схільнасьці да заняткаў эканомікай і нават дазволіў весьці гаспадарчыя справы сваіх маёнткаў у час сваіх працяглых замежных вандровак. Айчым жа знайшоў падчарцы мужа — свайго стрыечнага брата Яна Каэтана Ябланоўскага. Пасьля вясельля маладыя бачыліся нячаста з-за працяглых замежных падарожжаў мужа, у якія ён езьдзіў выключна сам, пакідаючы жонку займацца справамі маёнткаў. У 1764 г. Ян Каэтан нечакана памёр, і Ганна засталася ўдавой безь дзяцей, але з маёмасьцю і велізарным жаданьнем дзейнасьці.

З гэтага часу Ганна Ябланоўская прысьвячае сябе палітычнай дзейнасьці. Непрыязнае стаўленьне да тагачаснага караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста прывяло яе ў шэрагі Барскай канфэдэрацыі, накіраванай супраць расейскага ўмяшальніцтва ў справы краіны і супраць караля як стаўленіка Кацярыны ІІ. Пры гэтым Ганна Паўліна была не шараговай Удзельніцай, а адной са стваральнікаў узброенай апазыцыі. Яна фінансавала арганізацыю баявых груповак, займалася дыпляматычнай дзейнасьцю — шукала замежнай падтрымкі. Аднак усе яе намаганьні не прынесьлі посьпеху канфэдэрацыі, якая была разьбітая расейскімі войскамі на чале з тады яшчэ нікому не вядомым Суворавым.

Няўдача не прымусіла Ябланоўскую цалкам адмовіцца ад палітычнай дзейнасьці, аднак у той жа час трэ было даглядаць і маёнткі. Каб павялічыць прыбыткі, Ганна правяла шэраг рэформаў: урэгулявала сялянскія павіннасьці, увяла 50-гадовую арэнду сялянамі зямлі, пабудавала лякарню для сялян. Безумоўна, ейныя пераўтварэньні не былі рэвалюцыйнымі, але нешматлікія мужчыны ў той час адважваліся хаця б на такое. Да таго ж Ябланоўская яшчэ і пісьмова выказала свае думкі наконт спосабаў вядзеньня гаспадаркі і выдала ва ўласнай друкарні. Штосьці тут было сваё, штосьці сьпісанае ў французаў…

Частку прыбыткаў ад маёнткаў гаспадыня й далей пускала на палітычныя патрэбы. Яна давала значную матэрыяльную падтрымку касьцюшкоўцам і нават узбройвала асобныя атрады. Ужо пасьля апошняга падзелу, калі Рэч Паспалітая зьнікла з мапы Эўропы, кабета ўсё адно падтрымлівала падпольныя антырасейскія арганізацыі з надзеяй на адраджэньне Радзімы.

Яе не чапалі. Мо таму, што была ўжо немаладая, а можа, не пасьпелі. Ганна Паўліна Ябланоўская памерла, маючы 78 гадоў. Яна пакінула па сабе велізарную бібліятэку, калекцыю ардэноў і мэдалёў, а таксама мінэралягічны музэй. І яшчэ легендарны вобраз шчырай патрыёткі, сьмелай і разумнай жанчыны — “Мадам дэ Бар”.

Наталя Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0