Дыскаграфія

 

«MOTIVATION». Пауль Лісэ. CD. (р) 1999.

Значыць, «шырокім праспэктом крочачы», я не зьвярнуў увагу на коўзанку і, пасьлізнуўшыся на лёдзе, ладна так бразнуўся. (Нехта з музыкаў, мусіць, узрадаваўся: каб жа гэты Слухач і здох тут жа!) Ага... Добра да роднай глебы прыклаўся: ня тое што лінзы — зрэнкі павыляталі! На шчасьце, побач крама была спэцыялізаваная, дзе зрок вяртаюць. І там раптам прапанавалі мне дыск набыць кампактны пад назваю «Motivation». Матывацыя была простая: калі я зноў пачаў сьвет белы бачыць, значыць, і слых у парадку. Узяў той дыск, сунуў яго ў прайгравальнік і... Вушам не паверыў!

Прыгожая музыка, халера! Так, электроніка, без кампутара не абышліся, але сам жа кампутар музыку ніколі не напіша. Тут яшчэ трэба, каб у чалавека за маніторам мазгі былі на месцы. Па ўсім відаць, што Пауль Лісэ ведае сваю справу. Дакладная форма твораў, дзе распрацоўка тэмы аркестраваная як мае быць, як, мусіць, у кампазытарскіх клясах кансэрваторыі і выкладаюць. Кожны інструмэнт гучыць там, дзе трэба, і так, як «доктар прапісаў». У цэлым — надзвычай удала напісаны і запісаны матэрыял, які выдае безумоўны кампазытарскі талент аўтара. Шчыра кажучы, зьяўленьня такога роду музыкі ў Беларусі я чакаў даўно. І падобныя спробы ўжо былі. Напрыклад, яшчэ ў аднаго нашага музыканта, які хаваецца пад псэўданімам ROS. Але ён піша менавіта электронную музыку, у той час як Пауль Лісэ — нешта накшталт мініятураў у клясычным акадэмічным стылі, толькі што працуе не з жывым сымфанічным аркестрам, а з кампутарам.

Альбом, які зьмяшчае 14 кампазыцыяў, аўтар прысьвяціў амэрыканскаму псыхолягу Абрахаму Гаральду Маславу. Цяжка здагадацца, у чым сэнс таго прысьвячэньня, хоць па характары музыка безумоўна напоўненая эмоцыямі, але, нягледзячы нават на электроннае ўлоньне, зь якога выйшла, яна па-зямному цёплая, натуральная. А яшчэ — надзвычай вобразная. Гэта цудоўны матэрыял ня толькі для ілюстраваньня тэатру ці кіно, але й і для экспэрымэнтальных харэаграфічных пастановак, тым больш, што адна з п’ес называецца «Morning Ballet Class». І на дадатак — класны дызайн замежнага мастака Stelma-Schon-O.K.a.

Адно насьцярожыла: уласна тэматычная арыгінальнасьць. Практычна кожная п’еса нясе адчуваньне, што гэтую музыку я ўжо недзе чуў. Часам гучыць нешта такое да болю знаёмае, што, здаецца, вось-вось здагадаесься. Пауль Лісэ, сьвядома ці падсьвядома, балянсуе на мяжы разгадкі, але да цытаваньня, плягіяту не апускаецца. Тым ня менш пра арыгінальнасьць тэмаў можна дыскутаваць.

Я ўрэшце дакапаўся да аўтара і, працёршы лінзы, здолеў яго добра разгледзець. Пауль Лісэ (у сьвеце — Паша) папрасіў ягонага псэўданіму не раскрываць. Музычнай адукацыі, дарэчы, у яго, здаецца, дагэтуль няма. Але ж чуць у галаве цэлы аркестар — вялікі талент! Паша прызнае, што па статусе ён — кампазытар самадзейны (!), што напісаў колькі твораў больш буйной формы, у тым ліку Канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, але плянуе запісваць яго не раней як праз год. Выступіць у бліжэйшы час з публічным канцэртам пакуль не сьпяшаецца, але не выключае гэтага.

Карацей, гэты альбом лічу адной з найбольш значных падзеяў на беларускім музычным рынку ў мінулым годзе. А калі каму сапраўды карціць далучыцца да «Матывацыяў», настойліва раю пакоўзацца на лёдзе каля крамы «Zeiss», што па вуліцы, прабачце, імя Сьвярдлова. А потым з мэтаю выправіць пашкоджаны расейскаю папсой слых зазірнуць у тую краму. Там вас, спадзяюся, з задавальненьнем і «абматывуюць» кампакт-дыскам. За невялікую суму.

Ужо Матываваны Слухач

 

«НЯБАЧНЫ МУР. Міжнароднае спатканьне бардаў у Мінску». Розныя выканаўцы. (р) 1999. «Культурны кантакт», Goethe-Institut Minsk, Instytut Polski.

На пачатку кастрычніка ў Менску на «Вольнай сцэне» адбыліся два канцэрты чатырох бардаў, што прадстаўлялі тры краіны — Беларусь, Нямеччыну, Польшчу. Запісы з тых канцэртаў і склалі гэтую касэту.

Алесь Камоцкі — лірнік і лірык — мусіць, нават і выпадаў з таго квартэту, перадусім таму, што сапраўды выступаў з пазыцыяў выключна рамантычна-інтымных, глыбока асабістых, засяродзіўшыся пераважна на творах рамансавых. Сярод іх былі і сучасныя рамансы на вершы Рыгора Барадуліна зь нізкі «Зорка спагады», якую рыхтуе да выданьня на касэце і асобнай кніжкай адначасова «Каўчэг». Цудоўная беларуская мэлядычнасьць песень, чысьцюткі голас, сам выгляд самотнага ваганта. Дзяўчаты, безумоўна, былі скораныя Алесем...

Шыман Зыховіч уразіў манерай сьпяваньня. Такой, прынамсі, у асяродзьдзі айчынных бардаў сустракаць не даводзілася. Ён гітарыст з джазавым досьведам, што адчуваецца адразу: акампанэмэнт нібы існуе асобна ад мэлёдыі, а акторскі голас дазваляе зразумець вершы нават тым, хто ў пальшчызьне — ні бум-бум. Хоць такіх у нас няшмат. Манера Шымана ўвабрала ў сябе ня толькі дух кракаўскіх (сапраўдных!) кабарэ, дзе ён выступае, але і досьвед, скажам, канадца Леанарда Коэна, паляка Марка Грэхуты. Спадар Ракіцкі, які вёў тыя канцэрты, паабяцаў, што Шыман неўзабаве выступіць у Менску яшчэ. Настойліва раю!

Немец Дытэр з такім канцылярскім прозьвішчам Калька паспытаў ад лёсу ўсяго. Жыў у ГДР за камуністаў — крытыкаваў іх у песьнях. Уцёк у ФРГ — і пачаў зьдзекліва сьпяваць пра «грымасы буржуазнага грамадзтва». Атрымаў добра і ад тых. Цяпер жыве проста ў Нямеччыне, проста піша кніжкі і проста сьпявае. Пераважна пра свабоду. Вершы вострыя, публіцыстычныя, шмат у чым нам незразумелыя і шмат чым блізкія. Да таго ж, Дытэр Калька быў ці ня першым у Менску музыкантам, які выступіў тут пад акампанэмэнт банданэона — гэткага гібрыда заходняга акардэона і ўсходняга гармоніка. Карацей, бард нямецкага разьліву.

Нарэшце, Віктар Шалкевіч. Ён гэтым разам не сьпяваў ні пра таварыша Сапегу, ні пра жлобскую нацыю. Быў спакойны і зьедлівы. Сьпяваў новыя (прынамсі, для мяне) песьні. Супэріранічныя і мастакоўскія, актуальна-адраджэнскія («Менскі часопіс «Аrche» і цагліна з Ружанскага замка»), часам — песьні «на мяжы» («Рэквіем па настаўніцы»). Лішне казаць, што Шалкевіч валодае асаблівасьцю магічнага ўзьдзеяньня на аўдыторыю, якую амаль бяз руху, амаль безгалосна прыбірае да рук, як той Кіркораў — чужыя мэлёдыі. «Мы ехалі да Магілёва» — гэта песенны абразок, які сягае рангу шэдэўру.

Карацей, ёсьць што паслухаць на той касэце. Гэтыя песьні калі і ня зносяць муроў самі, дык, прынамсі, лёгка празь іх пералятаюць. Чакайма на новыя сустрэчы па-над мурамі.

Змураваны Слухач

«ИСТОРИИ». Група «Пані Хіда». МС. (р) 1999. «Ковчег»—В.М.А. Records».

Ну, гісторыя! Пазалетась, калі галава ня хібіць, калі каранавалі лепшых рокераў і «прылучаных» да іх, была такая намінацыя «Кліп году», у якой «Рок-карону» атрымала група з такім аптымістычным, жыцьцялюбівым назовам — вытворным ад «Паха Ваня» ці нечага падобнага. Песьня, калі не памыляюся, звалася «Сьлёзы на соснах». Ужо ў назьве песьні чулася глыбокая паэзія. Ці, калі гэта сосны, — высокая паэзія. Пераможцы намінацыі атрымалі магчымасьць бясплатна запісаць на менскай студыі «Mezzo Forte» альбом, што яны і зрабілі.

Ну, гісторыя! Год усяго мінуў. Забыўся кліп той, высахлі сьлёзы на соснах, а самі сосны сьпілавалі й прадалі за валюту ў Ісламскую Рэспубліку Іран. І тут раптам — маеш! Новы бясплатны альбом. Можа, калі б за запіс давялося плаціць, ён бы і куды лепшы атрымаўся. А так — паслухаў я, выцер сьлёзы і падумаў: хлопцы, а нашто на пахаваньне было гэтак сьпяшацца? Туды мы заўсёды пасьпеем, ды там жа нікога не цікавіць, добры атрымаўся альбом ці не. Але нашто ж трэба было фіксаваць на стужцы, так бы мовіць, цела, якое (вобразна кажучы) не пасьпела астыць?

Ну, гісторыя! Здаецца, чым тыя сосны секлі, тым і песьні тыя пісаліся. Што па стылістыцы, што па форме, што па зьмесьце — скрозь летальны зыход! Матэрыял недапрацаваны, сыры, рыхлы, і за выняткам дзьвюх-трох (як найбольш) песень альбом нічым, па вялікім рахунку, парадаваць ня можа. Музыканты то амаль чыстую папсу выконваюць, то нешта падробна-этнічнае («Будэ цыгеняске»), то ўвогуле — духоўна-герэтычнае («Православие»). Аднак ледзь не ва ўсіх песьнях уласна тэкставы зрэз застаецца настолькі невыразны, што па сканчэньні песьні так і карціць запытацца: а што сказаць хацелі? Не, бываюць, вядома, тэксты глыбока асацыяцыйныя, але тут — яны такія нейкія цалкам наадварот.

Ну, гісторыя! Калі паставіць за мэту перагнаць усіх па колькасьці выдадзеных альбомаў, дык выданьне гэтай касэты працуе на той плян дасканала. Але калі дбаць пра мастацкі ўзровень, дык варта было б лепш перачакаць узнагароду «Рок-каранацыі» і не капаць яму для саміх сябе, спачатку вызначыўшыся ня столькі са стылістыкай, колькі з пытаньнем «дзеля чаго ўсё робіцца?». Ідэя, як казалі тэарэтыкі рок-н-ролу з часоў Маркса, дыктуе ўсе далейшыя крокі (цытата вельмі прыблізная, затое праўдзівая). Тут жа атрымалася нейкае непаразуменьне. Спадзяюся — часовае, бо наяўнасьць здаровага патэнцыялу ў «Пані Хіды» ня можа не пачуць хіба толькі нябожчык. Але гэтым альбомам група годнага ўнёску ў гісторыю айчыннай музыкі ўсё ж не зрабіла.

Зрэшты, і ў клясыкаў року здараліся няўдалыя праграмы...

Хаўтурны Слухач

 

«ИСПОВЕДЬ. Памяти Тамары». Валер Галаўко. CD. (р) 1999.

Іншым разам, сустракаючы падобныя па назьве праграмы, настройваесься на больш-менш сур’ёзную музыку. Ды заўсёды чуеш нешта такое, што да споведзі мае прыблізна тое ж дачыненьне, што беларуская судовая практыка — да сумленьня.

У выпадку з Валер’ем Галаўко — справа цалкам іншая. Гэты альбом — сапраўдная музычная споведзь чалавека, які страціў блізкага сябра, жонку. Цалкам магчыма, калі б ня тая аўтакатастрофа, мы б дагэтуль не прыгадалі імя кампазытара — даволі знанага ў свой час музыканта, які меў аўтарскі канцэрт у Ленінградзе, працаваў у «Песьнярах», пісаў музыку акадэмічную і папулярную, вершы, некаторыя зь якіх сталіся асноваю песень, што выдадзеныя на гэтым альбоме.

Тут ня варта крэмзаць паперу ў роздуме наконт канцэптуальнасьці, структуры, якасьці аранжаваньняў і запісу. Усё гэта тут ёсьць, бо задумана і зроблена прафэсіяналамі. Але ня ў выніку дакладнага праліку сытуацыі, халоднага роздуму, а як крык параненага сэрца. І ўсе, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы альбому, пачулі той немы крык і спрацавалі чэсна і шчыра. У большасьці песень салюе Валерый Дайнэка, прычым каля трох песень Валер’я Галаўко пэўна ўвойдуць у ягоны сталы рэпэртуар. Напрыклад, «Мама». Іна Афанасьева сьпявае тужлівую «Осенний дождь». Філігранна працуе вакальная група «Камэрата», вядучыя інструмэнталісты краіны, сярод якіх Сяргей Анцішын, Уладзімер Ткачэнка, Кастусь Гарачы, Дзьмітры Бударын... Суворы і прадуманы дызайн альбому (фота Аркадзя Булвы, дызайн — Валер’я Латушкіна).

Самі ж песьні, на вершы Шэксьпіра, Туравай, Шэлехава, пакідаюць адчуваньне дрыготкага цяпла. Не, яны ня шлягеры і ў гіт-парады наўрад ці патрапяць. Яны проста вышэй за ўсю гэтую папсовую мітусьню, бо шчырыя і напісаныя сэрцам, а ня зробленыя кельмаю. На маю думку, у бліжэйшыя гады Валер’ю Галаўко ня варта было б наогул нічога выдаваць у жанры песьні. Па-першае, гэтай праграмай ён сказаў столькі, колькі іншы ня скажа за ўсё жыцьцё; па-другое, баюся расчаравацца, калі раптам пачую нешта такое, што па ўзроўні хоць крыху саступіць «Исповеди» — ціхаму, шчымліваму альбому песень, якія напэўна застануцца жыць у часе.

Гэта я шчыра кажу, бы на споведзі.

Прасьветлены Слухач


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0