Новыя кнігі, дасланыя ў рэдакцыю

 

У.Арлоў. Таямніцы Полацкай гісторыі. — Менск: Полымя, 2000. — 464 с.: іл. — Наклад 4000 ас. ISBN 985-07-0302-4

Гэта дапоўненае трэцяе выданьне (першае было беларускім, другое — расейскім) бэстсэлера Ўладзімера Арлова. Кніга выдадзеная ў дзяржаўным выдавецтве.

Гарадзеншчына: Назвы населеных пунктаў паводле легендаў і паданьняў. Складаньне, запіс і апрацаваньне А.Ненадаўца. — Менск: Беларусь, 1999. — 398 с.: іл. — (Мой родны кут). — Наклад 2000 ас. ISBN 985-01-0016-8

Кніга з сэрыі выданьняў пра народную этымалёгію назваў беларускіх паселішчаў. Ужо выйшлі кнігі пра тапонімы Берасьцейшчыны й Меншчыны. Гэткім чынам сэрыяй ахопленая ўся заходняя Беларусь — гістарычная Літва. Прыкраю памылкаю гэтага выданьня ёсьць называньне Горадні на польскі лад — Гародняй, што вельмі часта практыкуецца ў беларускіх кнігах. Цана ў кнігарні выдавецтва “Беларусь” (месьціцца ў пераходзе пад пляцам Перамогі) 900 з гакам рублёў.

С.Даніленка. Міт і Радзіма: Сакралізацыя дзяржавы-Радзімы ў літаратуры польска-беларускага рамантызму / Рэдакцыйная калегія: А.Ненадавец (адказны рэдактар) ды інш. — Менск: Палібіг, 1999. — 114 с. — Наклад 400 ас. ISBN 985-6178-66-5

Аўтар аналізуе міталягічныя кампанэнты літаратуры Беларусі першае паловы XIX ст. у творчасьці Чачота, Дуніна-Марцінкевіча й Баршчэўскага. Цана — 1500 рублёў.

Спадчына: Часопіс. №5-6, 1999. — 288 с. — Наклад 2158 ас. ISSN 0236-1019

Гэта юбілейны нумар, “Спадчыне” — 10 гадоў, калі не адлічваць ад бюлетэню “Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі”. Друкуецца аповесьць Юркі Віцьбіча “Лшона Габоа Бійрушалайм” (”Налета ў Ерусаліме”), упершыню апублікаваная ў “Полымі рэвалюцыі” (№2—3, 1933): у творы апісваецца дарэвалюцыйнае жыцьцё й першыя гады па кастрычнікавым перавароце тыповага беларускага мястэчка Грайронак, пад якім хаваецца цяпер падрасейскі Вяліж — бацькаўшчына Віцьбіча. У артыкуле Яна Станкевіча “Крывіччына ў “Толков”ым словар’у” В.Даля” разглядаецца абсяг беларускае лексыкі, што ўжываецца ў клясычным слоўніку расейскае мовы. “Спадчына” працягвае перадрук матар’ялаў з гісторыі беларускае палітыкі 1920-х: у нумары зьмяшчаецца “Пратакол паседжаньняў Беларускай нацыянальна-палітычнай нарады ў Празе” 26-30.09.1921 г.

Студэнцкая Думка: Часопіс. №1, 2000. — 40 с. — Наклад 1000 ас.

Калі хто не чытаў гэтага нумару перад сэсіяй (у ім шмат парадаў, як унікнуць непрыемнасьцяў у часе здаваньня іспытаў), дык варта заглянуць на ягоныя бачыны хаця б з нагоды публікацыі адметнага артыкулу Лобача пра Каляды.

Колокол времен: Популярный исторический журнал. №1, 2000. — 15 с. — Наклад 10000 ас.

Гэты часопіс, хоць і па-расейску, але сьцісла й досыць зьмястоўна выкладае перад неабазнаным у гісторыі чытачом найцікавейшыя факты зь беларускае мінуўшчыны. Выпуск прысьвечаны таямніцам Нясьвіскага замку й пярліне нашага дойлідзтва — Мірскаму замку. Шмат цікавых фотаздымкаў.

What & where: Справочный журнал для туристов и деловых людей. №1. Январь — март 1999 г. — Менск, 1999. — 32 с. What & where: Справочный журнал для туристов и деловых людей. №2. Апрель — август 1999 г. — Менск, 1999. — 32 с. What & where: Справочный журнал для туристов и деловых людей. №1. Сентябрь 1999 г. — март 2000 г. — Менск, 1999. — 32 с.

Часопіс ня толькі дае парады «деловым людям», але й прапагандуе краязнаўства й беларускую мінуўшчыну. У першым нумары зьмешчаныя нарысы пра Нясьвіскі замак, беларускую нацыянальную кухню, балет і строі. У другім нумары — Мірскі замак, помнік «Хлопчык і лебедзь» у менскім Аляксандраўскім сквэры, гісторыя выставачнага цэнтру «Белэкспа». У трэцім нумары — цікавыя матар’ялы пра славутыя мясьціны Наваградку й нарыс пра рэстаўраваную Лошыцкую сядзібу ў Менску. Выданьне багата ілюстраванае каляровымі здымкамі, вокладка аздобленая гравюрамі Напалеона Орды з выявамі беларускіх замкаў. Тэксты падаюцца па-расейску і па-ангельску; кароткія зьвесткі пра Менск вы знойдзеце па-француску, італьянску і польску. Беларускай мове ў часопісе месца няма, бо, як сьведчаць аўтары, у Беларусі «почти повсеместно используется русский язык».

Кнігі чытаў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0