ЛІТАРАТУРА І ГРОШЫ

Часопіс «Узвышша» ў 1920-х выдаваўся на грамадзкіх пачатках. Днём — праца ў навучальных установах або рэдакцыях, увечары — за гранкі. А цяпер ужо ня тое!.. «Народныя пісьменьнікі» адвыклі пісаць «дзеля ідэі».

 

Беларускія пісьменьнікі ніяк ня могуць даць веры, што ў цяперашнім жыцьці немагчыма пражыць толькі за кошт пісаньня раманаў. Адбылося гэта не таму, што людзі раптам сталі “некультурнымі і нічога не чытаюць”. Проста мы перайшлі з эпохі друку ў эпоху тэлебачаньня. У часы таталітарызму існаваў невялічкі канал інфармацыі (дазаванай і кантраляванай). Таму “Атлянты і карыятыды” або “Ў вайны не жаночае аблічча” выходзілі мільённымі накладамі. Можна было прачнуцца “зоркаю” пасьля аднаго артыкулу ў газэце.

Сёньня нават супольныя тэматычныя нумары “НН”, “ЛіМа” і «Калосься» ня зробяць цябе зоркаю. Бо ў людзей зьявілася процьма розных зацікаўленьняў і спакусаў. Хтосьці глядзіць БТ, хтосьці MTV. Цяпер практычна немагчыма дагадзіць густам вялікай колькасьці чытачоў. Адсюль малыя наклады, яшчэ меншыя ганарары.

Нават камуністы ўжо не дапамогуць. Як немагчыма сонца прымусіць каціцца ў іншы бок, так і беларусаў — глядзець толькі БТ. Беларускія пісьменьнікі мусяць усьвядоміць сваё іншае наканаваньне.

Спытаецеся, навошта пісаць, ведаючы, што за гэта не атрымаеш ні капейкі? І сапраўды, навошта?

Да гэтае праблемы па-рознаму ставяцца ў сталіцы і правінцыі. Правінцыйныя літаратары, якія ніколі не жылі выключна з ганарараў, нават і не заўважылі прышэсьця прыкрага новачасься. Чаму яны пішуць? Проста ёсьць патрэба.

Іван Фурсевіч, аўтар часопісу “Калосьсе”, чалавек, які ў юнацтве паспытаў гулагаўскай пайкі, нядаўна мяне неверагодна зьдзівіў. У сваім лісьце ён прапанаваў павялічыць пэрыядычнасьць выхаду “Калосься”: маўляў, гатовы пачаць зьбіраць грошы ў родных Докшыцах. Вядома, мы адмовіліся. Але якая тэндэнцыя!

Сталічныя ж літаратары у большасьці сваёй перш-наперш абавязкова спытаюцца пра расцэнкі за друкаваны аркуш. Абурацца: як гэта бясплатна? Столькі ж начэй працаваў над рукапісам! І пачнуць распавядаць пра цяжкасьці творчай працы, як пра нейкую шабашку.

А вось Лявон Вашко з Мастоў цэлы месяц у лістах апісваў ідэю стварэньня “каапэратыўнай друкарні”. Пісьменьнікаў дваццаць-дваццаць пяць скідваюцца, на агульныя грошы набываюць рызограф і іншае начыньне і пачынаюць па чарзе, як блінцы, пячы кнігі. Ён нават каштарыс склаў. Трыста баксаў з брата, і ніякіх праблемаў. З гэтай сваёй ідэяй ён абышоў палову Менску. Уяўляю, як камэнтавалі прапановы “вольнага друкара” ў сталічных кулюарах. Бо… навошта друкаваць свае кнігі (вядома, за ўласныя грошы), калі за іх ніхто табе не заплоціць? Удвох набыць рызограф мы, вядома, ня здолелі.

Неўзабаве ў Полацку пабачыць сьвет зборнік вершаў Ганны Брэскай, полацкай паэткі-маладнякоўкі 20-х гадоў. Яе імя вы ня знойдзеце ў літдаведніках. А паэтка была таленавітая. Як ня выправіць несправядлівасьць? Але ніхто не дае веры, што Брэскую будзем выдаваць за свой кошт. Пачынаюць выдумляць усялякія глупствы, абы толькі ня верыць, абы толькі апраўдаць сваю безыніцыятыўнасьць.

Полацкая паэтка Надзея Салодкая ўпарта працягвае рабіць на сваім пэрсанальным кампутары ўласныя кнігі. Нядаўна падаравала мне чарговы, чацьверты, зборнік “Арытмія”. Вось радкі адтуль:

Я прасіла ў Бога не багацьця —
Шчырую, самотную душу,
Не спакою ў апусьцелай хаце —
Голасу, якому не схлушу.

Чысты аркуш, лямпа і аловак
І радкоў пранізьлівы акорд.
Набірае сілу голас слова,
І сыходзіць нематы дакор.

Салодкая бачыць свой паратунак у напаўненьні культурнай прасторы вакол сябе.

Другая полацкая паэтка, зусім юная Тацяна Хмара, з гэтай самай прычыны летась пачала выдаваць уласную газэту “Палімпсэст”. Гэткіх ініцыятываў катастрафічна не стае для Беларусі.

Разумею скарынаўскі сьверб рэдакцыі «ARCHE». Выдаюць адзін часопіс, другі задумалі. Ня ўнукі Ракфэлера і не пляменьнікі Гейтса, а вось — выдаюць. Старэйшыя ж нашы пісьменьнікі ніводнага незалежнага выданьня так і ня здолелі заснаваць. Затое зь якой настальгіяй апавядаюць яны пра “хлебасольства” Макаёнка або спрэчкі літаратурных галіятаў, хто багацейшы. І грошы мелі, і сувязі, і вядомасьць. Усё страцілі, чакаючы, калі ім зноў пачнуць плаціць ганарары. Засталіся толькі крыўды.

Камуністы навучылі атрымліваць добрыя грошы за культурніцкае слугаваньне. Лецішчы, пэрсанальныя аўто, кватэры ва ўрадавых дамах. Ці станеш пасьля гэтага на грамадзкіх пачатках выдаваць “Узвышша”? Па-першае, страшна без дазволу. Па-другое, як гэта — бясплатна?

А правінцыя ўсё яшчэ паважае людзей, якіх па старой завядзёнцы завуць “пісьменьнікамі”. Яна яшчэ не развучылася чытаць кнігі і шчыра ставіцца да прачытанага. Тут сярод інтэлігентных людзей мясцовыя выдавецкія праекты маюць розгалас і рэзананс.

Пісьменьнік ня можа сёньня завабіць вялікую колькасьць чытачоў, часам ён цяпер піша для самых блізкіх, часам ён ведае ў твар большасьць адданых прыхільнікаў уласнай творчасьці. А хто можа быць бліжэйшы за землякоў, якія гатовыя зьбіраць грошы па кватэрах на выданьне тваёй кнігі?

Алесь Аркуш, Полацак


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0