Царкоўна-касьцельная «нічыя»

Кiраўнiцтва краіны можа спаць спакойна: з дапамогай уладаў на Гарадзеншчыне царква нарэшце дасягнула парытэту з касьцёлам. Праваслаўных парафiяў нават на адну больш, усяго — 170. Праўда, касьцёлаў-будынкаў больш на пяць, iх 167. Ксяндзоў пакуль што таксама крыху болей — 154, а бацюшак 138. Аднак апошнiя амаль усе свае, толькi ўкраiнец служыць у Гальшанах, а расiянiн — у Астрыне. А сярод ксяндзоў 68 толькi палякаў, ёсьць немец (у Дзярэчыне) i пяць сьвятароў зь Лiтвы.

У кадравым пытаньнi царква пераўзышла касьцёл значна. У Жыровiцкай сэмiнарыi займаецца 232 чалавекi на стацыянары i 191 вучацца завочна. Плюс яшчэ 22 лiчацца навучэнцамi акадэмii. Ёсьць i 30 чалавек у рэгенцкай школе, якiя будуць кiраваць царкоўнымi харамi. Летась вучэльня выпусьцiла разам з завочнiкамi 72 бацюшкi. А Гарадзенская каталiцкая сэмiнарыя — толькi 10 ксяндзоў. Навучэнцаў у ёй усяго 121. Праваслаўных манахаў — мужчын i жанчын — таксама болей — 89, а ў чатырох каталiцкiх жаночых кляштарах вобласьцi агулам 40 мнiшак. Праўда, у вобласьцi працуе шмат «сёстраў законных», якiя прыехалi з Польшчы.

Усе гэтыя лiчбы далі на прэсавай канфэрэнцыi ў Гарадзенскiм аблвыканкаме 3 лютага. Старшыня мясцовага Камiтэту ў справах рэлiгii Мiхаiл Кантаровiч сказаў, што сам ён «няверуючы», паходжаньня праваслаўнага. Ён таксама паведамiў, што «2000-годзьдзе хрысьцiянства» — сьвята дзяржаўнае, што ўлады ўключылiся ў прапагандысцкую работу i нават распрацавалi плян выпуску прадукцыi з сымболiкай «сьвята». Кульмiнацыяй усяго будзе вялiкi сход грамадзкасьцi, прысьвечаны ўгодкам Iсуса Хрыста, заплянаваны на травень.

Журналiсты таксама пачулi, што ў вобласьцi адбываецца «лабiраваньне iнтарэсаў сумежных краiн» i «рост процiдзеяньня з боку апазыцыйных дэструктыўных сiлаў з мэтаю расколу праваслаўнай царквы». А менавіта — некалькi польскiх ксяндзоў (прозьвiшчы былi названыя), прыехаўшы да нас з прыватнымі вiзамі, прыходзiлi да касьцёлаў i правiлi набажэнства. Падобныя выпадкi былi, напрыклад, у Поразаве, Шчучыне, Лiдзе. Усе вiзыторы папярэджаныя, каб не займалiся нелегальнай дзейнасьцю. У Лаздунах Iўеўскага раёну мясцовы ксёндз без дазволу правёў мiжнародны фэстываль каталiцкай моладзi i прыняў удзел ва ўшанаваньнi жаўнера Армii Краёвай.

Што да царквы, дык да яе таксама, як нi дзiўна, ёсьць прэтэнзii. Царкоўнiкi, адчуваючы поўнае спрыяньне з боку ўладаў, iмкнуцца наладзiць «сыстэматычную работу» з моладзю ў ВНУ i школах, адкрываюць дзiцячыя летнiя лягеры. Але такiя спробы, паводле словаў сп. Кантаровiча, уладамi спыняюцца. У астатнiм царкве дапамагаюць грашыма i чым толькi можна, Жыровiцкаму кляштару — нават на ўзроўнi прэм’ера Лiнга. Адзiная праблема — спробы зарэгiстраваць грамады Беларускай аўтакефальнай царквы, якая не падначальваецца Маскве, у Пагранiчным i ў Слонiме. Кажуць, гэта магчыма толькi «праз труп улады». У Пагранiчным, каб людзi не хадзiлi да бунтаўніка-сьвятара Яна Спасюка, улады нават дамовiлiся, што чыгуначнае начальства аддасьць сталоўку пад «правiльную» царкву.

Ёсьць i iншыя клопаты ва ўладаў. У Скiдзелi дазволiлi пабудаваць касьцёл побач з аўтамагiстральлю Горадня—Менск, а потым спалохалiся: усё ж-такi не царква. Узялi ды захiлiлi касьцёл ад дарогi бэнзазаправачнай станцыяй. У Зэльве пратэстанты купiлi пад храм цiр(!). Зноў улады пашкадавалi: надта ж месца прыгожае!

Новаапостальская абшчына ў Гораднi паспрабавала купiць пад храм музэй баявой славы, вэтэраны не дазволiлi! Тады вернiкi набылi былую сынагогу на вул.Сацыялiстычнай. Дык сталі абурацца юдэі.

Дзеля справядлiвасьцi трэба адзначыць, што сп.Кантаровiч ня толькi выкрываў дэструктыўныя падкопы, але нават пахвалiў мясцовых ксяндзоў за тое, што некаторыя вядуць набажэнства i карыстаюцца штодня беларускай мовай (былi названыя прозьвiшчы). Што да польскiх, якiя ўсё едуць i едуць да нас, дык у iхнай Польшчы, аказваецца, парафii перанасычаныя сьвятарамi — па 7—8 чалавек бывае ў адной, усiм не стае працы. Вось i кiруюць да нас, прычым праводзяць польскiя iнтарэсы. Некаторым, праўда, шчасьціць не на ўсход паехаць, а ў Нямеччыну, дзе плоцяць па 1 тысячы даляраў. Але там, са словаў чыноўнiка, таксама касьцёлы перапоўненыя ксяндзамi. Зьбяруцца ўсе разам у нядзелю на iмшу, а потым «сходзяць з ума, заняцца няма чым», паколькi ў звычайныя днi там у храмы амаль нiхто ня ходзiць, людзi грошы зарабляюць.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0