Біржа

Чаму гэтае месца называюць «Біржай», ня ведаю, але і па сёньня кожны доўгажыхар Грушаўкі скажа: «Пайшоў на біржу» альбо: «Быў учора на біржы».

Калі збочыш з вуліцы Чыгуначнай у праезд аўтабазы, пройдзеш паўз нагрувашчаньне гаражоў, узьнімесься па раструшчаных бэтонных прыступках стромкае лесьвіцы альбо па сьцежцы ўздоўж яе, і калі ўрэшце ўбачыш трохі зьлева амаль сярэднявечнага выгляду парэшткі муроў былога ДК камбінату сылікатных вырабаў, ведай — ты на Біржы. Дакладней, на яе ўскрайку.

Менавіта гэтай сьцяжынаю маці вадзіла нас некалі зь меншым братам у дзіцячую паліклініку, якая колісь месьцілася тут у адным з баракаў. Страшнавата было крочыць між цёмных і нібы ўрослых у зямлю гаражоў, збудаваных з рознага ламачча. Затым караскацца, хапаючы рукамі траву, па схілах высознага ўзгорку і блукаць між старых і чорных надмагільных камянёў з выбітымі на іх крыжамі і незразумелымі нам тады лічбамі і літарамі. Амаль заўсёды на паваленых гэтых камянях, у розных кутках былых могілак нейкія зашмальцаваныя дзядзькі — хутчэй за ўсё, рабочыя зьмешчаных паблізу прадпрыемстваў сац. гаспадаркі — з выгодамі пілі «Солнцедар» альбо «Лучистое» з рыльцаў вялікіх і чорных бутэлек.

А трохі пазьней, у школе, наш настаўнік маляваньня Антон Іванавіч прыводзіў нас сюды на свае ўрокі. І як жа прыемна было ў сонечны верасьнёўскі альбо кастрычніцкі дзень зьбіраць тут такія вялізныя і прыгожыя кляновыя лісты, маляваць іх потым у альбом, а лепей за ўсё — проста дурэць, сьмяяцца і насіцца між дрэваў і магільных камянёў, паваленых, і таму зусім ня страшных, па такой зялёнай яшчэ траве. А калі супакоіцца раптам на хвілінку, павярнуцца ў бок роднай Грушаўкі, дык можна было ўбачыць ня толькі свае брудна-шэрыя цагляныя і брудна-жоўтыя блочныя хрушчоўкі, але і там, далей, недасяжна-вабныя гмахі на пачатку праспэкту Пушкіна, якія яшчэ толькі будаваліся тады. А з прачыненых вокнаў неразбуранага яшчэ ДК чуваць былі ня вельмі ўпэўненыя гукі нейкіх музыкаў...

Цяпер ужо даўно і знаку няма, што тут некалі былі тыя могілкі. Толькі ацалелыя старыя дрэвы пакуль яшчэ вартуюць спачылыя пад імі душы. Ды нейкім дзіўным прывідам стаяць рэшткі муроў ДК.

А самы цэнтар Біржы — скрыжаваньне вуліц Мініна і Папова — амаль не зьмяніўся. Як і даўней, пад’ехаць сюды з «гораду» можна на аўтобусе 6-га маршруту, здаецца, тым самым старэнькім «ЛАЗе» з майго дзяцінства. Тут па-ранейшаму стаіць прадуктовая крама, у якой і сёньня гандлююць «чарніламі», толькі ўжо зь «незалежнымі» назвамі кшталту «Падвячорак» ды «Крыжачок», а зашмальцаваныя дзядзькі часьцяком ужываюць іх тут жа, на прыступках ля дзьвярэй, бо ня могуць стрываць, каб адысьціся колькі крокаў хоць бы да былых могілак.

Раман Станкевіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0