БТ-2 пасуне ОРТ у эфіры

 

Урадавая нарада пастанавіла: БТ-2 — быць! Ягоным шэфам стане Іван Пашкевіч. Стварацца канал будзе на базе Пашкевічавага «Міру». Праўда, базы той замала — напэўна, загадаюць Кісялю падзяліцца. ОРТ перакрыюць, затое РТР абяцае інвэстыцыі. Хутчэй за ўсё, спачатку расейскі канал перакрыюць часткова — асноўныя забаўкі пакінуць, а інфармацыйныя праграмы заменяць.

Будзем адвыкаць жыць расейскімі — думскімі й чачэнскімі —турботамі. Дарэчы, як паказвае досьвед радыё «Мір», патронам якога той самы Пашкевіч, там хоць і пануе расейшчына ў музыцы й навінах, але й беларускае — ня рэдкі госьць, і не забываюцца, што на сьвеце існуюць Украіна, Польшча і іншыя мацерыкі.

З увядзеньнем другога каналу аўтаматычна павялічыцца колькасьць (мо, дзеля канкурэнцыі, і якасьць) беларускіх навінаў. Важна таксама, што ў краіне будуць заставацца вялікія рэклямныя грошы і зьявяцца новыя працоўныя месцы.

Адно непакоіць — на нарадзе, акрамя Замяталіных, сядзеў і кіраўнік беларускага аддзяленьня афіцыёзнага расейскага «Інтэрфаксу» сп.Зяньковіч. Як бы нам расейскі алігархічны погляд не замянілі на расейскі службісцкі...

Цяпер на парадку дня галоўным будзе стаяць пытаньне якасьці беларускіх тэлеканалаў.

Арцём Лук’яновіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0