дзёньнік ваеннаабавязанага

Сэрца нацыяналіста

 

Рыхтуючыся да адпраўкі ў войска, я, мабыць, падсьвядома маніўся сурочыць гэтую падзею. Належным часам я прыбыў на абласны зборны пункт. Наўкол ужо тоўпіліся шматлікія праважатыя, між якіх засталіся мае бацькі, браты і дзядзька Коля. У т.зв. «спальным пакоі прызыўнікоў», куды мяне скіраваў ласкавы таварышч ахвіцэр, ужо кучкавалася колькі чалавек. Нехта тужліва зерыў у вакно. Хтосьці з іранічнай пасьмешкай лузаў белыя семкі. Пара чалавек, размаўляючы на знаёмай па Белым Балоце гутарцы, пасядалі на ўскрайку драўляных двухпавярховых нараў, якія станавілі дамінанту «спальнага пакою». Усе апранутыя ў старызну — тэхналёгія бо вяртаньня альбо захаваньня вопраткі прызыўнікоў вельмі няпэўная. Сэрца троху трымцела ад прадчуваньня майго пераходу ў новую якасьць. Хутка пакой запоўніўся аж занадта. Бальшыня хлапцоў была ў ладным пахмельлі.

Неўзабаве нас паклікалі на мэдычны агляд. Дык жа праверыўшыся ў акуліста ды распрануўшыся пасьля да майткоў колеру хакі, я зь біты час трываў чаргу да тэрапэўта. Раз-пораз у калідоры сноўдалі ахвіцэры розных родаў войскаў у пошуках сярод прызыўное гушчы нейкіх асобных пэрсаналіяў. Аднаго дзецюка ў чарзе замліла, і таго адаслалі на прамыцьцё страўніка. Я ж круціў-вярцеў у рукох сваю асабістую справу, у правым куце якой была пазначаная група прыдатнасьці «2» ды шыфр адпраўкі: К-5525. Душыў нэрвовы сьмех — ня верылася, што йду служыць міліцыянтам у Гомелі. Калі ж падышла мая чарада, я заўважыў, што цётачка надта пільна разглядае маю кардыяграму. Пасьля яна хвілін пяць выслухоўвала маё сэрца, каб урэшце выправіць на даабсьледаваньне ў кардыялягічны дыспансэр. Там мусілі спраўдзіць альбо абвергнуць два меркаваныя дыягназы, сярод якіх быў і спрыродны хіб сэрца. Зразумела, што ў войска я ня трапіў. Родныя былі ўсьцешаныя. Я ж пачуваўся зь мёртвых паўсталым, так хораша было мне. Увечары завітаў на сяброўскую «Талаку», прыхапіўшы торцік і салодкую вадзіцу з бурбалкамі. Гарэлка, знаеце, за палову студзеня досыць астабрыньдзела ўжо.

Наступным днём я паехаў у кардыялягічны дыспансэр, што на другім канцы Гомеля. Мяне ўжо мала што бянтэжыла: ані платная кардыяграма, ані адсутнасьць паказальнікаў аб месьцішчы прыбіральняў. Людзёў жа было паўненна. Хтосьці з гораду, хтосьці з раёну. Кожны жаліцца, кожны скардзіцца. Адная кабета спамянула ліхім словам дзядзьку Сашу: маўляў, яму б у хакей свой гуляць ды Японіі ўсялякія наведваць, а людзі хай сабе дохнуць. Хітраваты лекар-кардыёхірург хуценька зьняпраўдзіў дыягназ аб спрыродным хібе, прымусіўшы распрануцца да поясу ў прысутнасьці студэнтачак. Ля-ля-ля. На ЎЗІ высьветлілася, што ў майго нацыяналістычнага сэрца павялічаная левая вэнтрыкула. Патрэбную для даабсьледаваньня шпіталізацыю прызначылі на 28 студзеня. Але ж адпраўка ва Ўзброеныя сілы заканчваецца двума днямі раней. Назаўтра ў сваім ваенкамаце мне было нялёгка тлумачыць сутнасьць справы. Жанчына — галава мэдычнае камісіі — ласкава паведаміла, што з такімі дыягназамі зазвычай даюць чацьвертую групу прыдатнасьці. Прысутны маёр К. пацьвердзіў шыфр адпраўкі і, пасьля некаторага валаводжаньня, мне выпісалі чародную позву для чарговай адпраўкі. Поруч праходзілі камісію школьнікі, якія дужа саромеліся свайго амаль аголенага стану. Дзеткі, а кароль жа голы!

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0