СТРАЛЯНIНА Ў ГОРАДНI

 

Двох братоў А. — 32 i 30 гадоў — падстрэлілі ранiцай у 5.30 у суботу. Гэта адбылося на прыступках Палаца хiмiкаў, у якім знаходзiцца начны клюб «Флiнт». Першага забiла на месцы ў галаву, другога цяжка параніла, куля трапiла памiж шыйных пазванкоў.

Сесьцi ў свой джып зь дзяўчынай iм так i не давялося. Забойца з напарнiкам зьнiклi.

Штосьцi падобнае адбылося ў горадзе ў чэрвенi 1997 г., калі ў самым цэнтры, на Савецкай плошчы, у белы дзень на вачах публiкi застрэлілі аднаго й паранілі другога маладога мужчыну. I тады, i цяпер, кажуць, — крымiнальныя разборкi. Два гады таму таксама навiдавоку на вул.Ажэшкi забойца гнаўся за Ю.К. — страшынём татарскага таварыства — страляў у яго, таксама ў краме. Цяжка паранены, той некалькi дзён быў непрытомны, а потым памёр. У «НН» пра гэта пісаў бацька забітага. Усё адбылося за якiх 200 мэтраў ад будынку абласной мiлiцыi. Забойца зьнiк. Перад тым ён забiў у кватэры жонку Ю.К. i сьмяротна паранiў немаўля. Злачынца празь некалькi месяцаў трапiўся мiлiцыi ў Бабруйску, дзе вырашыў прадаць свой пiсталет.

Яшчэ год назад горад трымцеў: людзей забiвалi з пiсталета, але ня кулямi, а мэталёвымi шарыкамi. Абодва забойцы былi злоўленыя, цяпер судзяць, але аднаго, другi памёр за кратамi. Мiлiцыя патлумачыла, што ў яго здарылася заражэньне крывi. Аднак выглядае на тое, што яго папросту зьбiлi на горкi яблык турэмныя наглядчыкi. Нездарма ж з гэтай нагоды распачатая крымiнальная справа, сьледзтва вядзе ажно рэспублiканская пракуратура. Так што перад судом стаў толькi адзiн С.Пухаў, якому 26 гадоў. Напарнiкi забiлi 13 (!) чалавек i зьдзейсьнiлi яшчэ больш за паўтара дзясятка цяжкiх злачынстваў.

Сяргей Максiмовiч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0