«Наша Ніва», на жаль, жаўцее...

Адкрыты ліст

Заснавальніку газэты «Наша Ніва» Паўлу Жуку,
галоўнаму рэдактару Сяргею Дубаўцу,
кіраўніку Беларускага аддзяленьня
Радыё Свабода Валянціну Жданко

 

Шаноўнае спадарства!

Дзейнасьць ТБМ імя Францішка Скарыны, адной зь першых у Беларусі ды самай масавай няўрадавай, непалітычнай арганізацыі цягам 10 гадоў свайго існаваньня заўжды прыцягвала ўвагу сродкаў масавае інфармацыі рознага накірунку як у Беларусі, гэтак і за ейнымі межамі. З шалёнымі нападамі на Таварыства, ягоных кіраўнікоў ды актывістаў выступалі камуністычныя і «славяна-патрыятычныя» газэты ды газэткі, шматлікія «баявыя лісткі» і тоўстыя антыбеларускія часопісы. Часам да іх далучалася і незалежная расейскамоўная прэса, асабліва калі размова йшла пра гэтак званае дзьвюхмоўе і дыскрымінацыю беларускае мовы на этнічнай беларускай тэрыторыі.

На вялікі жаль, да гэтага хаўрусу апошнім часам далучаецца і такая калісьці паважаная газэта, як «Наша Ніва», што дэкляруе сябе пераемніцай першае беларускае газэты. Сьпярша на ейных старонках зьяўляліся абразьлівыя допісы маладзёнаў, якім часам бракавала сьмеласьці падпісацца ўласным прозьвішчам. А зараз, мабыць, прысьпеў час і для «цяжкіх гарматаў».

Так, у пятым нумары «НН» за гэты год зьявіўся матэрыял Андрэя Дынько «Хто не зьмяніўся ці што не зьмянілася», прысьвечаны імпрэзе, якую ладзіла ТБМ з нагоды 10-х угодкаў ад прыняцьця Закону «Аб мовах у Рэспубліцы Беларусь». У сваім артыкуле аўтар зьняважлівым, нават зьдзеклівым чынам распавядае пра ўсе выступы, што гучалі на той урачыстасьці. Асаблівы ўдар прыйшоўся на былых кіраўнікоў ТБМ, вядомых беларускіх пісьменьнікаў і грамадзкіх дзеячоў Ніла Гілевіча і Генадзя Бураўкіна. Разам «дасталося на арэхі» і Міхаілу Чыгіру, Саюзу Пісьменьнікаў Беларусі і нават газэце «Народная воля».

Не абышлося і безь сьвядомых хібаў ды недарэчнасьцяў. Прыкладам, цытуючы мае словы, спадар Дынько піша: «... «наша Заяц, былая вучаніца 9 класу», як прадставіў яе Алег Трусаў». Ці то ў карэспандэнта газэты кепска са слыхам, ці што іншае, але ж я прадстаўляў аўтарку «Малітвы за беларускую мову» Марыю Заяц як «Маша Заяц» і ніяк іначай. Яшчэ прыклад. Рэдактар газэты ТБМ «Наша слова» Станіслаў Суднік ніколі ня быў прадпрымальнікам, як піша А.Дынько, у адрозьненьне ад заснавальніка «Нашай Нівы». «Наша слова» трэці год запар выдаецца на ахвяраваньні беларусаў з усяго сьвету. Дарэчы, сьпісы ахвярадаўцаў друкуюцца ў «Нашым слове» рэгулярна, як і вынікі падпіскі.

Што ж да «шматлікіх памылак» маўленьня, якія гэтак старанна, як тых «вашывых блохаў», зьбіраў спадар Дынько на вечарыне, то я параіў бы яму, а таксама спадару галоўнаму рэдактару «НН» большае ўвагі надаць уласнаму выданьню. Бо цалкам незразумела, калі нават у адным нумары (№5 за 2000 г.) на адной старонцы («Радыё «Няволя», с.2) старажытны беларускі горад пішацца як Смургонь, а ўжо праз некалькі старонак (Каляндар Алега Гардзіенкі, с.8) той самы горад пазначаецца як Смаргонь ды нават узгадваецца пра Мядзельска-Смаргонскае антыкамуністычнае падпольле, а ў Сяргея Астраўца сустракаем «у Смургонях» (1 с.). А чаго варты выраз кшталту «Пазаўчора ў Менску адбыўся ўстаноўчы сход Лігі афіцэраў міліцыі, стварае якой быў ініцыяваў некалі шчэ Захаранка» (с.2). Цікава, на якой гэта мове, мо на «яцьвяскай»? Яшчэ цікавы выраз з таго ж нумару: «Мясцовыя актывісты савецкай улады па-зьверску Скірмунта ва ўласным маёнтку ўвосені 1939 году». Мо шаноўнае спадарства падкажа сваім чытачам у наступным нумары, што ж зрабілі са Скірмунтам мясцовыя актывісты, прычым па-зьверску? Мо ўсё ж не пашкодзіла б калі-небудзь чытаць сваю газэту, а ўжо затым шукаць памылкі ў іншых!

На жаль, кіраўніцтва «НН» не спынілася, так бы мовячы, на ўласных дасягненьнях у зьнявазе ТБМ, а вырашыла распаўсюдзіць іх на ўвесь сьвет.

30 студзеня Сяргей Дубавец агучыў артыкул ужо згаданага спадара Дынько ў сваёй аўтарскай праграме на хвалях Беларускай службы Радыё Свабода. І ўжо назаўтра ў Сядзібу ТБМ зьвярталіся нашы сябры зь Менску, Віцебску ды іншых месцаў, абураныя зьместам тае праграмы з патрабаваньнем разгледзець гэтую справу на чарговым паседжаньні Сакратарыяту ТБМ.

Мушу падзівіцца з паводзінаў кіраўніцтва Беларускай службы Радыё Свабода, якое дазваляе спадару Дубаўцу замест аўтэнтычных матэрыялаў слова ў слова чытаць на хвалях слыннае радыёстанцыі артыкулы аўтараў свае газэты, тым больш ужо апублікаваныя ў гэтай газэце. Няўжо ў Беларусі бракуе цікавае інфармацыі, што нельга абысьціся без чытаньня газэтаў, што ставіць сур’ёзную радыёстанцыю на ўзровень раённае рэдакцыі дзяржаўнага беларускага радыё, што само па сабе вельмі прыкра. І гэта тым часам, калі на хвалях Свабоды зьнікаюць цікавыя праграмы пра гісторыю Беларусі, што ствараў Сяргей Абламейка! Навошта ж зараз ператвараць Радыё Свабода ў філію адной, ня самае лепшае беларускае газэты?

Дык ці ня лепей было б, шаноўныя, не шукаць ворагаў сярод сваіх, а з большаю павагай ставіцца да друкаванага слова, як і да саміх сябе? Бо толькі кволыя, з прыгнечанай, рабскай псыхалёгіяй людзі, ня маючы магчымасьці пераадолець моцнага ворага, пачынаюць шукаць ворагаў у сваім уласным асяродку!

Старшыня ГА ТБМ імя Ф.Скарыны Алег Трусаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0