АБ МЯСТОХ КРЫВІЦКІХ ПРАЎДА-2...

Спрэс Маркальскі й Жбан, што ўжо umiera, працягваюць даваць адказы на некаторыя пытаньні із сфэры тапаніміі й этымалёгіі назваў беларускіх гарадоў

 

ВІЛЬНЯ

Толькі патрапіўшы на абшары этнічнае Беларусі, заблукалы рымскі патрыярх Палямон так упадабаў наш край, што адразу вырашыў аздобіць яго якім выбітным паселішчам, каб там з Форумам (хоць бы сабе і часопісам), Капітоліем і г. д. Dictum, factum: на Курвіч-гары (ад лацінскага «curvus» - крывы) было ўзьведзенае магутнае места, а на лаціне «villa». Як ужо ведама чытачом «НН» зь ліста летувака Банайціса, зьдзічэлая аўкштота пагардліва ставілася да любых урбаністычных працэсаў, і таму Палямонаў фарпост яны, тады яшчэ канібалы, называлі, дадаючы суфікс «(h)nius» (сучасны беларускі аналяг «ня»), які меў памяншальна-зьневажальнае адценьне, што мы можам пабачыць у такіх летувецкіх слэнгавых назоўніках, як «murnius», «fignius» ды інш. Цікава, што пераняла назоў места і рачулка-гразюлка Вяльля, згаданая ў беларускай прыгаворцы, якая служыць нам напамінам пра славутую непахіснасьць слова летувецкага мужчыны: «Пісямі па Вяльлі водзяна».

Безумоўна, беларуская тапаніМістыка моцна церпіць ад псэўдагістарычных закідаў навукоўцаў з суседніх імпэрскіх краінаў, якія, намагаючыся, як і мы, «людзьмі звацца», высоўваюць свае прэтэнзіі на славутае места паганскага сьвятара Курвы-Курвецкага (гл. вышэй): расейцы балбочуць нешта пра «вілку», украінцы — пра «вільне місто»; усунулі свае пяць цэнтаў і амэрыканскія сьцярвятнікі, што зьвязваюць назоў з ангельскімі словамі «will» ды «no», інакш, «No future». Добра, хоць макароньнікі далей свайго Бурацінавага носу ня бачаць, а то б дулю езьдзілі розныя Кутрынкі, Дубчыкі, Качулкі ды Шарыкі на Новы год пад Вострую браму ды жлукцілі б там не «Suktinis» мядовы, а якую паганую граппу!

 

ГОРАДНЯ

Тут мы хацелі б даць волю ўяўленьню і дасьледчыцкім здольнасьцям нашага чытача. Каб лёгка вывесьці этымалёгію заходняга крывіцкага бастыёну, варта глянуць трошку вышэй, толькі замест «віллы» падставіць славянскае «горад». І плюньце ў вочы кожнаму, хто за чаркай пачне хапаць Вас за горла і даводзіць, нібы Горадня паходзіць ад «гора»: ці яно «ўдзень», ці то яно «адно», ці то проста места «гаротнае». До’ ўжо нам пэсымізму, ня верце: узгадайце наш суфікс «-ня», і стане ясна, што ўсё гэта проста хярня.

 

МЕНСК

Спадара Жбана перад сконам (ужо, на жаль, блізкім) наведала геніяльная па сваім маштабе ідэя, якая змусіла наш тандэм зьмяніць погляды на паходжаньне назову сталіцы РБ, выкладзеныя ў нашай папярэдняй публікацыі.

Гіпотэза, на першае гледзішча, спрэчна-сэнсацыйная, у крывавым кантэксьце падзеяў апошняга дзесяцігодзьдзя выглядае досыць абгрунтавана. Мы проста перакананыя, што «Менск» паходзіць ад слова «мент»: нават падсьлепаваты мніх-прапойца Несьцер піша «Ментск» альбо «Менцк» і ніколі — «Менеск», як пазначаюць маскальскія даведнікі, знаходзячы падставы ўключыць места — у якасьці «мэніска» — у адзін шэраг з «галавою», «сэрцам» і іншым вантрэб’ем гарадоў рускіх.

Нашая тэорыя падмацоўваецца сьцьверджаньнем непапраўна забытага сёньня археоляга Зянона Пазьняка пра тое, што найстаражытнейшым будынкам на тэрыторыі Менску была ўстаноўленая яшчэ Навухедынаносесрам каплічка-мусарня на магіле бога вайны Муса, але пасьля з Блізкага Ўсходу, правёўшы папярэднюю зачыстку тэрыторыі з паветра, прыйшлі арамейцы і перайначылі імя бога ў свойскае Мент, дый каплічку таксама — у «мянтоўню». Стаяла ж яна на самым пачатку сёньняшняе вуліцы Варвашэні (справа). На сьлед юнака Зеню, што жыў колісь на Варвашэні 8, навяла народная этымалёгія таго ўрочышча: назву ягоную зрусіфікаваныя суседзі-хроны выводзілі ад слова «мусар». Упітаўшы з матчыным малаком шляхотную грэблівасьць да апініі маргіналаў ды хамаў, Зянон яшчэ напрыканцы 60-ых патаемна пачаў падкопвацца пад копаў, і падкапціўся да таго, што ў 1991-ым сямідзесяцігадовы гмах «мусарні» — разам з «гэбярняй» (былой «грабарняй») ды малочнай кавярняй «малафейняй» — абрынуўся, ледзь не пахаваўшы пад сабою і нашага Зеню. Зеня ўцёк у невядомым кірунку, але на ладжаных тымі-сімі сябрамі сьпірытычных сэансах адначасовае гульні прызнаецца, што яго няўхільна перасьледуе прывід патурбаванага Муса і здань самое мусарні. А яшчэ пасьля таго гістарычнага выпадку апазыцыя змагаецца за перайменьне Варвашэні ў Варвазеню.

Лінгвістычныя паслугачы Юзіка Пілсудзкага, якія ў 1919 годзе мусілі абгрунтаваць паляцкі «Drang na ch...», кінуліся былі выдумляць штучныя этымоны назову беларускага стольнага гораду. Адна зь іхных тэорыяў такая: калі польскі князь Радзім, кінуўшы на кучу залатовак сваіх лаханутых братоў-ляхаў, уцякаў ад крэдытораў на Пасожжа, дык па дарозе ўлюбаваў прыгожы ўзгорак на берагох ракі, якую назваў Віслачкай (нашая нібыта Сьвіслач), а грыву тую зрабіў цэнтрам гміны, якую і засадзіў ляхамі, а зусім ня немцамі, як мы меркавалі раней. А места стала звацца адпаведна Гмінскам, а пасьля Мінскам.

Урэшце, калі неўзабаве кітайскія хуйвэнбілы, якія ўжо і так запаланілі нашыя студэнцкія агульнягі, аб’яднаюцца зь Беларусяй, ня будзьма зьдзіўляцца патэнцыйным высновам пасьлядоўнікаў Кунцзы аб відавочным адбітку ў слове «Мінск» неўміручай памяці пра вялікую дынастыю Мін. Гісталычыная кань-юньктула, як кажуць.

 

СМАЛЕНСК

Пасьля публікацыі нашага артыкулу ў «НН» №1 за гэты год мы атрымалі цэлы мех лістоў ад абураных смалянаў, за кошт якіх на траціну падвысілася колькасьць падпісантаў газэты: «Наша Ніва» пад першым нумарам уключаная ў новы саюзны каталёг пэрыядычных выданьняў. Смаляне не падзяляюць нашае вэрсіі наконт назову іхнае старасьвецкае радзімы. Тройчы маці-гераіня Тацьцяна Шыраева даводзіць, што сярод тутэйшых наркаманаў рупліва зьберагаецца першая берасьцяная грамата, якую нават за бракам «Беламору» ніхто не наважыўся пусьціць на касякі. У ёй баецца, піша Таня, як «прышедлъ на брега Днепра верхнево арап богомерзотный іменемъ Але-І-Дрыстун... доставші жъ зъ кісету сваво траву, рекомую шмаль, вскурівъ ея і въ трі дні, акі Хрсъ храмъ Божій, збудовалъ градъ Шмаленеск, а буде дюже крівім одъ травы тое, местічей і народъ всь крівічямі реклъ».

З такой гіпотэзай не пагаджаецца дасьведчаны краязнаўца М.С.бен-Трахтэнбэрг, які сьцьвярджае, што перадаваны з пакаленьня ў пакаленьне арыгінал помніка праславянскага пісьменства знаходзіцца ў яго, а перахоўваная ў нарыкаў грамата — усяго толькі копія, граматна скляпаная за часамі жыдаборца Боруха Гадунова. Агідныя антысэміты, паводле словаў вэтэрана Шасьцідзённай вайны, выкрэсьлілі з дакумэнту сапраўднае імя нібыта арапа Але-І-Дрыстуна. Звалі ж таго Шмойлам, таму і падняпроўскае места так завецца, а траву ён паліць ня мог, бо кашэрная шмаль толькі тры гады таму пачала вырабляцца на Клецкім канапляным заводзе (цэх №2).

 

ВІТАБСК

У каго зь беларусаў не трымціць у недаразьвітым імпэрскім экстазе сэрца, калі ён чуе імя вялікага князя Вітаўта? Шматлікія дасьледчыкі фіксуюць па ўсёй Беларусі фальклёрныя ўспаміны пра яго. Тут табе і песьні, і прымаўкі, і нават праявы абагаўленьня, доказам чаго зьяўляецца эўфэмізацыя: каб не называць Вітаўта яго іменем, людзі дасюль прыдумляюць яму замены кшталту Ландсбэргіса, Чаропкі, Кіпеля — усе яны атаесамляюцца ў народнай памяці з колішнімі волатамі нашае зямлі. Але ўжо дакладна не сатрэцца слаўны вобраз Вітавай дарогі (шлях на Маскву знаходзіўся трохі паўночней за шлях на Менск, які пралягае, як вядома, празь Лёзна). І менавіта тут, ля безыменнага паселішча стаў станам наш кароль Віт. І прыйшлі да яго баяры са сьмердамі сваімі, білі чалом і сьлёзна прасіліся хоць нейк абазваць іхнае сьціплае гарадзішча, што датуль на тапаграфічных замалёўках фігуравала ў лепшым выпадку як N., а на амбіцыйных мапах цьверскага ўдзелу ўвогуле пазначалася недвухсэнсоўнай літарай Х. Крыху паразважаўшы і пагледзеўшы зубы ды падспаднічча падарункаў, сьціплы Вітаўт прапанаваў даць месту сваё імя — Вітаўцк. Баяры, як піша Радзівілаўскі летапіс, несказана ўзрадаваліся і ўсчынілі гулянку на пару тыдняў, якая і сталася асноўнай падвалінай для цяперашніх інтэграцыйных захадаў некаторых палітыкаў: якую там Маскву браць, хоць бы на які Полацкі піўняк дапаўзьці.

Таму мае рацыю той, хто ўпарта змагаецца за гістарычную справядлівасьць і піша Вітабск. «Віцебскія» ж апартуністы таксама не адмаўляюць спрычыненасьці Вітаўта, але цьвердзяць, што ніякіх баяраў ды хлопаў не было, а проста Віт, перабываючы ў тых краёх, па Барысавай ды Рагвалодавай завядзёнцы загадаў нашкрэбаць на валуне апісаньне сваёй перамогі над Скіргайлам. Дастаткова вялікага каменя ў навакольлі нібыта не знайшлі, і як не вычвараліся над фармулёўкай, усё адно ад Скіргайлы ўлезла толькі «Ск». Гэткая гіпотэза адкідаецца намі за відавочнай бяздоказнасьцю: па-першае, настолькі скарочаная форма гэтага дзеяслова адпавядае выключна расейскім гаворкам, а ліцьвін Віт (Віц, паводле гэтай тэорыі) маскальскай мове вывучаны ня быў; па-другое ж, Вітаўт ніяк ня мог рабіць гэтага са Скіргайлам, бо яны былі якія-ніякія, а ўсё ж сваякі, і інцэст у тыя часы быў штукай, за якую анатэму ты мог атрымаць, як два пальцы аблізнуць. Хоць, праўда, меркаваньні аб нетрадыцыйнай арыентацыі Віта небеспадстаўныя: на такія-сякія думкі наводзіць хоць бы факт абіраньня вялікім князем гербу для Гомеля (гл. «НН» №1-2000).

 

ГОМЕЛЬ

Напачатку ХII ст. на берагох Сожу аднекуль зьявіўся цэлы кагал адных мужыкоў. Ніхто дакладна ня ведае, адкуль яны прыйшлі: адны кажуць, што то была чудзь, другія, што голядзь ці веcь, але ўсё гэта марна, бо карані, мабыць, згубленыя назаўжды. Адно дайшлі да нас іхныя імёны, па якіх, магчыма, нехта і здолее ідэнтыфікаваць набрылых: правадыра звалі Голубев, а ягоных галоўных паплечнікаў (хоць плечы там былі не пры чым) — Петухов і Очков.

Але ня гэта цікава. Галоўнае тое, што для мужычча таго прышлага бабы бы саўсім не існавалі, так бы мовіць, знаходзіліся яны на ўзроўні поўнага сама- ды ўзаемазабесьпячэньня. Ад таго і назва пайшла — Гомій. У адрозьненьне ад кобрыньскіх амазонак, якія кралі цельпухаватых палешукоў для працягненьня роду, жыхары Гомія, то бок гомічы ці гомікі, выменьвалі сялянскіх дзяцей на ракаў, бо дужа ўжо харошыя былі ў іх ракі: чырвоныя такія, сакаўныя, разьвітыя. Зь цягам жа часу, прырода пасунулася пад націскам цывілізацыі, гомікі пачалі саромецца сваіх нахільнасьцяў і зьмянілі назоў места на Гомель (на ўзор Лівэрпуля, Брысталя ды інш.).

Маларосы ж і дасюль ужываюць старажытную назву места Гомій, але робяць гэта не дзеля ўшанаваньня гісторыі, а з пазыцыі вялікаўкраінскіх інтарэсаў: на такую форму ім лягчэй абапірацца пры высоўваньні сваіх прагных лапаў, якія так і мараць адсекчы ад Беларусі ладны кавалак ня толькі Етвызі, але й Чарнобыльшчыны. Нібыта гэта не расейскія, а запароскія «ненатуралы» плылі па Сожы ў пошуках райскага месцечка для сваіх вакханаліяў, і на беразе — дзе цяпер Гомель — стаяў сымпатычны такі мужычок, як і ўсе беларусы. Тут самы актыўны з казакоў — атаман Нябаба — закрычаў на ўсю глотку: «Го, мій!» — ягоны, значыцца. Імя парабка таго згінула ў нябыт, але Нябаба ўвекавечыў яго, хоць і ўскосна, у назове паселішча. Нехта яшчэ вякае, што хлапец таксама закахаўся ў атамана і стаўся гомам, і звалі яго Стэльмах. Таму і ўрочышча такое ёсьцека дасюль, траха перайначанае, — Гомсельмаш.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0