Навіны

 

Абакралі Папова на 40 тысяч

Галоўны трэнэр беларускай біятлённай зборнай Аляксандар Папоў кіраваў у аэрапорт, каб вылецець у Нарвэгію, дзе беларусы 19-га меліся ўзяць старт у чэмпіянаце сьвету. Выпраўляўся сп.Папоў не з пустымі рукамі — вёз на патрэбы каманды 40 000 даляраў, атрыманых у Міністэрстве спорту й турызму. Аднак гэтага трэнэру падалося малавата, ды ён вырашыў заскочыць у сувэнірны аддзел ЦУМу. Торбачку з грашыма коўч не пакінуў у машыне, а захапіў з сабой у краму... Пра тое, што адбылося ў ЦУМе, мала каму вядома. Але кругленькая сума зьнікла. Шакаваны Папоў адразу ж пасьля выяўленьня прапажы падаў заяву ў Першамайскі РУУС. Тут жа гора-скарбніка арыштавалі, але неўзабаве адпусьцілі.

Тым часам Міністэрства спорту ліхаманкава шукала новыя грошы, каб біятляністы ўсё ж маглі выступіць. Грашовую праблему неяк вырашылі, але засталася «праблема Папова». Галоўны трэнэр каманды не паляцеў у Осла «з-за дрэннага стану здароўя». У яго здарыўся сардэчны прыступ. Але яго мабыць так і так не пусьцілі б у Нарвэгію, бо падазраюць, што ён сам і скраў грошы.

Хто ж вінаваты ва ўсёй гэтай непрыемнай гісторыі? Ці ж не маглі выдаць славутаму Папову грошы чэкам або крэдытнай карткай? А мо нехта спэцыяльна даў наяўныя даляры, каб пасьля іх спакойна можна было скрасьці?

Богусь Біятляненак

 

А мы пісалі, што Чмара ня скнара...

Калі нехта думаў, што стары дзед Васіль Старавойтаў пасьля вызваленьня спакойна ўздыхнуў, дык памыляўся. Судзьдзя Чмара спрабуе забраць у яго і паўдамы, якія той мае ў Крыме. Дзеля чаго даслала ў Вярхоўны суд Крыму просьбу падтрымаць рашэньне Кіраўскага раённага суду і перадаць у валоданьне беларускай дзяржавы прыватную маёмасьць Старавойтава. Натуральна, герой сацпрацы, старшыня багатага калгасу, ня быў бедным чалавекам, мог дазволіць сабе і крымскую дачу. Адвакат Старавойтава Вера Страмкоўская таксама даслала ў Крым ліст, у якім зьвяртае ўвагу на палітычную прыроду працэсу над Старавойтавым і просіць суд адхіліць запыт Чмары.

Сымон Глазштэйн

 

Дапамога – 4 даляры

На пачатак лютага на Крычаўшчыне былі 504 беспрацоўныя. За студзень сталі на ўлік 104 чалавекі. 262 з зарэгістраваных беспрацоўных атрымліваюць грашовую дапамогу, памер якой у студзені быў 3267 рублёў. Надой жа на адну карову ў Крычаўскім раёне складае сёлета 2,4 літры малака ў дзень. Самы высокі паказчык у калгасе «Вялікі Кастрычнік» — 4,2 л, самы нізкі — у калгасе «Дзягавічы» — 0,5 л. Лепш бы гэтыя гора-калгасьнікі былі беспрацоўнымі, чым так быдла мучыць, што яно ўжо болей і ня доіцца.

А.Кузьмін

 

Барацьба за гарэлку

Магілёўскі галоўны начальнік Дражын паведаміў, што хутка зьменяць дырэктара Магілёўскага лікёра-гарэлачнага заводу. Гэта стала вынікам адкрытага ліста старшыні Клімавіцкага райвыканкаму, пра які мы паведамлялі. Тады было незразумела, каго абвінавачваў вэртыкальны і хто перашкаджаў яму добра працаваць. Цяпер усё зразумела. І хаця камісіі завод праверылі, недахопаў не знайшлі, але дырэктара зьняць трэба. Гэтак працягваецца барацьба за «хлебнае» крэсла. МЛГЗ — з рэдкіх прадпрыемстваў, што даюць прыбытак. Ранейшы дырэктар, Міхаіл Белавусаў, прапаноўваў, каб завод урад забраў з абласнога падпарадкаваньня і вызваліў ад мясцовых падаткаў. Абласныя ўлады гэтага не пацярпелі.

Сымон Глазштэйн, Магілёў

 

Пабіў дачку

Люты выпадак быў у Чэрыкаве на вул.Ленінскай. Ч., быўшы ў надзвычай моцным узбуджэньні, зьбіў сваю яшчэ не дарослую дачку на горкі яблык, так, што дактары «Хуткай дапамогі» ў машыну несьлі яе на руках. Цяпер участковы разьбіраецца.

А.Кузьмін, Крычаў

 

Каго баяцца, таго й душаць

На паседжаньні камісіі, якой кіруе палкоўнік Замяталін, вырашылі пакуль не рэгістраваць Партыю БНФ. Летась у сьнежні лукашэнкаўцы прынялі норму, паводле якой у назвах партыяў і арганізацыяў забаронена ўжываць словы «народны» й «нацыянальны». Сойм Беларускага Народнага Фронту мусіў удакладніць назву, зьвёўшы яе да проста «БНФ», без расшыфроўкі.

Аднак рашэньня пра перарэгістацыю Партыі БНФ і Грамадзкага аб’яднаньня БНФ «Адраджэньне» партыя так і не дачакалася. Вінцук Вячорка ўжо заявіў, што партыя мае дастаткова досьведу падпольнай працы, але пацьвердзіў, што партыя будзе дабівацца перарэгістрацыі. Як вядома, большасьць партыяў, у тым ліку й КХПБНФ, прайшлі перарэгістрацыю безь перашкодаў.

Б.Т.

 

Напад на беларусаў

У горадзе Граеве ў Падляскiм ваяводзтве Польшчы 19 лютага адбыўся напад на грамадзян Беларусi. Палiцыя затрымала нападнiкаў. Пра гэта паведамiла Беластоцкае радыё.

А было так. На вул.Капернiка стаяла машына «Nissan», у якой сядзелi чатыры беларусы. Да машыны падышлi чатыры палякi, адзiн пастукаў у шыбку i запатрабаваў гарэлкі i цыгарэт. Нашы адмовiлi, адзiн пры гэтым схаваў кашэль з грашыма пад сядушку. Заўважыўшы гэта, паляк бэйсбольным кiем разьбiў шыбку i пачаў бiць уладальнiка грошай. Астатнiя нападнiкi, раструшчыўшы шыбкі, ужылi кастэты. Нашы пачалi лямантаваць. Палякi адбеглiся на пару мэтраў i сталi закiдваць iх каменьнем. Гэтым часам праяжджала патрульная машына, якая забрала ўсiх нападнiкаў. Згодна з iнфармацыяй палiцыi, iм ад 19 да 23 гадоў, усе — жыхары Граева.

Горад Граева знаходзiцца на захад ад Беластоку, з 15 студзеня 1940 г. быў райцэнтрам Беластоцкай вобласьцi БССР.

Сяргей Максімовіч


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0