Лісты ў рэдакцыю

 

Бяз дрэваў — газавая камэра

Вельмі абурае тая вар’яцкая апантанасьць, зь якой у Менску апошнім часам вынішчаюцца дрэвы. Замест таго, каб на пару мэтраў перанесьці ўбок якую драціну, — выразаюць дзясяткі дрэваў. Замест таго каб сьсекчы галіну, якая замінае, пад сякеру ідзе цэлае дрэва. Іншы раз здаецца, што гораду даведзены плян па дрэванарыхтоўцы. Тыя ж дрэвы, што ацалелі, абразаюць горш за якога жыхара зь берагоў Ярдану. Не сказаць, каб толькі секлі, нешта і садзяць, але значна меней, дый дубцы гэтыя ўтыркаюць пераважна на ўскрайках гораду, а цэнтар Менску ўсё больш і больш ператвараецца ў вялікую газавую камэру. Можна было б зразумець такую самазабойную палітыку і толькі вітаць яе, каб чыноўнікі, што аддаюць загады пілаваць дрэвы, альбо менчукі, што выходзяць зь сякерай пад свае вокны, жадалі б скараціць толькі сваё няшчаснае жыцьцё. Але ж як давядзецца жыць тут нашым дзецям і ўнукам?

Вячка Васілёнак, Менск

 

Каляніяльнае згаленьне

Мы, беларусы, з-за дамінаваньня чужой нам культуры зьведваем пэўныя маральныя праблемы. Адбываецца дэфармацыя, сплюшчваньне сьвядомасьці, і бывае, што становіцца крыўдна за землякоў, колькі там сябе ні супакойвай, што мы «ня ўсе такія»....

Пержыць сорам давялося ў суботу, 22 студзеня. У той дзень па тэлевізіі я пачуў ды пабачыў такое, што мяне проста скаланула й вывернула.

Пад вечар я напаўвока глядзеў перадачу Камісарава на РТР, — занятак, які, на маю думку, можа дазволіць сабе й самы шчыры нацыяналіст, бо талент ёсьць талентам. Дык вось, узялі яны там для размовы паненку, якая, значыцца, ужо была на іхнай перадачы раней, дык падала тады, мабыць, такую аб’яву, што патрабуецца ёй мужчынскае цела, зь якога яна сама ўжо вырабіць, зьлепіць тое, што ёй канкрэтна патрэбна, і вывучыць за свой кошт, навучыць нейкім адмысловым манерам ды гэтак далей, а потым будзе распараджацца гэтак вырабленым мужчынскім целам дзеля задавальненьня ўласных патрэбаў. Адным словам, халява. Дык тая паненка атрымала цэлую торбу лістоў, якую й прынесла на перадачу, каб пахваліцца. Камісараў вываліў гэтую купу нават не на стол — на свабоднае крэсла, зь якога яны пасыпаліся на падлогу. Дарэчы, самае ім там месца. А далей тая паненка вывела, як яна сказала, «зборны вобраз» сваіх карэспандэнтаў. І першае, што яна зазначыла, было: гэта беларус.

Затым яна назвала таксама сярэдні век (гэтаму цяляці ў сярэднім ажно 28 гадоў!), рост і вагу (атрымалася 190 см і 85 кг). Потым да нацыянальнага пытаньня яны ўжо не варочаліся, але тая прыкрасьць, якую я пасьпеў адчуць, пераўзышла, мабыць, нават усё тое, што даводзіцца перажываць апошнімі гадамі.

...Спрадвеку вядзецца так, што жанчына мае больш дасканалае цела, а мужчына кампэнсуе гэты свой мінус моцнасьцю свайго духу, сваім інтэлектам, уменьнем сфармаваць і захаваць пры любых умовах сваю індывідуальнасьць. Мужчынам можа назваць сябе толькі той, у каго ўжо завершаны працэс самаідэнтыфікацыі, хто ёсьць валадаром самога сябе і падпарадкоўваецца на гэтай зямлі адно толькі Богу. Аморфнае ж рэчыва, якое само падпісваецца ў тым, што яно — нуль, і ласкава дазваляе вырабіць зь сябе тое, што патрэбна некаму іншаму, — такое рэчыва ня ёсьць мужчынам. Тым больш горка, што такую непрыстойнасьць вынесьлі на сьвет Божы пад найменьнем «беларус». Калі ў нас сапраўды замест мужчынаў пераважаюць такія вось мужчынскія целы — тады нам, як нацыі, гамон.

ХХ і ранейшыя стагодзьдзі ўсе скрозь былі стагодзьдзямі пэўных калектываў людзей, стагодзьдзямі дзяржаваў. ХХІ ст. будзе першым за ўсю чалавечую гісторыю стагодзьдзем індывідуальнасьцяў. Калі ж мы, беларусы, з-за нейкіх вонкавых абставінаў або з уласнай дуры, здольныя быць толькі марыянэткамі ў чыіхсьці ўмелых руках, дык тады нам месца ў ХХІ ст. проста няма. Тады, мабыць, правільна будуюць сатанінскі аб’ект пад Баранавічамі.

...Успамінаю, як некалькі гадоў таму адзін прамоўца, які таксама вызначае сябе беларусам, сказаў, што наш народ квёлы. Ну, ня можа быць, падумаў я тады, гледзячы на мажнае дагледжанае цела гэтага ўмелага прамоўцы. Вось жа ён ужо найперш сам усім сваім выглядам сабе пярэчыць! Мацак, дый толькі! А нашыя хакеісты, а наш доблесны амон...

Але ж, мабыць, ня ўсё мы тады ведалі. І пра тое, што тады ўжо, пэўна, былі на ўсю моц запушчаныя нейкія адмысловыя мэханізмы, якія робяць людзей кволымі, не забіраючы ім пры тым ні сантымэтраў, ні кіляграмаў. І што наш магутны прамоўца здольны будзе толькі прылюдна расьпінаць сваіх халуёў ды выконваць распараджэньні, якія даюцца яму з па-за межаў краіны. І што наш самы лепшы ў сьвеце амон возьме камяні ды будзе шпурляць іх у безабаронную моладзь, у тым ліку ў дзяўчат. Што адна нам будзе надзея на наш хакей, бо іншыя віды спорту з-за зьбядненьня дзяржавы мы пабачыць ня зможам. І вось ён, вынік гэтае карпатлівае працы: на падлозе, пад нагамі ў Камісарава...

Аляксандар Урбановіч, Гомель

 

Акцыя «Беларуская Салідарнасьць»

З ініцыятывы Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі БНФ З.Пазьняка і Ю.Беленькага ў Беларусі пачалася акцыя «Беларуская Салідарнасьць» — збор подпісаў за незалежнасьць Беларусі пад зваротам да АБСЭ, ААН, амбасадараў ЗША і Вялікабрытаніі не прызнаваць падпісанай беларускім і расейскім урадамі дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы.

У гэтым звароце ёсьць такія радкі: «Мы супраць расейскіх імпэрскіх замахаў на жыцьцёвыя інтарэсы нашага народу, імкненьня асыміляваць, разьвеяць беларускую нацыю па абшарах Расейскай Фэдэрацыі. Мы ня хочам быць закладнікамі геастратэгічных і эканамічных інтарэсаў расейскіх палітыкаў і алігархаў. Мы ня можам зьмірыцца з магчымасьцю зьнікненьня пэрспэктывы існаваньня і разьвіцьця незалежнай, свабоднай Беларусі, і такіх людзей у нас шмат, такіх большасьць».

Ужо сабрана каля 10 тысячаў такіх подпісаў. Зьвяртаемся з просьбай да ўсіх грамадзянаў Беларусі падтрымаць акцыю «Беларуская Салідарнасьць», уступаць у грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублікі, удзельнічаць у іншых акцыях, накіраваных на абарону незалежнасьці і выйсьці на сьвяткаваньне Дня Волі 25 сакавіка.

Канановіч В., Захарэвіч С., Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0