Помнік — ня помнік

 

Сёлета споўніцца дваццаць гадоў, як у мастацкіх майстэрнях у цэнтры Менску беларуская інтэлігенцыя ладзіла сьвяткаваньне 1000-годзьдзя Беларусі. Чыталі даклады, прэзэнтавалі плякаты й паштоўкі, пілі гарбату й размаўлялі. Імпрэза атрымала міжнародны розгалас і зацікавіла савецкія спэцслужбы, якія аж да самае перабудовы не давалі жыцьця ўдзельнікам сьвяткаваньня. Так сталася, што дом, дзе адбылася імпрэза, пачаў даходзіць да аварыйнага стану адначасна з прыходам да ўлады першага прэзыдэнта. Можа гэта звычайнае супадзеньне, але сёньня жыцьцё колішніх майстэрняў ідзе на лічаныя месяцы ці нават тыдні.

Дзімітрава, 3. Што гаворыць сярэднестатыстычнаму менчуку гэты адрас? Хіба нічога, бо такая вуліца на сучаснай мапе Менску ўжо не пазначаная. Былая Вялікая Татарская, сёньняшняя Дзімітрава зьнікае разам з памяцьцю пра баўгарскага камуніста, у гонар якога была перайменаваная. Былая сынагога, былыя мастацкія майстэрні, з пасьляваеннага часу і да сёньня дом нумар тры па Дзімітрава належыць Саюзу Мастакоў Беларусі. Дакладней, дом «завіс» на балянсе Саюзу. Як кажа намесьнік старшыні беларускага Саюзу Мастакоў Уладзімер Басалыга, даўно прысьпеў час, каб менчукі разьвіталіся з гэтым домам:

 

— Ён трэснуў па сьценах, ён па архітэктуры вельмі спрошчаны, і каштоўнасьці ў яго аніякай. Калі яго пачаць рэстаўраваць, дык гэта гадоў на пяць... Каб быў помнік, дык горад бы ўзяўся за рэстаўрацыю. Ён належыць нам, але пад ім зямля: яна ж цяпер нікому не належыць. Усе службы: і санітарная, і пажарная — ставяць пытаньне аб немагчымасьці далей яго выкарыстоўваць. Там будуецца занава ўвесь раён — сучасная архітэктура, жылыя кварталы.

Дом, нагадаю, — помнік. І менавіта ў такой якасьці ўнесены ў рэестры. Значыць, справа ня ў гэтым. Як адзін з найважнейшых аргумэнтаў за зьнішчэньне будынку Ўладзімер Басалыга прыводзіць той факт, што нібыта яшчэ дваццаць гадоў таму габрэйская грамада адмовілася ад плянаў вярнуць былую сынагогу:

— Яшчэ ў тыя часы яны прыгледзеліся — яўрэйская абшчына — і зразумелі, што гэты будынак ні на што ня годны. Гэта было гадоў дваццаць назад. Яны паглядзелі, што пабудаваць у два разы дзешавей. Яны добра вывучылі гэтае пытаньне і вырашылі, што гэты падарунак ім непатрэбны.

У Саюзе Мастакоў мараць пра тое, каб як мага выгадней прадаць месца, на якім стаіць дом нумар тры.

— Нам застаецца знайсьці чалавека, каторы хацеў бы на гэтым месцы штосьці пабудаваць. Шукаем такога інвэстара, які б пагадзіўся пабудаваць невялікі пяціпавярховы дом з майстэрнямі наверсе, ці пабудаваць салён-магазін для продажу твораў мастацтва і маленькі запасьнік, дзе б мы маглі зьберагаць свае творы. Калі гэта будзе пабудавана, гэты інвэстар павінен будзе пабудаваць нам на шэсьцьдзесят-сто тысячаў даляраў памяшканьняў. Гэта вельмі разумна на сёньняшні час.

У канцы размовы Ўладзімер Басалыга з жалем дадае пра магчымасьць прызнаньня за домам якой-кольвек значнасьці:

— Калі ўлады забароняць, скажуць, што ня трэба зносіць, ну што ж — мы прагараем...

Графік Уладзімер Басалыга стварыў некалькі сэрыяў твораў з помнікамі беларускае архітэктуры і спадчыны. Магчыма, вы памятаеце ягонае афармленьне трохтомнага расейска-беларускага слоўніка — зь літарамі А, Б і В на вокладцы. Але ні ўзрост дому, ні ягоная мэмарыяльная значнасьць не кранаюць сэрца цяперашняга саюзаўскага кіраўніка.

Севярын Квяткоўскі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0