Якія грошы, такая і літаратура?

 

Алесь Аркуш у публікацыі «Літаратура і грошы», зьмешчанай у «Нашай Ніве» ад 31 студзеня, зьдзівіў мяне непасьлядоўнасьцю думкі, алягічнасьцю. Ён памыляецца, пішучы, што гэта камуністы навучылі атрымліваць грошы за літаратурную творчасьць.

Простаму чалавеку тыя прафэсары, пісьменьнікі, ураднікі — нішто іншае, як гультаі і злодзеі: нічога ня робяць і жывуць. Ня маюць яму сэнсу нават школы. Ён не дадумаецца, што калі б не «гультаі», не было б тэлевізара ў залі ані легкавушкі на падворку, электрычнай лямпачкі пад стольлю. Як пісаў Янка Брыль, маючы на ўвазе роднае асяродзьдзе: калі вы ня лічыце працаю чытаньне кніжкі, дык хоць падумайце, што я малюся да Слова...

Банальнае ў гэтым кантэксьце пытаньне: чаму плацім работніку, а не павінны плаціць паэту? Раз верш нічога не каштуе — гэтак жа нічога не павінен каштаваць таксама друкарскі станок, фарбы, папера. Мастацтва ж вышэйшае за фабрычны прадукт, за шрубы, шворні, штампавыя мэханізмы. За сытага кормніка і бульбу.

Камуністы давалі «добрыя грошы» пісьменьнікам не таму, што чырвоныя былі цывілізаванымі людзьмі, бо не былі, але таму, што імкнуліся «перабудаваць» нармальнага чалавека ў савецкага сродкамі мастацкага слова, інструмэнтальна паўплываць на чытача. Ім трэ было зусім не літаратуры. Гэта быў подкуп. І выкарыстаньне сакральных адносінаў да друкаванага слова, характэрнага адсталым народам. Кніжка цяпер стаецца таварам, як усё, што вырабляе чалавек. У Польшчы тыповы тыраж кніжкі прозы — 2000 экзэмпляраў (паэзіі — 300 экз.), аднак выдаецца іх цяпер у пятнаццаць разоў больш, чым пры камуняках ды іх цэнзуры (лік назваў).

Культура — гэта неабавязковая актыўнасьць асобы, грамадзтва. Хто і каго прымусіў вынайсьці некалі паравую машыну, прыдумаць лятальны апарат, электрычную лямпачку, дынаму, напісаць «Боскую камэдыю» ці «Новую зямлю» або балет «Лебядзінае возера»? Разам з тым цікава, што не ідэалёгіі зьмяняюць сьвет, а, напрыклад, капіталізм, у якога няма ні апосталаў, ні фанатыкаў, ні, тым болей, мэты. Кіруецца патрэбаю жыцьця, ня мітам Раю.

Культура стварыла эканоміку, грошы, а не наадварот. Яна прычынілася да таго, што першабытны людзін перастаў начаваць на галінах дрэва. Ох, беларускія скрайнасьці: або дзікая пагоня за грашом, або пазыцыя нэгра ў цяні пальмы. Сярэдзіны няма, сярэдзіны. Памяркоўнасьці. Алесь Аркуш напэўна ведае, што неадольнае жаданьне пісаць наглядаецца ў графаманаў. Грошы ж, рынак, у пэўнай меры стрымліваюць графаманію. Мой знаёмы вершапісец з Варшавы пахваліўся, што стварыў каля чатырох-пяці тысячаў — зьбіўся зь ліку — вершаў, і хоць у яго здаўна прафэсарскі тытул, ён чамусьці не падумаў, чаму ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі, паэтка з Кракава Віслава Шымборска напісала няцэлыя дзьвесьце (штук вершаў). Прыблізна столькі, колькі Міцкевіч, Пушкін...

Геніяльнасьць рэдактара палягае ў «нюху» на таленты. Такіх рэдактараў бывае пара на стагодзьдзе. У кожнай нацыі. Проста інстынкт не дазваляе ім друкаваць літаратурнае сьмецьце.

У бедных немагчымая высокая культура, як немагчымая маральнасьць у галоднага, што даказалі «гулагі». Бедны, бы той першабытны, увесь час заняты выжываньнем, гэта зьвер. Ня будзе ён займацца нечым неабавязковым, г.зн. культураю. Шэксьпір зьявіўся ж не ў эскімосаў.

Мы крычым пра русіфікацыю, не цікавячыся тым, што на прапаганду расейскае мовы выдаткоўваюцца штогод сотні мільёнаў даляраў. А колькі на прапаганду беларускай? Што ж, якія грошы, такая і культура; але без аднабаковасьці, бо ўсё ўзаемна зьвязана.

Дакараць «народных пісьменьнікаў» у тым, што адвыклі пісаць «дзеля ідэі», можна і трэба, але ім самім гэты папрок як «да лямпачкі», тым, хто прадаўся. Зрэшты, у кожнай эпохі свае твары; іхная ўжо за імі. Але, такі папрок патрэбны найперш маладой зьмене, як апазыцыя да чагосьці папярэдняга, пройдзенага. Хачу, аднак, выказаць перасьцярогу, каб не ўваліцца ў яму «рэвалюцыйнай ігнарацыі», прапагандызму, перавагі зьместу над формай, паэтыкі тыпу Дзям’яна Беднага. У літаратуру прыходзяць аматарскія энтузіясты, але напраўду ствараюць яе прафэсіяналы. Не аўтары ў прысьвяткі. Трэба працоўнай штодзёншчыны, ад раньня да вечара. Ці вы бачылі дзе добрага лекара, які займаецца лекаваньнем ад нагоды да нагоды? Пачытайце біяграфіі тых, хто вылез з калялітаратурнага фальклёру. Іх няшмат, як і высозных соснаў у густым лесе.

У літаратуры так важныя, вырашальныя два фактары: геніяльны рэдактар і прыстойны мэцэнат (талент — антычная назва грошай).

Узбунтаваў мяне і Адам Глёбус, сваім «Зладзейнікам» там жа. Ягоная памылковасьць як быццам паглыбляе памылковасьць шаноўнага Алеся Аркуша. Другі канец аднае палкі: няма грошай вартым іх, але ёсьць грошы камбінатарам, шанцоўнікам. Паэт дастае сухотаў, а жулік мае «на водку і на потку». Гэта паўсюднае ў нас, у людзей з псыхалёгіяй калёніі; у якіх, як вядома, 90% гуманітарнай дапамогі раскрадаюць. Гэткая «афрыканізацыя» працягнецца, на жаль, доўга, пакуль не паявіцца пакаленьне сапраўдных інтэлігентаў, замест «образованщины». З «трыма ўнівэрсытэтамі», пачынаючы ад дзеда як першага з унівэрсытэцкай адукацыяй у родзе. Так, выдаткі эпохі і ўзыходжаньня да цывілізацыі. Пакуль скончацца дрымоты ў неабавязковасьці, такой, у якой «усё будзе добра, толькі нічога ня трэба рабіць».

Сакрат Яновіч, Крынкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0