Мы не баімся калгаснай опэры

 

Студыя аднаўленьня фанаграмаў Беларускага Радыё стварыла кампакт-дыск «Запісы салістаў беларускай опэры 30—40-х гадоў»

 

Падрыхтавала дыск рэдактар музычнай рэдакцыі дзяржаўнага радыё, аўтар цыклю перадачаў «Жывыя галасы» Вольга Брылон, а «рэстаўраваў» музыку Ігар Арцямкоў. Дыск складаецца з запісаў, якія захаваліся ў прыватных менскіх калекцыях, а таксама ў маскоўскіх архівах — Дзяржфільмафондзе, Архіве фонадакумэнтаў і Архіве кінафотадакумэнтаў.

«Запісаў засталося няшмат, — распавядае сп.Брылон, — бо ў той час на Беларускім радыё і ўвогуле ў Беларусі папросту не было ніводнага магнітафону, і ўсе канцэрты, што трансьляваліся радыё, ішлі ўжывую. Першы магнітафон у Беларусь прывезьлі немцы недзе ў 1942 годзе ў будынак Беларускага радыё на Рэвалюцыйнай, 3. Таму з запісаў 30-х гадоў захаваліся толькі зробленыя маскоўскімі перасоўнымі брыгадамі, што наяжджалі ў Беларусь і запісвалі лепшых салістаў. Пасьля запісы вывозіліся ў Маскву, нешта там выдавалася на кружэлках, нешта проста так захоўвалася. Менавіта там, у Маскве, да сёньня застаецца залаты фонд нашай музычнай клясыкі — нешта на кружэлках, нешта на васковых грамарыгіналах. У Менск нейкія копіі з Масквы перадаваліся, але несыстэматычна. Штосьці перасылалі, а чагосьці — не. У нас на радыё ёсьць нейкія запісы 1937 г., перасланыя чамусьці толькі ў 1964-м. У Менску цераз ваенныя нягоды захавалася зусім няшмат. Ёсьць тры пасьляваенныя запісы Жыновіча, былі 13 даваенных кружэлак з запісамі ансамблю народных інструмэнтаў беларускага радыё, але пакуль я не знайшла іх сьлядоў, ёсьць прыватныя калекцыі: напрыклад, у пятніцу некалькі вельмі рэдкіх дыскаў перадаў на радыё ўнук Александроўскай».

Частка песень на дыску адноўленыя паводле кінафільму «Жыві, родная Беларусь», зьнятага Корш-Сабліным да 25-годзьдзя Савецкай Беларусі і ўпершыню паказанага ў 1944 годзе ў занятым савецкімі войскамі Гомелі, куды пераехаў урад БССР. Сярод іх такія шэдэўры таталітарнага мастацтва, як «Застольная» Ісака Любана (аўтара «Бывайце здаровы, жывіце багата»), якую ведаў у той час ці ня кожны: «Выпьем за Родину, выпьем за Сталина, выпьем и снова нальём» (дарэчы, суаўтарам словаў гэтай песьні, якую першай выканала Ларыса Александроўская на славутым канцэрце беларускага мастацтва ў траўні 1942-га ў Маскве, быў знаны расейскі паэт Арсені Таркоўскі). З таго ж фільму ўзяты й запіс песень «Дзе ты, чарнавокая» і «Лірычная партызанская» таго самага Ісака Любана ў выкананьні Ісідара Балоціна, Рыты Млодак і Арсена Арсенкі.

Выкарыстала сп.Брылон і фрагмэнты кіначасопіса «Савецкае мастацтва», зьнятага на Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве ў чэрвені 1940 г.: папулярны шлягер «Песьня бабыля Мікіты» з опэры «Кветка шчасьця» А.Туранкова ў запісе Пятра Засецкага (пачуўшы гэтага сьпевака, Сталін быццам бы спытаўся ў беларусаў: «Дзе вы бярэце такіх артыстаў?») і дуэт Марысі й Міхася з опэры Я.Цікоцкага «Міхась Падгорны» ў выкананьні Рыты Млодак і Мікалая Лазарава.

Гучаць на кампакт-дыску й цудоўныя фрагмэнты з апэрэты «Зарэчны Барок» Самуіла Палонскага, якая нідзе не выконвалася пасьля тых гадоў. «Зарэчны Барок» — гэта калгас, у якім сеюць кок-сагыз. Інтрыга апэрэты пабудаваная вакол памылкі: пераблытаўшы, у калгасе пачынаюць разводзіць куры па тэхналёгіі вырошчваньня кок-сагызу.

Патрапіла на кампакт-дыск і адзіная арыя з опэры Міколы Шчаглова (Куліковіча) «Кацярына», запіс якой захаваўся — у выкананьні Ларысы Александроўскай. Гэтая опэра, напісаная на лібрэта тагачаснага старшыні Саюзу Беларускіх Пісьменьнікаў Міхася Клімковіча (цераз год Клімковіча цудам выратуе ад расстрэлу бурмістар Барысава Станіслаў Станкевіч), рыхтавалася адмыслова да Дэкады беларускага мастацтва ў Маскве, але зь нейкіх ідэалягічных меркаваньняў паказаць яе так і не наважыліся, і толькі дзякуючы «прабіўным» здольнасьцям Міколы Шчаглова яе ўдалося паказаць у канцэртным выкананьні на сцэне маскоўскага Дому актора. Больш опэра не выконвалася, а праз чатыры гады і самое імя Шчаглова (Куліковіча) было забаронена вымаўляць — бо ён сышоў на Захад разам зь немцамі.

Апынуліся на дыску й габрэйскія народныя песьні «Калыханка» і «Адкуль пачынаецца каханьне» ў апрацоўцы Самуіла Палонскага і выкананьні чароўнай Соф’і Друкер.

Лёсы выканаўцаў часта былі ня менш трагічнымі за долю іхных запісаў. Саліст Менскай опэры Валяр’ян Каліноўскі на пачатку вайны апынуўся ў Маскве, запісаўся ў народную дружыну, гасіў пажары пад час бамбёжак. Аднойчы ля яго разарвалася бомба, яму адарвала нагу, і ён памёр ад страты крыві. Ягоная жонка, Тацяна Баначыч-Каліноўская, таксама сьпявачка Менскай опэры яшчэ ад часоў, калі яна была проста музычнай студыяй, і выканаўца ролі Шэмаханскай царыцы ў першай менскай пастаноўцы савецкіх часоў, «Залатым пеўніку», каб пракарміць двух дзетак, выступала ў час вайны ў тэатры, за што яе па даносе суседкі ў 1944 годзе арыштавалі і адправілі ў лягер. З Расеі яна вернецца толькі праз 10 гадоў. Легендарны гарбаты акардэаніст Васіль Савіцкі, у суправаджэньні якога на дыску гучыць песьня «Вечарынка» пасярэдняга расейскага кампазытара Лява Ямпольскага на словы Янкі Купалы, таямніча загіне ў вайну. Нехта нацягнуў дрот папярок дарогі, якой ён вяртаўся позна ўначы з тэатру (ён езьдзіў матацыклем), і дрот прыйшоўся яму проці горла. Казалі, што гэта былі партызаны, помсьціліся, што ён іграў немцам у казыно, якое месьцілася ў будынку вышэйшай партыйнай школы...

На жаль, кампакт-дыск пакуль існуе толькі ў двух экзэмплярах і канкрэтных плянаў выпуску большага накладу яшчэ няма. Затое Вольга Брылон ужо задумала другі дыск музыкі таго ж часу. Яна зьбірае старыя запісы для фондаў радыё — і будзе ўдзячная за любыя парады (скантактавацца можна праз тэл. у Менску 239-58-20). Досьвед рэстаўрацыі старой музыкі — сапраўды каштоўны.

Таталітарызм становіцца набыткам мінулага. Каляніяльнае мастацтва той эпохі больш не прымушае нас уздрыгваць ад асацыяцыяў з тэрорам, больш не выклікае агіды — для нас гэта імпэрская клясыка, экзотыка, часавы арыенталізм. Мы слухаем арыі з калгасных опэр, як нешта пераадоленае намі, слухаем як пераможцы, як людзі, што вызваліліся з путаў гэтай традыцыі і атаесамляюць сябе з зусім іншай мадэльлю беларускай культуры.

Гэта ня родная нам музыка. Мы ўспрымаем яе як музэй музычных старажытнасьцяў, а ня музыку праўды і крыўды, фарсу і трагедыі, кампрамісу й калябарацыі, якой яна была для людзей той эпохі. Мы ведаем трагічную гісторыю яе стварэньня і яе стваральнікаў. Яна пісалася для абслугоўваньня таталітарнай ідэалёгіі, але мы яе болей не баімся — для нас яна бясшкодная. Атрута згубіла сілу: гэтая музыка сталася дэкарацыяй, за якой няма дзеяньня. Нас яна па-свойму вычварна прыцягвае. І дзеля таго, што ў нас мала іншай беларускай музычнай клясыкі, і бо мы перажываем дзіўную посттаталітарную асалоду ад таго, што можам слухаць гэтую музыку, не рызыкуючы апынуцца ў яе палоне, паверыць ёй. Узноўленая хімэрная сталінская эстэтыка абуджае і задавальняе наша пачуцьцё бясьпекі перад таталітарызмам. Зрэшты, мы нават не разглядаем гэтую музыку як мастацтва, адно як сьмяротную маску ідэалёгіі і эпохі. Бяскрыўдны сымбаль савецкага жыцьця. У адрозьненьне ад сталінскай архітэктуры, ён не назаляе нам штодня. У адрозьненьне ад літаратуры, не нясе небясьпекі размываньня мовы. І мы цешымся гэтай музыкай, якая ня вытрымала выпрабаваньня часам. Ёсьць фэнамэнальнасьць у самім гэтым уменьні і імкненьні цешыцца недасканалым і вычварным.

Але адначасова гэтае музычнае падарожжа ў БССР яшчэ ямчэй, чым вячэра ў фэшэнэбэльным, але стылізаваным пад саветчыну менскім рэстаране «Пан Хмелю», куды ня трапіш, ня даўшы на лапу швайцару і дзе на дзьверах заўжды вісіць шыльдачка «Мест нет», дае адчуць, наколькі зьмянілася Беларусь за постсавецкі час. Жыцьцё — і музыка, і рэстараны, і лад побыту, і лад мысьленьня — тут усё яшчэ здаюцца нам поўнымі паскудзтва, але гэта ўжо зусім іншае паскудзтва, не ультраідэалягізаваны савецкі таталітарызм, але псэўда-дэідэалягізаваны псэўда-лібэралізм расейскага ўзору, што стаў ідэалёгіяй беларускай улады і мэдыяў — якія слухаюць музыку, адпаведную сваёй душы, на сваіх FM-радыёстанцыях. І, верагодна, мала хто сёньня здольны пабачыць і ў гэтай безгустоўнай музыцы-аднадзёнцы пасьмяротную маску эпохі. Якая некалі таксама здасца бясшкоднай і, можа, нават па-свойму вычварна-мілай.

Аляксандра Андрыеўская,
Андрэй Дынько


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0