Балела галава, але не душа

24 лютага паэту Рыгору Барадулiну спаўняецца 65 гадоў, 25 зь якiх паэт ня п’е

 

Рыгор Барадулiн: Я ў завязцы зь семдзесят чацьвертага году. Але тут трэба ня радавацца, не вiншаваць, а спачуваць. Таму што ўсё роўна чалавеку трэба выпiць. Бываюць у жыцьцi такiя моманты, калi неабходна выпiць. Але я сваю запойную пяцiгодку перавыканаў датэрмiнова. А пiў я наагул выдатна, можна сказаць, генiяльна.

На маiм сумленьнi ёсьць адзiн падпiсаны лiст супраць так званай «бебурнацы» (была такая абрэвiятура, што азначала: беларускiя буржуазныя нацыяналiсты), якi «Голас Радзiмы» зьбiраў. Мне тады пазванiлi — мы зараз прыедзем да Вас з газэты. Я кажу: «прыяжджайце». I прыехалi. А ў мяне якраз сядзеў Караткевiч. Мы выпiвалi. Валодзя заўсёды быў разумнейшы за мяне. I ён запёрся ў бакоўку, так званы «цешчын пакой», i пераседзеў там. Я вымушаны быў падпiсаць i апынуўся ў дурнях. Але, навучаны горкiм вопытам, калi супрацоўнiкi «Голасу Радзiмы» пачалi зноў патрабаваць падпiсаць лiст, я сказаў спачатку, маўляў, ня ведаю, хто такi Сахараў. Яны сталі тлумачыць. Пасьля я проста пiў, i калi падымаў слухаўку, дык, што называецца, не вязаў лыка й рабiў выгляд, што са мной проста немагчыма гаварыць. Карацей кажучы, ад мяне адсталi. Такiм чынам, гарэлка мяне выратавала ад гэтае ганебнае плямы.

У савецкi час гарэлка была адзiным спосабам уцёкаў ад сапраўднасьцi, ад «сьветлага заўтра». Прыходзiлася ныраць на цёмнае дно гарэлкi, і яна ратавала. На ранiцу галава, канечне, раскалвалася, але затое душа не балела. Вось гэтае, бадай што, галоўнае ў гарэлцы, каб балела галава, а не душа.

Зміцер Бартосік


ДАЙНЫ

З латыскае мовы пераклаў 
Рыгор Барадулін

Здаўна латыская дайна 
Гучыць гарэзьліва й файна. 

***

Ай, Божа мой, Божанька!
У мяне, як рожкі, цыцкі,
Я магу хлапцоў суседзкіх 
Цыцкамі пазабасьці.

***

Ну, ну, ну, псік, псік!
Маці я паскарджуся!
Што шукаюць гэны хлопцы
У мяне за пазухай?
 

***

Мне гарэлкі, мне гарэлкі,
Не магу напіцца півам!
Дзеўку, дзеўку маладую,
Спаць я не магу адзін!

***

Каб было ў мяне ў двары
Возера гарэліцы,
На сярэдзіне б я плаваў,
Як маленькі акунёк. 

***

Стану проці ветрыку,
Хай спаднічку разьвявае,
Хай у вёсцы хлопцы ўбачаць,
На які тавар багата. 

***

Хлопцы, дзевак беручы,
Цыцку кожную праверце;
Брат глядзеў мой адным  вокам —
Дзеўку ўзяў з адною цыцкай. 

***

Дзецюку надоечы 
Я давала стоячы.
Ці ж з-за дробязі такой
На зямлі ляжаць сырой?


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0