правінцыя

Беларусь у прывабных сюжэтах

 

Неяк гады тры-чатыры таму я пачаў шукаць прывабныя сюжэты з правінцыі. Беларуская літаратура дасюль малявала правінцыю як нешта партыярхальна-зануднае і шэра-будзённае — гэткі суцэльны працадзень зь перапынкамі на сьвята за пляшкай гарэлкі. Вось у вялікім горадзе весела (а яшчэ весялей за мяжой), а ў маім мястэчку дзікасьць і туга сьмяротная. І тое мастацкае адлюстраваньне — стопрацэнтовая праўда, бо так было.

У сваім дзяцінстве-юнацтве менавіта так і я ўспрымаў жыцьцё ў сваім маленькім гарадку. Праўда, у той час стаяў, як непрыступны дзот, разьвіты сацыялізм, таму шмат якія культурніцкія ініцыятывы канчаліся журботна. Як, напрыклад, выданьне наваполацкімі студэнтамі рукапіснага альманаху “Блакітны ліхтар”. Зараз іншыя часы, іншыя магчымасьці.

Вось толькі нічога не зьмянілася ў стаўленьні да правінцыі. Я ніяк ня мог даўмецца прычыны гэткай непавагі да свайго бытаваньня і да сябе самога. У прыбалтаў, нашых суседзяў, літаратура пераважна правінцыйная, нават хутарская. Але там няма такой безвыходнасьці і прыніжанасьці. Пачытайце Зіедоніса, Марцінайціса, Траата, Уньда. Нездарма Алесь Разанаў пад саветамі так цягнуўся да прыбалтаў. Ці не таму, каб выблытацца з гэтай псэўдабеларускай сьмяротнай немачы?

Бываючы ў адпачынку ў родным гарадку, я ўпарта шукаў прывабныя сюжэты. Што гэта можа быць? — гадзінамі разважаў я. Вядома, гісторыя. Калі яе “рэстаўруюць” прафэсійна і патрыятычна. Што было на месцы твайго паселішча раней, што за людзі тут жылі, якія падзеі адбываліся, якія легенды нараджаліся. Гэткае рамантычнае краязнаўства, бяз казак пра ВОВу. Патрэбнае тое, чаго няма ў правінцыі. А няма мясцовых мітаў (хутчэй яны забытыя, пахаваныя), адметных культурніцкіх постацяў (акрамя Ўладзімера Арлова, які ўпарта “рэстаўруе” гісторыю Полаччыны, ніхто больш гэтым мэтанакіравана не займаецца), няма мікрагісторыі. Дастаткова пагартаць раённыя таміны “Памяць”, каб пераканацца ў тым, які нам рыхтуецца культурніцкі кантэкст.

Былое беларускае патрыярхальнае жыцьцё, жыцьцё нашых сьветлых, згорбленых бабулек, здаецца, канчаткова забываецца. Ягоныя культавыя рэчы — розныя пранікі, кашы і вышыванкі — знайшлі апошні прытулак у этнаграфічных музэях. Калі патрыярхальнаму на замену хутка ня прыйдзе мадэрны нацыянальны лад, дык і сама беларушчына зойме месца за вітрынаю.

Вялікую працу ў кірунку “узяць жыцьцё ў свае рукі” ў 20-х гадох правяло літзгуртаваньне “Маладняк”. “Маладнякоўцы” амаль усю Беларусь ахапілі сваімі філіямі. Менавіта Алесь Дудар, адраджаны ў Полацак, з “Полоцкого пахаря” зробіць “Чырвоную Полаччыну”. Альтэрнатывы не існавала, можна было зрабіць толькі “Чырвоную”, але — беларускамоўную. Нешта падобнае ў апошнія гады спрабавалі рабіць “маладафронтаўцы”. Але вынік іх працы значна слабейшы. Ужо праз год ад дзейнасьці МФ у правінцыі не засталося і сьледу. А вось полацкі “Маладняк” пасьля сябе пакінуў: тры літаратурныя альманахі, легенды і міты “маладнякоўскага” жыцьця; літаратараў; “Чырвоную Полаччыну”, якая і зараз пад назваю “Полацкі весьнік” выходзіць па-беларуску.

Між тым, што тычыцца Полацку, дык тут бясконцае поле працы і праблемаў. Асабліва — з гісторыяй першай паловы і сярэдзіны ХХ ст. Арлоў на сёлетняй сустрэчы зь землякамі ўжо паабяцаў, што неўзабаве засядзе за кнігу пра полацкую нядаўную мінуўшчыну. А што рабіць Крычаву, Хоцімску, Ашмянам, Копылю, Салігорску, майму роднаму Жодыню? (Мая бабуля заўжды называла гэтае места — Жодынь.) Калі вы не Арловы, дык хаця б стварайце сёньняшную жывую гісторыю свайго места: мастацкія і фотавыставы, сустрэчы зь пісьменьнікамі, літсуполкі, выданьне кніг і газэт, запіс мясцовых паданьняў і ўспамінаў старых людзей і публікацыя ў раёнках, збіраньне старых фотаздымкаў…

І прывабныя сюжэты самі вас адшукаюць.

Алесь Аркуш


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0