Навіны

 

Загінуў Мікола Ермаловіч

Пазаўчора ўвечары ён ехаў з Чырвонага касьцёла й пад вокнамі свайго дому трапіў пад машыну. Учора памёр. Тыдзень таму мы надрукавалі зь ім вялікую гутарку. Было яму 78 гадоў, быў ён амаль сьляпы з маленства, зацята бараніў праўду пра беларускую гісторыю, рыхтаваў новую кнігу. Усё за жыцьцё вытрымаў. Ён адзін супрацьстаяў цэламу савецкаму Інстытуту гісторыі.

Вечная памяць.

 

Прыгоды Дранчука

1 сакавіка каля рэзыдэнцыі прэзыдэнта ў Менску адбыўся несанкцыянаваны пікет. Цімох Дранчук, Піліп Клікушын і Лявон Малахаў трымалі плякаты з патрабаваньнем неадкладна расьсьледаваць зьнікненьне В.Ганчара, Ю.Захаранкі і А.Красоўскага. Усіх удзельнікаў пікету затрымалі і завезьлі ў пастарунак. Cудзьдзя Жданок дала ўсім тром хлопцам 5 начэй арышту. Але Цімоха Дранчука мусілі ўчора адпусьціць, бо ў яго прызналі чэрапна-мозгавую траўму. Нанесьлі яе яму пры перавозцы з суду на Прылукі — яго пасадзілі ў вялікае аддзяленьне аўтазаку, «стакан», дзе замест васьмёх перавозілі 18 паняволеных, і там ён пабіўся галавой. Два ж другія хлопцы так і сядзяць, і трымаюць галадоўку — выйдуць яны 8 сакавіка. Іх ня так даўно ўжо затрымлівалі за таптаньне расейскага сьцягу ў знак пратэсту супраць бойні ў Чачэніі. У Дранчука ж гэта ўжо чацьвертая адседка. Адчувае ён сябе па выхадзе на свабоду нармальна.

Б.Т.

 

Спэцназавец забіў амонаўца

Інцыдэнт адбыўся ў ноч на мінулую суботу на начной дыскатэцы ў канцэртнай залі «Менск», — паведаміў Інтэрфакс. Супрацоўнік спэцпадразьдзяленьня па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» стрэлам зь пісталета забіў супрацоўніка менскага амону і параніў яшчэ трох афіцэраў атраду асобага прызначэньня ГУУС сталіцы. Забойцу затрымалі.

А.К.

 

Вар’ят — вар’ята

Жудасны выпадак адбыўся ў вар’ятні, якая знаходзіцца ў вёсцы Гарадзішча каля Пінску (на месцы Гарадзішча месьціўся старажытны Пінск). Старэйшы мэдбрат у шаленстве застрэліў псыхічна хворага з паляўнічай стрэльбы. Калі забойцу затрымлівалі, ён супраціўляўся міліцыянтам.

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Ружы — поштай

Паштовая служба Беларусі зрабіла яшчэ адзін крок наперад. Напярэдадні 8 сакавіка паштавікі паведамілі, што цяпер можна даслаць жанчынам разам зь віншавальнай паштоўкай кветкі ці падарункі. Пошта абяцае даставіць усё ў тэрмін.

Сымон Глазштэйн

 

Здароўе Сілівончыка

28 лютага сьветлагорскі суд прызначыў псыхіятрычную экспэртызу А.Сілівончыка, мэцэната сібірскіх архараўцаў. Наступнае паседжаньне — 6 сакавіка. Людзі паводзінамі Сілівончыка на судзе абураюцца, але сёй-той кажа: а каб цябе 8 месяцаў пратрымалі ў камэры, як бы ты сябе паводзіў?

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

 

На паперы ўсё выйдзе

На Палесьсі ўлады плянуюць ды прагназуюць «разьвіцьцё народнай гаспадаркі» на 2000 год. Прыкладам, на Століншчыне вэртыкальшчыкі абвесьцілі, што ў бягучым годзе харчовая прамысловасьць будзе разьвівацца «апераджальнымі тэмпамі», а прадукцыйнасьць працы ўзрасьце дакладна на 11,8%! Вельмі хутка, пэўна, невядомымі дагэтуль у сьвеце тэмпамі, будзе разьвівацца сельская гаспадарка — «валавая вытворчасьць сельскагаспадарчай прадукцыі ва ўсіх катэгорыях узрасьце на 20,5%».

У Дарагічынскім райвыканкаме пайшлі яшчэ далей. Там плянуюць павялічыць вытворчасьць зерня на 24%, ільновалакну — на 89%, бульбы — на 44%! Паводле дакладу намесьніка старшыні Дарагічынскага райвыканкаму Сенькаўца на сэсіі раённага Савету дэпутатаў, «працаўнікі вёскі абавязаныя атрымаць з кожнага гектару пасеваў 23,4 цэнтнэры збожжа, 235 ц цукровых буракоў» і г.д.

 

Дарафеевай ня трэба

У cуботу ў Пінску адмянілі канцэрт Ірыны Дарафеевай. Не дапамаглі нават прыгожыя каляровыя постэры, разьвешаныя напярэдадні — пінчукі набылі толькі 20 квіткоў пры больш як 700 месцах у ДК. А вось 8 сакавіка ў Пінску мусяць выступіць «Сябры», дык квіткоў увогуле няма ў продажы — «уваход па запрашэньнях».

Аляксей Дзікавіцкі, Пінск

 

Тыдзень без «Малыша»

Больш за тыдзень на паліцах астравецкіх крамаў адсутнічае дзіцячае харчаваньне «Малыш» і «Малютка», якое вырабляецца на ваўкавыскім АТ «Беллакт». Прадаўцы іх зьнікненьне тлумачаць проста — танны прадукт вывезьлі ў Літву і «наварылі» немалыя грошы прадпрымальныя людзі. Мацярок гэта не супакойвае, бо імпартнага дзіцячага харчаваньня ў Астраўцы, як кажуць, са сьвечкаю ня знойдзеш.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

З Шаркоўшчыны

У Шаркоўшчынскім раёне дзейнічае 6 грамадзкіх арганізацыяў. Перарэгістрацыю зь іх праходзілі толькі ТБМ і культурна-асьветніцкі цэнтар імя Язэпа Драздовіча. Ня так цяжка было прайсьці перарэгістрацыю, як стаць на ўлік. У райвыканкаме патрабавалі арэндаваць памяшканьне пад офіс, каб арганізацыі былі пастаўленыя на ўлік. Але кіраўнікі мясцовых установаў былі папярэджаныя не даваць памяшканьняў. Пару месяцаў арганізацыі «віселі ў паветры», пакуль не прыйшоў загад зьверху: можна скарыстоўваць у якасьці юрыдычнага адрасу хатнія адрасы сяброў арганізацыі. 28 лютага ТБМ і культурна-асьветніцкі Цэнтар Драздовіча былі пастаўленыя на ўлік.

 

Зь Дзісеншчыны

На Дзісеншчыне прайшоў пленэр мастакоў менскай суполкі «Пагоня» і «Віцебскай акварэлі», а таксама навучэнцаў мастацкіх школаў Віцебшчыны, прысьвечаны Язэпу Драздовічу і Міхасю Райчонку. Вынікам сустрэчы сталіся мастацкія выставы ў Віцебску, Шаркоўшчыне і Галубічах.

Б.Т.

Край

Вось ужо другі тыдзень у Мар’інай Горцы зьяўляюцца ўлёткі ваенізаванага згуртаваньня «Край». Улёткі заклікаюць любіць Беларусь не на словах, а справамі.

М.Вуж, Мар’іна Горка

 

праваслаўная кроніка

Выстава ў ДК МАЗу

У менскім ДК МАЗу распачалася фотавыстава «Беларусь Праваслаўная». Сябры Брацтва імя Архістраціга Міхаіла за 2 гады вандровак па краіне назьбіралі каля 600 здымкаў, што ілюструюць адметнасьці беларускага праваслаўя. Зь верасьня 1999 году выстава пабыла ў 17 гарадах краіны.

 

Сабор у Лідзе

У Лідзе плянуюць пабудаваць праваслаўны катэдральны сабор на вул.Тухачэўскага ў гонар 2000-годьдзя нараджэньня Хрыстовага. Там урачыста заклалі камень, які асьвяціў япіскап Наваградзкі й Лідзкі Гуры. Нядаўна на гэтай жа вуліцы пабудавалі й касьцёл.

 

Адбудова Ўваскрасенскай царквы

Віцебская праваслаўная япархія атрымала дазвол гарадзкіх уладаў на адбудову зруйнаванай у 1936 годзе Ўваскрасенскай царквы. Фундатарам аднаўленьня помніка позьняга барока будзе дырэктар абутковага прадпрыемства «Марка» Мікола Мартынаў. Гарадзкая ўніяцкая грамада патрабуе перагляду гэтага рашэньня і перадачы права на рэканструкцыю царквы ўніятам — бо будаваўся гэты сабор у свой час менавіта ўніятамі.

Б.Т.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0