Апостал нацыі

 

24 лютага народны паэт Беларусі й бясспрэчны клясык нацыянальнае літаратуры Рыгор Барадулін адсьвяткаваў сваё 65-годзьдзе. Публічнае сьвяткаваньне юбілею адбылося ў суботу, 4 сакавіка, у сядзібе Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне», да якога належыць і дзядзька Рыгор. Блізу 70 сяброў, знаёмых ды простых прыхільнікаў творчасьці сабраліся заўчора а трэцяй гадзіне ў залі фронтаўскай сядзібы. Спадар Барадулін пачаў ад вершаў, і па першым творы пачуў воплескі, што паўтараліся шторазу, таму й папрасіў: «Давайце, як я прачытаю, тады будзеце хлопаць», — а ўсё адно хлопалі шмат і часта. Вёў імпрэзу Юры Хадыка. Вершы дзядзька Рыгор чытаў па кожным віншаваньні і, відавочна, свае паэтычныя творы ён адбіраў адпаведна моманту й месцу дзеі, за што добра сьведчаць урыўкі зь іх: «Адам Міцкевіч паліць беларускія вершы свае, каб напісаў іх Янка Купала… Бог спачатку задумаў слова, сьведкай гэтаму думка была… Агню бязь цемры цяжкавата, ня цяжка цемры без агню… Беларусь паўтарацьме за Рагнедаю ўсьлед: «Не хачу рабыніча разуваці…»

Першым павіншаваў свайго сябра мастак Аляксей Марачкін, падарыўшы ад сябе і Фронту палатно зь беларускім зімовым краявідам ды прачытаўшы верш з радкамі «нас не застрашыць КГБ, калі ў нас ёсьць паэт РБ». На імпрэзе быў і колішні прэм’ер-міністар Міхаіл Чыгір з жонкаю, выказаў словы прыязьні: «Я вельмі ўдзячны за сёньняшнюю магчымасьць павіншаваць Вас з днём народзін… Некалі Вы будзеце сьведкам таго, як Вашыя вершы будуць гучаць на поўную сілу ўва ўсёй Рэспубліцы!» Артур Вольскі чытаў, віншуючы, вершы.

Кінарэжысэр Віктар Дашук падараваў юбіляру аўтарскую копію фільма «Ноч доўгіх нажоў» з словамі: «Неўзабаве ў нашым жыцьці адбудзецца падзея, калі ноч скончыцца, і гэта будзе добрая нагода згадаць, як ты браў чарку» (апошняя фраза выглядала канцэптуальна ў кантэксьце фразы Аляксея Марачкіна: «Ты нас заўсёды заахвочваў, а сам ня браў…»).

Надзея Давыдовіч, якая з восьмае клясы была высланая на дваццаць пяць гадоў у Казахстан, ледзь не расплакалася ў сваім прызнаньні да Паэта: «Калі Бог стварыў Вас для народу, дык Бог Вас і зьберажэ!».

Маці старшыні Народнага Фронту Аляўціна Вячорка, у якой узорная беларуская мова спалучалася з жаночаю вабнасьцю й чалавечаю шчырасьцю, прызналася, што ў сваёй сумачцы разам зь іншымі важнымі рэчамі заўжды носіць верш Рыгора Барадуліна «Таямніца перакладу». Па маці выступаў сын: Вінцук Вячорка ад імя Ўправы БНФ уручыў дзядзьку Рыгору падарунак-шарж — малюнак паэта ў абліччы мушкетэра, які стаіць ля памежнага знаку дзьвюх тысячагодзьдзяў і трымае шчыт з бээнэфаўскім крыжам: маўляў, гэтая алегорыя сымбалізуе фронтаўскасьць і вечнасьць.

Што да сэнсавае характарыстыкі «абразка», меркаваньні падзяліліся. Вінцук Вячорка назваў яго «менш мэтафарычным», а Юры Хадыка настойваў на большай «мэтафарычнасьці». Гэта было неістотна на тле чарговага прэзэнту — вялікага ананаса ад адной зь менскіх раённых радаў БНФ з пажаданьнем Рыгору Іванавічу разам зь іншымі беларусамі некалі займець магчымасьць наведаць краіны гэтае садавіны. Рыгор Барадулін на тое зацеміў: «Дык мы й так жывем у бананавай рэспубліцы».

Лявон Баршчэўскі зрабіў нечаканае прызнаньне: «Я ў прынцыпе кінуў пісаць вершы, як прачытаў Рыгора Барадуліна. Але перакладамі займаюся дагэтуль… Вы для мяне ёсьць узорам, і мове я вучыўся найперш у Вас. Янка Купала сказаў: «Я ў паэзіі Дзяржавін, а Дубоўка — Пушкін», шкада, што ён не дажыў і не перадаў вам эстафэты».

Не засталася абыякавай да жывога клясыка й фронтаўская моладзь. «Ад Маладога Фронту — наймаладзейшаму паэту» падараваў Павал Севярынец кубак для крынічнае вады й «Новы запавет» у перакладзе Васіля Сёмухі, дадаўшы: «Малады Фронт падтрымлівае Вас у тым, што Вы рабілі дваццаць пяць гадоў (ня пілі — В.М.)».

Да імпрэзы Ўладзімер Кармілкін — фронтаўскі фатограф — падрыхтаваў выдатную выставу, прысьвечаную Рыгору Барадуліну, якую можна пабачыць, завітаўшы на Варвашэні, 8. Рыгор Барадулін адпаведна ацаніў высілкі фотафіксатара фронтаўскага жыцьця: «Як будзе ў БНФ Уладзімер Паўлавіч — будзе й БНФ!»

«Хто такі Лукашэнка? Гэта дробны палітычны дзеяч эпохі Барадуліна», — сказаў нехта. З гэтым добра стасуюцца словы яшчэ аднаго чалавека-эпохі — Васіля Быкава: «Беларусы павінны памятаць і ганарыцца тым, што жылі ў час, калі жыў Рыгор Барадулін — найвышэйшы пясьняр, якога дала беларуская нацыя. Яшчэ ніхто ня ўзьняўся гэтак высока». Дзьве гадзіны віншаваньняў і прызнаньняў у любові да мэтра нацыянальнае літаратуры пакінулі ўражаньне, што скуголеньні аб мове і ўладзе — гэта доля пэсымістаў, якіх можна адно пашкадаваць.

Задзіночыць людзей нельга вакол прэзыдэнтаў і іхных «круглых сталоў», іх нельга замірыць, даўшы палітыкам слова на бачынах якой «Советской Белоруссии», — гэта рэчы часовыя й паводле біблійнае філязофіі марныя. І Чыгір, і Вячорка, і Шчукін, які падпяваў беларускія патрыятычныя песьні, і Барыс Хамайда, які адмыслова прыехаў зь Віцебску — усе яны былі злучаныя постацяй Рыгора Барадуліна — бясспрэчнага апостала нацыі.

Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0