войска

Квадратны сьнег

 

Вайсковае быцьцё перапоўненае рэчамі, якія чалавеку з цывільля падаюцца чыстым вар’яцтвам. Чалавецтва ля брамы ў ХХІ стагодзьдзе, а ў войску да гэтай пары выкарыстоўваюцца анучкі для ног заміж шкарпэтак. З анучкамі на нагах што і за мабільнасьць можа быць? Шкарпэткі, кажуць нам сэржанты, згодна з статутам недазволеныя. Замотваньне анучак мусіць займаць па 7 сэкундаў на кожную нагу. Рэальна цяпер ніхто за столькі не пасьпявае. Таму, акром замотваньня, існуе іншы спосаб адзяваньня анучак, званы «парашутам», — жаўнер папросту ўскоквае ў боты, на якіх накладзеныя анучкі. У кажным разе мазалі маладым забясьпечваюцца.

На дзень прымушаюць засьцілаць ложак так, каб палоскі, што на адным з краёў сіняй коўдры, аказаліся ў галовах. У часе ж адыходу да сну гэтыя палоскі мусяць знаходзіцца ў нагах. Памылкі дапусьціць нельга, могуць пакараць. А на што патрэбныя тыя палоскі наагул?

У мыйні цячэ толькі халодная вада. Іншай не прадугледжана. У мыйні ж мядзяныя кранікі пастойна трацяць бляск. Адтварэньне бляску адбываецца праз дружнае націраньне кранікаў папругамі.

У войску, мабыць, чулі пра разнастайныя мыйныя рэчывы, але жаўнер чысьціць усё жоўтым пясочкам. Адылі эфэкту ладнага з гэтага, ясна, нямашака.

Зіма — нялюбая пара беларускіх жаўнераў; асабліва калі яна няпэўная. Кожная завіруха — прадвесьце работаў па вычышчэньні прылеглай тэрыторыі. Апатэоз сьнегаачышчэньня — выпрастоўваньне сьнегу, адкінутага на ўзбочыны. Яму адмыслова надаюцца абрысы прастакутніка. Квадратны сьнег — адна з самых пацешных бязглузьдзіц.

Паленьне ў войску дазваляецца ў адмысловых альтанках, што завуцца курылкамі. Шарагоўцы кураць разам пасьля т.зв. «прыёму харчу». І ў курылцы мусяць тлуміцца ўсе, нат тыя, хто не паважае нікатыну. Для апошніх кожны «перапал», асабліва вечарком, прыносіць шмат «радасьці».

Сяргей Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0