Бухарскія жыды

 

У перакладзе з таджыцкай «хала» азначае «ні тое ні сёе» ды ўжываецца тады, калі трэба паказаць нешта няпэўнае, нетрывалае. У Таджыкістане гэтым словам клічуць таксама бухарскіх жыдоў, навернутых у іслам. І адзінакроўныя іх браты, веры якіх яны адракліся, і мусульмане, да якіх яны далучыліся, сумняваліся ў шчырасьці намераў «хала».

У ХVI ст. Бухару, што цяпер знаходзіцца ў паўднёва-заходнім Узбэкістане, паставілі пад свой кантроль узбэцкія плямёны, якія з ахвотай прынялі іслам. У ХVIII ст. шмат жыдоў — некаторыя з-за ўціску, іншыя ў пошуках лепшага жыцьця — зрабіліся мусульманамі. У наступным стагодзьдзі ўзмацняўся ісламскі фундамэнталізм, адпаведна звыклай справай зрабіліся пагромы ды напады на жыдоў. Таму ў ХІХ ст. яшчэ некалькі сотняў бухарскіх жыдоў вырашылі прыняць іслам, каб захаваць свае правы ды грамадзкае становішча ў Бухарскім Ханстве.

Абражаная жыдоўская грамада адраклася адступнікоў, перастала падтрымліваць зь імі якія-кольвек сувязі. Крыўда працяла ўсе дачыненьні паміж людзьмі адной крыві. У сваёй новай кнізе «Хала» Мансур Сурош, таджыцкі дасьледчык гісторыі бухарскіх жыдоў, апісвае выпадкі, калі жыдоўская дзяўчына ці хлопец сустракаліся з кімсьці з «новых мусульманаў», але рабіны забаранялі гэткае каханьне. Запэўніваньні ў тым, што «хала» вызнаюць Алаха толькі вонкава, а нутрана застаюцца адданнымі старой веры, не дапамагалі: рабіны казалі, што чалавек ня можа жыць з падвойным духам. Калі «хала» паміраў, яго нават не маглі пахаваць па-людзку. Ягоныя родныя нярэдка адмаўляліся спраўляць традыцыйныя жыдоўскія хаўтуры, пад час якіх у сынагозе павінны прысутнічаць, як найменей, дзесяць чалавек. Маўляў, душа «хала» ня зможа знайсьці супакою на тым сьвеце і будзе толькі тузаць душы астатніх.

За саветамі любыя спробы дасьледаваць праблему бухарскіх жыдоў падаўляліся, падаўляліся і ўсе нацыянальныя пытаньні. За апошнія дзесяцігодзьдзі, асабліва пасьля распаду Савецкага Саюзу, блізу 25000 жыдоў эмігравалі з Бухары, Худжанду, Каканду, Самарканду, Шахры-Сабзу, Ташкенту ды зь іншых местаў у Ізраіль ды ЗША. У Бухары іх засталося толькі пад тысячу, а ў Душанбэ — усяго 300.

Часам слова «хала» ўжываюць у больш шырокім, мэтафарычным сэнсе. «Хала» — гэта фэномэн прымусовай асыміляцыі, што робіць шкоду той грамадзе, адкуль зыходзяць людзі, а таксама стварае небясьпеку для той культурнай супольнасьці, да якой яны далучаюцца. «Хала» — гэта лад думак тых, хто, незалежна ад сваёй нацыянальнасьці, з-за прымусу ўладаў ці ў пошуках прыбытку гатовы забыцца на сваю ўласную культуру, веру продкаў, свой народ.

Ці можна назваць бухарскіх жыдоў, якія прынялі іслам, манкуртамі? Гэтыя людзі зрабіліся закладнікамі нецярпімасьці з боку іншых народаў ды нават з боку сваіх суайчыньнікаў. Як піша ў сваёй кнізе «Хала» Мансур Сурош, «у нашы грэшныя часы знайсьці сапраўднага мусульманіна таксама складана, як адшукаць сапраўднага жыда».

Але няма сумневаў, што з ад’ездам гэтых сваіх для ўсіх і чужых для ўсіх бухарскіх жыдоў страчаны яшчэ адзін дыямэнт з кароны ўнікальных шматкультурных супольнасьцяў Бухары й Самарканду, што фармаваліся гадамі. Патрыёты гэтых азіяцкіх Вільняў ды Чарнаўцоў, напрыклад, пісьменьнік Цімур Пулатаў, што родам з Бухары, а піша па-таджыцку, са скрухай узгадваюць старое жыцьцё ў гэтых гарадах, жыхароў якіх узбэкі называюць таджыкамі, а таджыкі — узбэкамі.

Цяпер, пасьля падзелу рэгіёну нацыянальнымі межамі, многія таджыкі ў Самаркандзе, а ўзбэкі ў Худжандзе самі робяцца «хала», перапісваючыся ў мэтрыках на іншую нацыянальнасьць і старанна забываючыся на засвоеныя зь дзяцінства звычкі. Ці думалі яны, сужывучы з жыдамі, што некалі мусяць будуць паўтараць іхны шлях? «Кожны з нас трошачку жыд», — як піша Сакрат Яновіч...

Алесь Кудрыцкі


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0