Што перашкаджае жанчынам тварыць?
Ева Вежнавец, пісьменьніца:
Мне цяжка ўявіць нешта такое, што магло б перашкодзіць маёй асабістай творчасьці. Для бальшыні ж маіх знаёмых галоўнай перашкодай зьяўляюцца хатнія справы: пакуль назавіхаесься на кухні, дык і няма калі за кампутар сесьці. Зрэдчас перашкаджае які старазапаветны муж — рэдкі тып цяпер, — які пачынае дакараць, што пакуль ты там пішаш розную лухту, у хаце вэрхал стаіць, сьмецьце валяецца... Але такі анахранізм цяпер — рарытэт. Многія жанчыны дзеля свабоды застаюцца адныя, альбо пасьпяхова падманваюць нудлівага мужыка, альбо ставяць сябе так, што на ўсё жыцьцё застаецца зразумелым, хто чым займацца будзе.
Тацяна Процька, старшыня Беларускага Гельсынскага Камітэту:
Лягчэй пералічыць тое, што не перашкаджае. Жанчына ў нас — шматстаночніца, і калі яна займаецца творчай працай, ніхто яе ад сямейных клопатаў не вызваляе: то грошай няма, то прадуктаў. А дапамагаюць пераадолець жыцьцёвыя перашкоды каханьне, добрыя адносіны і ўвага. А пік творчасьці ў жанчыны, як і ў мужчыны, можа прыпадаць на розны век: Франсуаза Саган свае найлепшыя творы напісала ў 16 гадоў, Агата Крысьці — у даволі сталым узросьце.
Людміла Рублеўская, літаратарка і журналістка:
Во, дзеці ля тэлефона танчаць, не даюць гаварыць, што ж яшчэ… У творчасьці жанчынам замінае тое ж, што і мужчынам: недахоп таленту, адным са складнікаў якога мусіць быць настойлівасьць, апантанасьць сваёй мэтай. Здаецца, Андрэ Жыд калісь пісаў свайму сябру: «Я паэт, таму лічу, што ўсе людзі на сьвеце павінны пакінуць свае заняткі і пачаць чытаць мае кнігі». На жаль, з-за сацыяльных абставінаў сёньняшняя беларуская жанчына вымушана думаць шмат пра што, толькі не пра творчасьць. Праўда, горш за ўсё бывае, калі яна сапраўды кідае ўсё астатняе дзеля той самай творчасьці, бо ў сёньняшнім кантэксьце гэта значыць ахвяраваньне сям’ёю, блізкімі. Гэткім чынам губляецца і вялізная частка самое творчасьці. Дарэчы, замежныя псыхолягі-фэміністы прыйшлі да высновы, што найбольш поўна свой творчы патэнцыял выказваюць тыя жанчыны, што рэалізуюцца як жонкі ды маці.
Марыя Роўда, пісьменьніца, выкладчыца Лінгвістычнага ўнівэрсытэту:
Мне ў творчасьці нічога не замінае. Дый што можа замінаць? Безумоўна, можна адказаць банальна — побыт: сям’я, дзеці, праца, мужчыны, што вось так позна тэлефануюць… Але змагацца з гэтым, думаецца, ня варта: калі ў жанчыны шмат клопатаў і дзесяць дзяцей за спадніцай валочуцца, тады ўзьнікае адчуваньне, што я нечага не пасьпею зрабіць, што побыт зацягне ў сваю дрыгву. І жанчына стварае. Калі ж усе хатнія справы за цябе робіць муж, калі за тваімі дзецьмі даглядаюць пяць пакаёвак, тады і стымулу да творчасьці няма.
Кася Камоцкая, сьпявачка:
Побыт. Ён і жанчыне перашкаджае, і мужчыну. Толькі ня трэба блытаць з побытам сям’ю, бо сям’я — гэта наш галоўны тыл. Дзеці — гэта цудоўна, а вось майткі ім праць — жудасьць. Змагацца зь перашкодамі можна альбо грашыма, купляючы хатнюю тэхніку, альбо праз выхаваньне мужа. Усе астатнія віды змаганьня за собскую свабоду лічу нядзейснымі. Я ярая праціўніца фэмінізму, бо гэта ня што іншае, як саманепавага: калі ты вылучаеш сябе ў асобна ўзятую жывёліну, ты той жывёлінай і зьяўляесься.
Тацяна Сапач, паэтка:
Жанчыне перашкаджае толькі яна сама. Ёсьць такая развага: калі можаш не пісаць песень — не пішы, калі можаш не пісаць вершаў — не пішы. Жанчына заўсёды імкнецца знайсьці нейкую нішу, у якой можна схавацца ад творчасьці, таму ёю можна займацца толькі пазбавіўшыся пэўнай часткі жаноцкасьці, стаўшы чалавекам, адкінуўшы гэтае абсурднае полавае падзяленьне. У юнацтве нас не вучылі быць мамамі ці жонкамі, нас вучылі быць адзінкамі пэўнага грамадзтва. Калі ж я — нечакана, як і многія іншыя мае аднагодкі, — сталася маладой маці, я таксама пачала выхоўваць сваіх дзяцей адзінкамі таго грамадзтва, аб якім мы марылі. І вось аднойчы мая дачка заявіла мне: «Мама, я хачу быць нявестай!» Бачачы маю разгубленасьць і зьдзіўленьне, яна дадала: «Я жэ жэншчына!» Падзяляцца на жанчын і мужчын маюць права толькі малыя дзеці.
Таіса Бандарэнка, журналістка, мэнэджэрка:
Калі жанчына хоча займацца творчасьцю, ёй нішто не перашкодзіць. Адсутнасьць жаданьня — адзіная нагода для бязьдзеяньня.
Алена Палякова, фінансавая дырэктарка «Нашай Нівы»:
У першую чаргу, нашыя эканамічныя ўмовы. А зь іншага боку, усё залежыць ад самога чалавека, ці хоча займацца ён творчасьцю, ці не. Не зважаючы на тое, мужчына ён альбо жанчына. Для мяне на сёньня творчасьць — стварэньне такіх умоваў, каб «Наша Ніва» выходзіла бесьперапынна. І я намагаюся, каб мне нішто не перашкаджала: трэба знаходзіць паразуменьне з рознымі людзьмі з розных сфэраў дзейнасьці, з рознымі палітычнымі ды жыцьцёвымі поглядамі. Самае галоўнае — гэта жаданьне, бо калі моцна захацець, любую працу, нават самую будзённую, можна зрабіць творчай.
Апытваў А.Прос.