Сьвятлана КУРС

HERstory замест HIStory

 

Я гляджу на фота пачатку ХХ стагодзьдзя. Амэрыка. Жанчыны пікетуюць Белы дом, патрабуючы права голасу. Пацешна, гэта было так нядаўна… Палова дарослых людзей губіла свой патэнцыял «ля хатняга цяпельца». Жанчынам было забаронена выступаць у публічных месцах, друкаваць допісы ў цэнтральных газэтах, зарабляць і мець у сваім распараджэньні ўласнасьць, пакідаць з сабою дзяцей па разводзе, выступаць ініцыятаркаю разводу, нават зьяўляцца на людзях без кампаньёнкі. Праціўнікі гендэрнай роўнасьці сьцьвярджалі, што жанчына слабейшая ня толькі фізычна, але й разумова, што яна мае патрэбу ў абароне і таму мусіць заставацца дома, за плячыма ў мужчыны. Ня ўсе жанчыны мірыліся з гэткім становішчам. Першыя «спаднічныя мітынгі» пачаліся ў ЗША у 1869 г., калі была створаная Нацыянальная асацыяцыя жанчын. Аднак толькі ў 1920 годзе была прынятая 19-я папраўка да Канстытуцыі ЗША, якая гарантавала жанчынам права голасу. Да сярэдзіны ХХ ст. фэміністычная рэвалюцыя ахапіла ўсе заходнія краіны. У 1945 годзе была падпісаная Хартыя ААН па правах жанчын. У прэамбуле краіны-сябры ААН дакляравалі веру «ў каштоўнасьць кожнае чалавечае асобы, у роўныя правы мужчын і жанчын, а таксама нацыяў, вялікіх альбо малых». З тых часоў ААН стала цэнтрам глябальнага зруху ў правах жанчын. Аднак толькі ў 1975 годзе было абвешчана, што «няроўнае становішча жанчын — сур’ёзная перашкода, якая стрымлівае стратэгічнае разьвіцьцё чалавечай супольнасьці».

Многія вялікія людзі сьвету назвалі рух за жаночыя правы самай прагрэсіўнай зьявай мінулага стагодзьдзя. Не навукова-тэхнічная рэвалюцыя, а разьняволеньне скутых зьмяніла твар чалавецтва.

У Беларусі мала хто надае значэньне гендэрнай роўнасьці. Лічыцца, што дыскрымінацыі па полавай прыкмеце ў нас няма. Ніхто ў паранджах ня ходзіць, замуж гвалтам нікога не аддаюць, чаго ж яшчэ? Часам нават самі жанчыны не ўсьведамляюць сябе эксплюатаванай часткай. Між тым жанчыны Беларусі працягваюць несьці падвойную нагрузку, працуючы і дома, і на вытворчасьці. Падлічана, што калі б бясплатная праца жанчын у сям’і разглядалася як вытворчая дзейнасьць, дык агульны аб’ём вытворчасьці ўзрос бы на 25—30%. Беларускія жанчыны лічаць такі стан рэчаў нармальным: жанчына абавязана выконваць самыя цяжкія ды нудныя хатнія працы, бо яна — захавальніца хатняга цяпла. А мужчына — карміцель і абаронца. І цягнем мы свой вазок, не зважаючы на тое, што мужчына зарабляе толькі частку грошай, а другую — усё роўна зарабляць нам.

Напісала я некалі мяккі й асьцярожны артыкул у газэту, дзе выказала думку, што палову хатняе працы павінны ўзяць на сябе мужчыны і тым разгрузіць жанчыну для грамадзкага раскрыцьця. Ну, і пасыпалася ж на мяне! Тэлефанавалі людзі, якіх нельга было западозрыць у рэтраградзтве. Самае цікавае — шмат дакораў я атрымала ад жанчын. Ад тых самых, што прывыклі ірваць жылы на працы й дома, а вечарам правальвацца ў сон — з прыемным адчуваньнем уласнай рацыі. Гэтай рацыяй яны потым колюць усім вочы. Гэтыя кабеты, гаруючы, як чорныя валы, лічаць сябе уцялесьненай жаноцкасьцю. І прытым страшна злуюцца, калі пабачаць, як нейкая зь іх сясьцёр займаецца кар’ераю! Яны пачынаюць гарлаць, што фэміністкі рушаць цывілізацыйныя асновы, што яны хочуць пабудаваць бясполы сьвет, пазбавіць дзяцей мацярынскай ласкі, зрабіць з сапраўдных мужыкоў нейкіх эўнухаў…

У нас працуюць па хаце нават цяжарныя жанчыны, якія маюць патрэбу ў адпачынку. Пакуль існуе няроўны падзел працы, будзе пакутаваць практыка цяжарнасьці й догляду за дзіцём. З-за нашае стомы і беднага сілкаваньня дзеці нараджаюцца нетрывушчыя альбо непаўнавартыя. Дзіцячая сьмяротнасьць шугае, як пажар. Мужчыны не зарабляюць нават на лекі і малако, але патрабуюць, каб патрыярхальны сьвет стаяў непахісна.

Зазначаецца, што мужчына ад прыроды больш здольны, што сярод мастакоў, кампазытараў, літаратараў, вучоных-вынаходнікаў абсалютную большасць складаюць мужчыны. Але прабачце, увесь той час, калі мужчыны стаялі за пюпітрам, жанчыны драілі падлогу ля іхных ног! Паводле падлікаў, ад 60% да 80% «жаночага» часу (выключаючы сон і працу на вытворчасьці) прыходзіцца на абслугоўваньне: падтрыманьне чысьціні, гатаваньне ежы. Цыраваньне. Праньне. Крамы й базары, калі гэта гарадзкая дама. Агарод і сьвіньні, калі дама жыве ў вёсцы. Служба побыту заняпала, а на добрую хатнюю тэхніку няма грошай.

Ёсьць і іншая зьява, распаўсюджаная ў сем’ях бандытаў і рэкеціраў. Муж атрымлівае дастаткова, каб купіць сабе жонку і забясьпечыць яе ўсім. Ён трымае жанчыну за мяккую цацку, за інкубатар па нараджэньні нашчадкаў, за хатняга зьвярка, які дзень і ноч паліруе пазногці і глядзіць у вакно. Грамадзкае жыцьцё такіх жонак строга рэглямэнтуецца і абмяжоўваецца наведваньнем салёнаў прыгажосьці.

 

Пра «мадам Олбрайт»

Рашэньні, якія вызначаюць лёс сьвету, паасобных грамадзтваў, навакольнага асяроддзя, разьмеркаваньня рэсурсаў, прымаюць мужчыны. Мы недастаткова ўплываем на працэсы кіраваньня. Паводле ААН, у сусьветным маштабе жанчыны займаюць 10—20% кіраўнічых і адміністрацыйных пасадаў і менш за 20% месцаў на вытворчасьці. Сярод кіраўнікоў дзяржаваў жанчыны складаюць менш за 5% (!).

У беларускім урадзе з 28 міністраў толькі адна жанчына. У кіраўнічых органах палітычных партыяў прадстаўніцтва жанчын не перавышае 2—15%. Сярод дыпляматычнага корпусу жанчын усяго каля 20%. Затое ў міністэрствах сацыяльнага блёку — ад 60% да 90%. Гэтыя міністэрствы ніколі не лічыліся прэстыжнымі. Самыя фэмінізаваныя галіны гаспадаркі — бюджэтныя (дзе малыя заробкі), і галіны са шкоднымі ўмовамі працы (розныя пуцейкі ды ліцейкі).

Такое становішча апраўдваецца дзьвюма «аксіёмамі»: а) праца для жанчыны — не галоўнае. Толькі няўдакі, якія ня здолелі адлавіць вартага мужа, апантана будуюць кар’еру; б) у жанчын эмоцыі пераважаюць над розумам, таму іх нельга дапускаць да сур’ёзных справаў.

Вось вам прыклад. Беларускія ды расейскія мэдыі часта пішуць пра спадарыню Мадлен Олбрайт. Камэнтатар НТВ, незадаволены тым, што Олбрайт крытыкуе расейскі разбой у Чачэніі, зазначае: «Спадарыня Олбрайт зьяўлялася прыхільніцаю бамбаваньня Косава, але асуджае бамбаваньне Чачэніі. Што зробіш, жаночая лёгіка». «Белорусская деловая газета» піша: «Цалкам магчыма, што сьвет ня ўведаў бы пра Мадлен Олбрайт, калі б ранкам 1982 году яе муж Джо Олбрайт ня вымавіў: «Я кахаю іншую». На хвалі страшнай крыўды, стаптанага пачуцьця справядлівасьці ды імкненьня даказаць, што яна самая-самая, на сьвет зьявілася спн.Олбрайт, пра якую загаварылі ўсе. Сябры сям’і сьцьвярджалі, што аж да прызначэньня прадстаўніцаю ЗША пры ААН Мадлен была гатовая на ўсё, калі б Джо пагадзіўся вярнуцца. Але ёй давялося абраць кар’еру».

Постсавецкія мэдыі актыўна падтрымліваюць заімшэлую міталёгію пра йснаваньне Сапраўднага Мужчыны і Сапраўднай Жанчыны. Так, паважаная мною Ірына Халіп у нататках «Жанчына ў краі тэлеграфных слупоў» піша, што ў нашай краіне мужчыны зьніклі як біялягічны від. Тыя, хто ў нас завуцца мужчынамі, ня ў стане зарабіць грошай ані для краіны, ані для каханай жанчыны. Беларускі мужчына — гэта звычайная цяглавая сіла. Мул альбо вол. «Калі мне хочацца прыхіліцца да каго-небудзь, я прыхілюся да тэлеграфнага слупа. Зь ім спакойна і надзейна. Ён заняты важнай справай — перадае тэлеграмы». Ну няма побач сапраўднага мужчыны, дык жанчыны мусяць навучыцца зарабляць грошы ды піць барыша.

Мне ўяўляецца ўвогуле заганным жаданьне да кагосьці харошага прыхіліцца. Прыхіляцца ці да мужыка, ці да слупа, ці да Расеі хочуць толькі слабыя, што не стаяць на нагах. Слабыя, сапраўды, на сьвеце ёсьць. А вось ніякіх «Сапраўдных Мужчын і Жанчын» — няма. Гэтыя лялькі адмыслова прыдуманыя для шантажу і маніпуляцыяў: «зрабі гэта, бо інакш ты не мужчына» альбо: «дзевачкі так ня робяць». Даўно заўважаная блытаніна паняткаў «мужчына» і «чалавек». Яна зафіксаваная ў большасьці моваў (але ня ў нашай).

На самой справе мужчына, як і жанчына, мае права на памылку і на слабасьць, ён мае права баяцца крыві і ня йсьці ў войска, пісаць вершы і запабягаць болю. Бо ён чалавек. І ня трэба яму лезьці ў скуру ідэалу. Быць ідэалам ніхто ня вытрымае, рана ці позна чалавек сарве маску, злупіць зь сябе скуру супэргероя і ўцячэ на волю — здрадліва, радасна, плюнуўшы на свой хлусьлівы аўтарытэт сярод слабых. Ламанецца да права быць самім сабою, жыць без напругі.

Ёсьць жанчыны-ваяры, якія хочуць змагацца на барыкадах, зрабіцца генэраламі ці дзяржсакратарамі, прэзыдэнтамі альбо кіраўнікамі спэцслужбаў. Ёсьць мужчыны, якія хочуць пісаць вершы, а жонка каб зарабляла на хлеб і шкарпэткі. Ёсьць мужчыны, якія хочуць глядзець дзяцей і варыць ежу, ніколі не пакідаць утульнага дому дзеля жорсткага сьвету.

Забіраць у людзей права быць сабою — грэх і гвалт. Традыцыяналізм зразумелы толькі ў савецкіх турмах, дзе людзей «апускаюць», робяць «петухамі» і «кобламі» за любую неадпаведнасьць гендэрнаму стэрэатыпу. Там — перакручаны, вылюдкавы сьвет, ён супрацьлеглы вольнай супольнасьці роўных індывідаў, якія самі абіраюць сабе лінію паводзінаў.

Нам, беларусам ды беларускам, да такое супольнасьці яшчэ ехаць ды ехаць. Плыць ды плыць. У нас лічыцца нармальным, калі п’яны і малааплатны кармілец таўчэ сваю змучаную палавіну, ганяе дзяцей, даводзіць сямейнікаў да жывёльнага стану. А потым кабета бярэ сякеру і на другім дзесяцігодзьдзі сямейнага жыцьця сячэ мужа на кавалкі. У нас нармальна цкаваць самотную «кар’ерыстку», ахрысьціць яе «старою паннаю», «сіняю панчохаю», лезьці з парадамі і навязваць ёй жаніхоў. У нас прынята лічыць, што кожная жанчына мусіць выйсьці замуж і стаць маці, хоча яна таго ці не.

Прыгнечаньне жанчынаў цалкам лягічна спараджае прыгнечаньне мужчынаў. Шлях да супэрвумэн ляжыць не праз канфрантацыю з мужчынамі, а праз прызнаньне і павагу.

 

Супэрвумэн

Адмаўленьне фэмінізму спараджае супэрфэмінізм. Тыя адзінкавыя жанчыны, што ўсьведамляюць сваё становішча, самі змагаюцца за свае правы. Яны адпрэчваюць традыцыйны фэмінізм, бо той дапускае, што жанчыны прыгнечаныя й непаўнавартасныя. Польская пісьменьніца Вольга Такарчук так акрэсьлівае панятак супэр- або постфэмінізму: «Постфэмінізм неканфрантацыйны, гэта засяроджаньне на тым, што значыць быць жанчынай. То бок я імкнуся пазнаваць, а не супрацьстаяць. Не «аддайце тое, што ў нас забралі», а «хай кожны робіць сваё». Калі я кабета, і адчуваю гэта глыбока, дык мяне цікавяць пошукі ў гэтым рэлігійнага, псыхалягічнага, культурнага сэнсу».

Псыхалягічныя падставы для фэмінізму я сфармавала б так:

«Я моцны чалавек з наборам правоў, і я абараню іх даступнымі мне сродкамі.

Я верная сабе.

Я ня зьвязваю сябе абавязкамі перад іншымі людзьмі.

Я абіраю сабе духовыя перакананьні.

Я ствараю ўласныя фінансы.

Я жыву так, што радасьць стала цэнтрам майго сусьвету.

Я выкарыстоўваю свой час, як хачу, я сама абіраю свае заняткі.

Я ведаю, чаго хачу ад мужчыны.

Я ніколі не пляткару, бо мне няма чаго баяцца і няма каго ненавідзець.

Я зьнішчаю ўсе нэгатыўныя, разбуральныя і страшныя думкі ды ідэі.

Мая будучыня сьветлая і цудоўная.

Мне прадвызначана стаць выбітнай жанчынай».

Мужчыны зрабілі Чарнобыль пры нашым маўклівым дазволе, злачынным саступніцтве. Чарнобыль усюды, куды ні глянь. Мужчыны ня справіліся бяз нас. Нейкіх якасьцяў не хапіла, каб быць уладарамі, дык пацясьніцеся бязь ляманту, мы тых якасьцяў дадамо. Дагэтуль чалавечы род ствараў HIStory. Настаў час напісаць HERstory.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0