Пра вуліцу Ф.Багушэвіча

28 лютага «НН» надрукавала ліст Міколы Купавы, старшыні Нацыянальна-культурнай камісіі Партыі БНФ, у якім аўтар крытыкаваў ініцыятыву ТБМ надаць імя Францішка Багушэвіча менавіта вуліцы Інтэрнацыянальнай у Менску. У адказ мы атрымалі ліст старшыні ТБМ сп. А.Трусава, які публікуем ніжэй.

Дзякуючы намаганьням ТБМ у Менску будзе вуліца Францішка Багушэвіча

 

Напрыканцы мінулага году ТБМ зьвярнулася да кіраўніка ўраду з прапановай абвясьціць 2000 год годам Францішка Багушэвіча. 2 лютага 2000 году ўрад рашэньнем за №05/206-43 зацьвердзіў плян мерапрыемстваў, прысьвечаных 160-годзьдзю зь дня нараджэньня Ф. Багушэвіча. У гэтым пляне пад нумарам 10 ёсьць запіс аб тым, што ў 2000-2001 годзе імем Ф.Багушэвіча будуць названыя вуліца й бібліятэка №14 у Менску. Такім чынам, у галоўным пытаньне вырашана, і вуліца зь імем клясыка беларускае літаратуры ў сталіцы нашае дзяржавы будзе.

Цяпер наконт найменьня канкрэтнае вуліцы. Мы добра ведаем, што на вуліцу Інтэрнацыянальную «прэтэндуюць» ажно дзьве гістарычныя назвы: Валоцкая й Зборавая. Таму я прасіў бы сп.Купаву вызначыцца зь нейкім адным назовам, а потым пісаць пратэсты ў Менгарвыканкам, бо, чамусьці, пакуль ТБМ не ўзьняло гэтага пытаньня, нацыянальна-культурная камісія КХП ніякіх актыўных дзеяньняў не рабіла. Мы сыходзілі з таго, што на гэтай вуліцы стаяў дом, дзе заўжды спыняўся Ф.Багушэвіч, калі прыяжджаў па справах у Менск. Зараз на Інтэрнацыянальнай знаходзіцца Рэспубліканская пракуратура, а Багушэвіч быў прафэсійным юрыстам. Дарэчы, прыхільнікі таленту Ф.Багушэвіча ўжо не аднойчы выказваліся на гэны конт у друку, і мы падтрымалі іхную прапанову. Аднак, калі гарвыканкам згодны надаць імя Ф.Багушэвіча вуліцы Чырвонаармейскай, мы ня будзем пярэчыць, бо гэтая вуліца выходзіць якраз на тое месца, дзе некалі быў дом, зьвязаны зь імем беларускага паэта. Я жадаю адпаведнай камісіі КХПБНФ замест спрэчкі з ТБМ заняцца іншымі, больш стваральнымі справамі.

Старшыня ТБМ Алег Трусаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0