мова — 2000

Слоўнік «Нашай Нівы»

 

Скончыўшы на 99,9% працу па стварэньні партугальска-беларускага слоўнічка, я сутыкнуўся з тым, што ня маю беларускага адпаведніка для banda disenhada, францускі адпаведнік la bande dessinee, г.зн. сэрыя малюнкаў, разьмешчаных лінейна ў выглядзе стужкі, комікс. Калі хто мае ўдалы варыянт, дык хай мне яго паведаміць.

Гэта я да таго, што сапраўды востра існуе праблема перадачы шэрагу паняцьцяў пабеларуску. (Пісаць «па-беларуску» праз злучок ня мае сэнсу, усё роўна гэта прыслоўе, дык ашчадней і прасьцей пісаць яго разам.)

Учора я быў у сельсавеце, і сакратарка мне пажалілася, што даведкі пра сьмерць трэба выпісваць пабеларуску, а дахтуры спрэс пішуць свае даведкі парасейску. Між тым адмысловага мэдычнага слоўніка няма, і яна мусіць карыстацца — тутака яна выняла з-пад стала — расейска-беларускім слоўнікам нябожчыка Грабчыкава. (Слоўнік хоць і дыфэрэнцыйны, але добры, гэта зазначу, каб пахваліць аўтара.) І гэтая праблема, такім чынам, існуе па ўсёй нацыянальнай тэрыторыі.

На балонках — і выкапаюць жа слова! — maledetti nazionalisti! — слаўнай высокапатрыятычнай газэткі «Наша слова» рэгулярна зьяўляюцца артыкулы наконт расейшчыны ў моўнай практыцы і ў слоўніках. То я вось што скажу (прабачайце, людзі добрыя!): нашыя лінгвісты-лексыкографы ўсё шчэ пад чарамі расейскай лексыкаграфіі. Нават слоўнік называюць «тлумачальны», хоць гэта ніякі не «тлумачальны», а проста слоўнік мовы. Таму найпільнейшая задача нацыяналістычных лексыкографаў — пасьля добрай граматыкі беларускай мовы!!! — даць сучасны слоўнік сучаснай беларускай мовы ў хоць бы — і нават пажадана!!! — у адным томе, словаў гэтак тысяч на 50—60.

Пасьля той том можна мадыфікаваць для розных катэгорыяў навучэнцаў, службоўцаў і нават для забаўляльнага чытаньня. Гартаньне і прагляд добрага слоўніка — гэта такая асалода!

Трэба прайсьці брытваю Акама па ўсім корпусе беларускай лексыкаграфіі.

Дзе сілы і сродкі?

Гіганцкі оксфардзкі слоўнік ангельскай мовы быў складзены пераважна самахвотнымі. Для невялікага штату экспэртаў і кансультантаў сродкі знайсьці можна. Але справа гэта павінна быць распачата неадкладна.

Калі б за гэтую высакародную справу ўзялася «НН», то і слоўнік мог бы атрымаць назоў Слоўнік «Нашай Нівы». Раз вы «першая» газэта, дык будзьце правафлянговымі — ці як тамака ў Судніка?! Час нам мець натуральны слоўнік нашай мовы.

Праблема шчэ палягае ў тым, што шэраг беларускіх андэграўндных і маргінальных выданьняў спрабуе ўжываць моладзевы жаргон. На вялікі жаль, гарадзкія хлопцы-выдаўцы — саматужнікі! — амаль ніколі не валодаюць добра стандартнаю беларускаю моваю, шчэ меней ведаюць жаргон. (А што ўжо казаць пра прафэсійных журналістаў, што схапілі Бога за бараду!) Вось ім і патрэбна добрая даведачная кніжка. Трэба зьбіраць і сыстэматызаваць жаргон.

Ён жа ёсьць.

Надоечы адзін начальнік сярэдняе рукі — сам чуў на свае вушы — казаў, што добра забыў (літаратурную) беларускую мову, гэта ён казаў са шкадаваньнем — але дужа любіць пачытаць тутэйшы андэграўндны нацыяналістычны лісток на беларускай мове.

Беларускае — гэта прыгожа!

 

Belarusian is beautiful!

Казаў ён гэта, зазначу, пабеларуску. Дык давайце ж заб’ём у звоны, як гэта робя нястомны званар беларушчыны спадар Алег Трусаў, хай Бог дасьць яму здароўя. І звон гэнага званара зусім не хаўтурны, чуяця?

Ня трэба толькі нікога пужаць тым, што няма грошай.

Што пісалі францускія студэнты ў слаўным 1968-м?

 

Soyez realistes, demandez l’impossible!

Во!

І яшчэ: існуе праблема падачы беларускіх тапонімаў на эўрапейскіх мовах. Робячы дадатак да невялічкага беларуска-нямецкага слоўнічка, зноў пераканаўся, што на нямецкіх картах усё пададзена з расейскай.

То мо варта было б зрабіць па гэтай праблеме сэмінар, канфэрэнцыю, сымпозіюм, кангрэс. Меней аніяк нельга. Але хацелася б пачуць меркаваньне сп. пасла Пётры Садоўскага, ня ведаю, як зь ім скантактаваць.

«Прабоіч» — так называлі ў нас востры жалезны шпень, якім прабівалі дзіркі ў блясе, абручах. То мо так можна назваць і прыладу для прабіваньня дзірак у паперы. А то дзірка + кол?! А «кампосьцер»? Што гэта за слова такое!?

Як звычайна, Жыве Беларусь!

 

З нацыяналістычным прывітаньнем, Мікола Бусел

P.S. Ці будзе калі факсымільнае выданьне «НН» за 1906—15? Здаецца, было, але мне не пашчасьціла. А хочацца мець.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0