Навіны

 

І ніхто не сказаў «дзякуй»

Пад час свайго канфідэнцыйнага візыту ў Бэрлін 9 сакавіка (беларускія сродкі масавай інфармацыі пра візыт нічога ня ведалі) міністар замежных справаў РБ Урал Латыпаў у інтэрвію бэрлінскай газэце «Бэрлінэр Цайтунг» катэгарычна абверг інфармацыю пра магчымы ўвод расейскай ядзернай зброі ў Беларусь, спаслаўшыся на бязьядзерны артыкул нашай канстытуцыі. У той жа час У.Латыпаў заявіў, што «ніхто Беларусі не аддзячыў за тое, што мы адмовіліся ад ядзернай зброі, ніхто нічога не кампэнсаваў», цытуе яго БелаПАН.

 

80 шахцёраў загінулі ва Ўкраіне

Трагедыя адбылася ў мінулую суботу на шахце імя Баракова ў Краснадоне. Гэта самая сур’ёзная катастрофа на ўкраінскай шахце за часоў незалежнасьці. А ўвогуле Ўкраіна мае сумны сусьветны рэкорд па сьмерцях на шахтах. Прычына — састарэлае абсталяваньне. Толькі летась на ўкраінскіх шахтах загінулі больш за 270 чалавек. Сёньня і заўтра ва Ўкраіне – дні жалобы.

С.К.

 

Беларуская дэлегацыя ў Швэцыі

Вінцук Вячорка, а таксама дэлегацыя, у якую ўваходзілі віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Анатоль Лябедзька, сябра прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Сямён Домаш, адзін зь лідэраў сацыял-дэмакратаў Аляксей Кароль, каардынатар Хартыі-97 Андрэй Саньнікаў і старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жанна Ліцьвіна пабылі ў Швэцыі.

Міністар замежных справаў Швэцыі Анна Лінд дала абед у гонар дэлегацыі. Першы віцэ-сьпікер парлямэнту Швэцыі Андрэс Б’ёрк пацьвердзіў, што Швэцыя разглядае Беларусь як арганічную частку паўночнаэўрапейскага балтыйскага рэгіёну і як прыярытэтны кірунак сваёй палітыкі. Паміж беларускімі ды швэдзкімі палітыкамі панавала поўная згода што да ацэнкі легітымнасьці рэжыму Лукашэнкі і неабходнасьці адстойваць незалежнасьць Беларусі.

Б.Т.

 

Беларусь меншае

Як паказваюць вынікі апошняга перапісу, у 1999 годзе ў краіне жыло 10 мільёнаў 30 тысячаў чалавек, што на 31 тысячу меней проці 1998-га. Калі нічога не памяняецца, ужо сёлета нас стане менш за 10 мільёнаў.

 

Рэйтынг кандыдатаў

Паводле зьвестак сацыялягічнай службы «Люстра», папулярнасьць Аляксандра Лукашэнкі значна зьменшылася, на сёньня за яго на выбарах прагаласавалі б пад 11% жыхароў Менску. Але ня большы рэйтынг і іншых айчынных палітыкаў: Міхаіл Чыгір зьбірае цяпер каля 3% галасоў менчукоў. Па 1% рэспандэнтаў выказаліся за Вінцука Вячорку, Станіслава Шушкевіча, Зянона Пазьняка, Анатоля Лябедзьку. Ясна, што перад урнамі галасы б разьмеркаваліся па-іншаму: тады мусова было б некага выбраць.

Б.Т.

 

Малаком за салярку

На Мсьціслаўшчыне нядаўна адбыўся зьлёт перадавікоў народнай гаспадаркі раёну. На зьлёце паміж Мсьціслаўскім і Хіславіцкім (Расея) раёнамі (прадстаўнікі апошняга гасьцявалі ў беларусаў) заключылі пагадненьне пра бартэрны абмен. Паводле пагадненьня на Хіславіцкі сырзавод ужо паставілі першую партыю — 19,5 тонаў малака па бартэры. А з Расеі на замен завезьлі 20 т саляркі. Усяго ж плянуецца завезьці 700 тонаў дызпаліва ў абмен на 1400 т малака. Між тым на ўсёй усходняй Магілёўшчыне шалёна не стае малочнага.

Андрэй Кузьмін, Мсьціслаў

 

Здароўе — сілком

У Астраўцы цяпер кожны чалавек, якому трэба замяніць пашпарт, павінен паказаць у аддзяленьні пашпартна-візавай службы даведку зь лякарні, што ён прайшоў флюараграфію. У жанчын у дадатак патрабуюць даведкі ад гінэколяга. Калі няма даведак, пашпарту не выдаюць.

Мар’ян Вянгроўскі, Астравец

 

У Горадні — другі ўнівэрсытэт

Гарадзенскi мэдiнстытут зрабiўся ўнiвэрсытэтам. Мясцовы пэдiнстытут быў ператвораны ва ўнiвэрсытэт яшчэ ў 1978 годзе.

Дагэтуль у горадзе iснавала толькi мэдычная акадэмiя — у 1775—81 гадах. Савецкiя крынiцы любяць называць яе ўсяго толькi мэдычнай школай, прызнаючы ўсё ж, што навучаньне мела акадэмiчны характар. Акадэмiю заснаваў гарадзенскi рэфарматар А.Тызэнгаўз, а кiраваў ёю вядомы францускi вучоны Ж.Э.Жылiбэр. У ёй было тры «факультэты»: «сучасных дактароў для гарадоў», «правiнцыйных дактароў i хiрургаў», а таксама акушэрства. Разьмяшчалася вучэльня ў трохпавярховым будынку, мела свой шпiталь, аптэку, анатамiчны тэатар, музэй i батанiчны сад. У 1781 годзе яе перавялi ў Вiльню, стварыўшы мэдычны факультэт мясцовага ўнiвэрсытэту.

Цяперашнi мэдiнстытут быў адкрыты ў 1958 г. Праз 30 гадоў улады хацелi перавесьцi яго ў Гомель, каб рыхтаваць дактароў для чарнобыльскай зоны. Ажно ўрэшце ў Гомелi паўстаў свой iнстытут, куды пераехалi выкладаць некаторыя гарадзенцы.

Сёньня ў мэдунiвэрсытэце чатыры факультэты плюс замежны. Праўда, замежнiкаў апошнiм часам прыяжджае ўсё менш. Дык тым, хто ўжо навучаецца, прапанавалі: калi знойдзеце новых першакурсьнiкаў, плату за вучобу вам зьнiзяць.

Гэтымi днямi Гарадзенскi ўнiвэрсытэт, мiж iншым, адзначае свае 60-я ўгодкі. Прыехалi ўнiвэрсытэцкiя дэлегацыi зь Беластоку, Гданьску i Познанi. Падпiсана пагадненьне зь Беластоцкiм унiвэрсытэтам аб магчымых супольных праектах. Самастойна, дарэчы, унiвэрсытэт у Беластоку iснуе толькi некалькi гадоў, раней ён быў фiлiяй Варшаўскага. Што да Гарадзенскага, дык адлiчваць ягоную гiсторыю ад 1940-га наўрад цi апраўдана. Паколькi тады гэта быў пэдiнстытут з двухгадовым тэрмiнам навучаньня.

Сяргей Максімовіч, Горадня

 

Арлова — у дэпутаты

10 сакавіка Ўладзімер Арлоў прэзэнтаваў кнігу «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі» ў полацкім музэі-бібліятэцы імя Сімяона Полацкага. Сустрэча сталася зручнай нагодаю для агучваньня палачанамі шэрагу ініцыятываў. Арлова папрасілі выказацца адносна ідэі беластоцкага гісторыка й палітыка Алега Латышонка. Самы высокі беларускі гісторык (2 м 5 см) вымысьліў гэты праект адмылова для палачанаў: у гонар 2000-годзьдзя хрысьціянства збудаваць карабель і праплысьці на ім да Ісляндыі шляхамі Торвальда Вандроўніка — аднаго зь першых хрысьціянскіх місіянэраў на Полацкіх землях. Арлоў сказаў, што гэта цікавая ідэя, аднак у Латвіі на Дзьвіне ёсьць плаціны, і прыйдзецца рабіць валокі.

Другая прапанова прагучала з эпіграфам — «каб беларускаму гісторыку не застацца без сваёй краіны», Арлову прапанавалі вылучыцца па полацкай выбарчай акрузе на восеньскіх парлямэнцкіх выбарах. Пісьменьнік, вядома, падзякаваў за прапанову, але нічога канкрэтнага не адказаў. Залежыць ад абставінаў.

Прапанавалі Арлову і ідэю чарговага выдавецкага праекту — напісаць кнігу пра вядомыя полацкія роды.

Увогуле, Арлова сустракалі ў родным горадзе ганарова. На сустрэчу прыйшлі нават манахі полацкага ўніяцкага манастыра. А Міхась Баўтовіч, кіраўнік полацкага грэка-каталіцкага выдавецтва «Сафія», падараваў госьцю мясцовыя ўніяцкія друкі.

Алесь Аркуш, Полацак

 

Сілівончык нармальны

Суд над Сілівончыкам працягваецца. Правялі псыхіятрычную экспэртызу асобы падсуднага. Ён прызнаны псыхічна здаровым. Экспэрт-псыхіятар з Гомеля Сяргей Фіноў паведаміў, што пры размове зь ім падсудны Сілівончык сказаў, што ягоныя неадэкватныя паводзіны наўмысна прадуманыя з мэтаю прыцягнуць большую ўвагу да працэсу. Такая ў яго сьвядомая тактыка абароны.

Па ўсім відаць, што і судзьдзі, і пракуратура ня ведаюць, як весьці гэты працэс далей. Матэрыялаў, каб засудзіць Сілівончыка, яўна не стае, апраўдаць яго ім таксама не выпадае.

З надзейных крыніц, агалошваць якія пакуль што нельга, стала вядома, што Анатоль Сілівончык не жадаў, каб працэс скончыўся прызнаньнем яго недзеяздольным. А гэта, з усяго відаць, было б найлепшым выйсьцем для суду.

6 сакавіка ў судзе праглядалі дакумэнтальную відэастужку, сканфіскаваную ў «беркутаўцаў», дзе зьнятыя матар’ялы пагрому Мікалаеўкі. У судзе таксама даваў паказаньні старшыня Дзяржкамітэту па маладзёвай палітыцы А.Пазьняк, зь якім у свой час ішла перапіска па агранізацыі ваяжу «Беркуту» ў Беларусь. Паводле ягоных словаў, «Беркут» прыехаў, не дачакаўшыся ўзгадненьняў зь Беларусі. 12 расейцаў, у тым ліку й дырэктар сургуцкай «Школы выжываньня», у Сьветлагорск пакуль не прыехалі і ніяк пра сябе не далі знаць.

Вадзім Болбас, Сьветлагорск

 

13 мільёнаў для Веры Церлюкевіч

У нумары 6 за гэты год была надрукаваная гутарка зь Верай Церлюкевіч. Жанчына расказала, як яна прыцягла ў суд камэнтатара БТ Зімоўскага. Зрабіла яна гэта, бо апошні паскудна лаяў удзельнікаў восеньскага Маршу Свабоды. Каб падаць позву ў абарону свайго гонару й годнасьці, спн.Церлюкевіч заплаціла 15 мільёнаў судовага мыту, цэлую сваю пэнсію 14 мільёнаў і яшчэ мільён пазычыла. «Мая мэта — каб яму хоць трохі стала сорамна», — сказала яна ў гутарцы. А ў нумары 9 за 27 лютага гэтага году нашы чытачы, Марына і Аляксандар зь Менску, прапанавалі сабраць трохі грошай, каб кампэнсаваць судовы збор, які заплаціла Вера Церлюкевіч, бо, лічаць яны, зрабіла яна гэта для абароны ня толькі свайго гонару, але й гонару іншых людзей. Аляксандар і Марына даслалі 500 новых рублёў і зьвярнуліся да «чытачоў «Нашай Нівы» і ўсіх добрых людзей», каб разам кампэнсаваць страты спн.Веры ды дапамагчы ёй давесьці працэс да канца.

За першыя ж 10 дзён збору набралася 13 мільёнаў, якія мы, цешачыся, перадалі цётцы Веры. Спадзяемся, што й рэшта назьбіраецца. Ці ж мы не беларусы?

НН


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0