Лісты ў рэдакцыю

 

«Слухай сваё»!

У мiнулым нумары «НН» у маёй нататцы «Чырыканьнi ў эфiры» з тэхнiчных прычынаў было памылкова ўжыта слова «смаркачы» ў дачыненьнi да вядучых радыё «Сталiца». Хачу паведамiць, што я вельмi прыхiльна стаўлюся да гэтай радыёстанцыi. У мяне выклiкае павагу тое, што моладзь, якая там працуе, працягвае рабiць беларускiя перадачы. Мне не падабаецца толькi тое, што яны, як мне здаецца, зашмат пераймаюць маскоўскiя радыёгаласы. Чым займаюцца i расейскiя радыёстанцыi Менску.

Сяргей Астраўцоў

 

Сорамна, КХП!

Прачытаў у пятніцу на сайце радыё «Свабода», што ўсе аб’яднаныя незалежніцкія партыі разам зьбіраюцца пачаць сьвяточнае шэсьце з плошчы Якуба Коласа, а вось КХПБНФ — у іншым месцы хоча зладзіць асобнае шэсьце. Ну, усё мы ў Беларусі бачылі, але каб такое... Толькі лібэрал-дэмакраты, памятаю, у 1997 годзе асобную дэманстрацыю ладзілі. Але каб Пазьняковы людзі... Дый што тая КХП зможа зладзіць? Як на апошнія Дзяды — і не зьбяруць нікога, і хараства ніякага ня будзе, так, групаўшчына адна. Затое народ дэзарыентуюць: людзі ня будуць ведаць, куды ісьці, ці то сюды, ці то туды, дык увогуле нікуды ня пойдуць. Я думаю, тым шэрым кардыналам, што цяпер абселі Пазьняка, таго й трэба. Але прыкра за інтэлігенцыю, якую яны дураць у сваёй партыі: на «Свабодзе» гэтую ідэю расколу шэсьця на два адстойваў, напрыклад, Валеры Буйвал, які некалі для Вашай газэты пісаў. Няўжо гэтых трымае ў КХП проста асабістая амбіцыя?

Добра, каб яны адмовіліся ад бязглуздай ідэі двух шэсьцяў на Дзень Волі, а калі хочуць паспрабаваць свае сілы і вывесьці сваіх прыхільнікаў на дэманстрацыю самастойна, дык хай зробяць гэта ў нейкі іншы, не сьвяточны дзень. Калі ж будуць далей займацца расколам, значыць, сапраўды ясна стане, скуль у іх ногі растуць.

Ігар Салавей, <[email protected]>

 

Зайздрошчу Чачэніі

Я ненавіджу расейцаў і зайздрошчу Чачэніі. Ня ведаю дакладна, калі гэта пачалося. Зараз гэта ўва мне сядзіць крывавым комам, які патрабуе выйсьця. А выхад адзін — дзейнічаць, бо слова ўжо ня дзейнічае, бо яно пэўна толькі ў Бога.

Я жанчына, архітэктар па драўляным дойлідзтве. Я люблю дрэвы і ўсё тое, што робяць рукі чалавечыя ў згодзе з прыродай і дазволам Божым. Зьнішчыць лес і згвалціць народ — гэта тое самае.

Калі мяне схапілі ў Курапатах, на тамтыя Дзяды, пасадзілі ў камэру на Прылуцкай, на наступны дзень чатыры гадзіны вазілі невядома дзе ў спэцшафе бяз вокан пад гукі «чісто рускіх» радыё «Альфа» ці то «Біэй». Мяне гвалтавалі маральна — у пастарунку, калі распранулі дагала, апісваючы мае рэчы, у судзе, калі судзьдзя ніяк ня мог зразумець, што за месяц такі, у якім я нарадзілася — студзень. Кожны дзень гвалтуюць у транспарце, калі крывяць расейскімі насамі на пытаньні ці адказ па-беларуску. Учора прылюдна старая расейка згвалціла нашу жанчыну, якая заступала ёй дарогу ў тралейбусе.

— Понаехалі, деревня, жізні от вас нет.

А наша толькі ціхенька ёй адказвала — «прабачце, калі ласка, я хутка выйду». Так і выйшла са словамі — «прабачце, калі ласка». А тая, старая — «деревня! алкоголічка!». І я ня здолела расквасіць ёй нос! Яны, расейцы, згвалцілі нашых дзяцей, якія цяпер саромяцца «деревенскай» мовы, мовы сваіх бацькоў. Згвалцілі ўсіх беларускіх жанчын, самых прыгожых у сьвеце і самых працаздольных. Згвалцілі нашых мужыкоў, самых лагодных у сьвеце, што тыя ня могуць абараніць сваіх жанчынаў. Абразілі мову! Зьнішчылі культуру і гісторыю. Жывую крыніцу пераўтварылі ў крініцу. Яны, расейцы, згвалцілі нашы імёны і прозьвішчы, назвы гарадоў і вёсак.

Калі Бог зробіць сьпіс усяго згвалчанага і зьнішчанага на маёй Радзіме? Я ведаю, хто такія расейцы, і таму я ведаю, што робіцца ў Чачэніі, і я ёй зайздрошчу.

Т.Судзілоўская, Менск

 

Ценям Віктара Шніпа

Скончыў адзін сабака духоўную сэмінарыю і стаў Гражданам.
Адзін сабака любіў брахаць. І стаў прэзыдэнтам.
Адзін Граждан увайшоў ува ўрад, а там сабакі.
Прапаў сабака. Граждан.

S.P.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0