11 сьвятых сясьцёр-назарэцянак

 

11 манашак-назарэцянак з Наваградку, што прынялі пакутніцкую сьмерць у 1943 годзе, абвешчаныя сьвятымі.

Ордэн Назарэцянак (ягоная афіцыйная назва «Згуртаваньне сясьцёр Найсьвяцейшай сям’і з Назарэту») быў заснаваны ў Рыме ў 1875 г. польскай манахіняй Францішкай Седліскай. У тым жа годзе папа Пій ІХ зацьвярджае статут назарэцянак і бласлаўляе іх на дабрачынную дзейнасьць. За кароткі час ордэн набыў шырокую вядомасьць. Дамы сясьцёр-назарэцянак зьявіліся ў некаторых эўрапейскіх краінах, Злучаных Штатах. На пачатак ХХ ст. налічвалася каля 750 сясьцёр, якія мелі 61 дом.

На пачатку ХХ ст. сёстры-назарэцянкі афіцыйна «прыйшлі» ў Беларусь. У Горадні ў 1908 г. зачынены раней кляштар брыгітак быў перададзены сёстрам-назарэцянкам. У 1929 г. біскуп Пінскай дыяцэзіі Зыгмунт Лазінскі, той самы, што правёў першую службу ў Менску па-беларуску, засноўвае кляштар назарэцянак у Наваградку. На пачатак 40-х гадоў у кляштары знаходзіліся дванаццаць манахіняў.

А потым прыйшла нямецкая акупацыя. Такіх жудасьцяў, якія выраблялі фашысты, ня ведаў дагэтуль сьвет. Найперш у Наваградку было расстралянае жыдоўскае насельніцтва, потым прыйшла чарга беларусаў, расейцаў і палякаў. Сёстры-назарэцянкі жылі пры Наваградзкім фарным касьцёле, творачы малітвы да Бога і навучаючы мясцовых дзяцей рэлігіі. Вакол гінулі ні ў чым не вінаватыя людзі. Манахіні мусілі цярпліва і маўкліва, такая ўжо завядзёнка ў законьніцаў, глядзець на тое, што адбывалася навокал. Але і сьвятым не стае цярплівасьці. Улетку 1943 г., калі ў Наваградку адбыліся чарговыя арышты сярод насельніцтва, сёстры заявілі пра сваё жаданьне ахвяраваць уласным жыцьцём у абмен на жыцьці закладнікаў-наваградчан. Але немцы пакуль жаданьня не выказвалі, назарэцянкі працягвалі маліліцца Богу і навучаць дзяцей.

31 ліпеня 1943 году ў Фарны касьцёл прыбег кур’ер: манахіні мусяць увечары зьявіцца ў будынак гебітскамісарыяту. Спакойна адправіўшы вечаровую службу, яны пайшлі ў горад. Пробашч фарнага касьцёла Аляксандар Зянькевіч дарэмна чакаў іхнага вяртаньня, яны не вярнуліся ні позна ўвечары, ні ноччу, ні на наступны дзень. Раніцай 1 жніўня яны былі расстраляныя ў некалькіх кілямэтрах ад Наваградку. «Невінаватыя сьвятыя сёстры прынялі сьмерць з пачуцьцём выкананага абавязку перад Богам і перад людзьмі», — так сказаў нямецкі афіцэр, сьведка расстрэлу. 11 манахіняў прынялі сьмерць, сястра Маргарыта засталася ў жывых, бо на той час працавала ў лякарні. Вось імёны пакутніц Наваградзкай зямлі: сястра Стэла (Адэля Мардасевіч), сястра Імельда (Ядвіга Жак), Каніцыя (Яўгенія Мацкевіч), Раймунда (Ганна Кукаловіч), Даніэла (Элеанора Юзьвік), Канута (Юзэфа Крабат), Гвідона (Галіна Цэрпка), Сергія (Юлія Рапей), Феліцыта (Паўліна Баравік), Геліадора (Леакадзія Матушоўская), Барамея (Вераніка Нармантовіч).

Толькі праз паўтары гады яны вярнуліся з такога доўгага падарожжа назад у свой храм і да сваіх парафіян. Наваградчане ўрачыста пахавалі іх пад сьценамі Наваградзкай Фары, усыпаўшы магілы процьмай кветак. Напэўна сярод месьцічаў, што ўдзельнічалі ў пахаваньні, былі тыя наваградцы, якім сёстры-назарэцянкі выратавалі жыцьцё, прыняўшы сьмерць.

А ў верасьні 1991 году мошчы сясьцёр-назарэцянак былі перанесеныя ў каплічку Маткі Боскай Наваградзкай і зьмешчаныя ў спэцыяльны саркафаг. Пачалася кананізацыя сясьцёр, якая скончылася 5 сакавіка Сьвятой Імшой у Ватыкане, адслужанай Янам Паўлам ІІ.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0