дзёньнік з нутраных войскаў

Дні, нібы кракадзілы

 

Я — жаўнер нутраных войскаў, спадкаемца слаўнага НКВД. Рэжым яўна штурхае на шчыльнейшую калябарацыю. Чорт яго ведае, якім чынам гэта гукнецца надалей.

Дні паляцелі, нібы шалёныя кракадзілы сноў Зыгмунда Фройда. Першага часу стала на тое, каб ясна ўцяміць, што навокал адно цырк на дроце. Дарослыя людзі з сур’ёзным выглядам займаюцца ўсялякай бздурай. Кшталту стаяньня зьвязу перад сталоўкай «на зважай». Шыхтавая падрыхтоўка была адным з найгалоўных элемэнтаў курсу маладога байца (КМБ). І вось мы ўжо аўтаматычна рухаемся толькі шыхтавым парадкам.

Калі некаторыя вайскоўцы, кажуць, за ўвесь тэрмін службы ні разу не страляюць, дык нам, жаўнерам нутраных войскаў, мусова мець выбітныя паказьнікі ў агульнай падрыхтоўцы. Найперш дзеля таго, каб у патрэбным часе застрэліць ці хаця б параніць зэка-ўцекача. Канвой і ахова зьняволеных — адна з галаўнейшых функцыяў нутраных войскаў. І вось за КМБ нам давялося ажно тры разы выяжджаць на палігон. Я — настаўнік гісторыі і нямецкай мовы — адстрэльваўся на выдатна. Гэта часьцяком выклікала пакепваньні між службоўцаў: «Учыцель, нямецкі зная, пісьмы па-нямецку палучая (сяброўка прыслала ліст і валянцінкі беларускай лацінкай), страляя п...здата. Мабыць ета шпіён якісьці». Шпіёнаманія. Мы запаўнялі мноства анкетаў, якімі нас, што завецца, правяралі на вашывасьць — сувязь з крымінальным сьветам, маладзёвымі групоўкамі (пад гэтую дэфініцыю падпадаюць і БПСМ, і МФ, і РНЕ, і сатаністы).

Шматлікія прагаліны пустога часу запаўняліся напісаньнем лістоў, рамонтам апраткі (дзякуй Богу, што ў нас нямашака шынэляў і гімнастэрак!) ды пуставойцкімі размовамі ні аб чым, дакладней, абы аб чым: жанчыны і сэкс, ежа і гарэлка, войска і «гражданка». Апавяданьні пра жанчынаў спрэс парнаграфічныя. Настрой розумаў — чыста патрыярхальны. Ровень адукаванасьці службоўцаў у КМБ агулам даволі нізкі. Усё армейскае жыцьцё ўгрунтаванае на лаянцы і самых брутальных мацюках, почасту аднак вельмі цікавых філялягічна. Размаўляць жа даводзілася па-расейску з ладным ухілам у трасянку. Вось жа і ўчыцель на трасянцы ўмее. Хлопцы ж з нашай роты значнай сваёй часткаю — вяскоўцы. Прэцэдэнтаў кшталту «ты деревня, а я — горожанин» мне назіраць не даводзілася. Хаця сяржанты, бывала, кпілі зь «някаючых» магілёўцаў. Кампанія падабралася рознашорсная. Некаторыя ня грэбавалі каўтнуць адэкалёнчыку за нястачай сапраўднай вогненнай вады. Адзін нат дзяліўся сваім цывільным досьведам ужываньня «калёнскае вады»: «Глаўна, каб з вадой не мяшаць, а, выпіўшы, сахарком заесьць вельмі добра».

У нашай роце 4 чалавекі (разам зы мной) з вышэйшай адукацыяй. Кожны імкнуўся нейкім чынам адгарадзіцца ад вясковага сыр-бору. Адзін, юрыст, выпускнік Інстытуту сучасных ведаў, паскардзіўся неяк: «Дома куча праблемаў, жонка цяжарная, а я так мушу хірнёй страдаць. Тупею штодня». Мабыць, і мне было б цяжка ў войску, каб я ня ведаў, хто такі Мартын Гайдэгер.

Ідэалягічна казармы вытрыманыя як мае быць. Вісіць сьцяг, герб драздоўскі, партрэт ППРБ. Ён жа ў сяржанцкім пакоі. Даводзіцца быць маўклівым апазыцыянэрам, каб не наклікаць на сябе загадзя дзедаўшчыну. Калі сам буду дзедам, дык заб’ю вялікі ржавы цьвік на «шакалаў» і буду называць рэчы сваімі імёнамі. Беларускімі. Каб быць тут і ня стацца калябарантам.

Сяржук Балахонаў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0