ХАПУН

 

Гэты ліст быў напісаны яшчэ ў 1997 годзе. Тады яго не надрукавала ніводная з газэтаў. Мы падаем яго цяпер, перад трэцяй гадавінай аднаго з найстрашнейшых хапуноў эпохі Лукашэнкі, калі менш чым за гадзіну на плошчы Свабоды арыштавалі больш за 150 чалавек.

 

14 сакавіка 1997 году мы разам зь сяброўкай Тамарай Мурашкай праходзілі па плошчы Свабоды, маючы намер адведаць хлопчыка, які перастаў наведваць садок, дзе мы працуем выхавацелькамі. Мы несьлі для яго купленыя на сабраныя грошы адзеньне і іншыя рэчы, але нас невядома за што схапіла міліцыя. Нас пабілі дубінкамі, з нас зьдзекаваліся, пасьля адвезьлі ў Кастрычніцкі РАЎС. Тут мы па поўнай праграме прайшлі ўвесь пачварны шлях пастаноўкі на ўлік у якасьці злачынцаў. 17 сакавіка 1997 г. мы былі асуджаныя: я атрымала яшчэ 5 сутак пазбаўленьня волі, а мая сяброўка — 2,5 млн. штрафу.

Так я сутыкнулася з нашай праваахоўна-судовай сыстэмай, якая робіць розныя хітрыкі і падтасоўкі з мэтай асудзіць чалавека, які ня мае ніякай віны. Ад гэтага вар’яцтва ў мяне расплюшчыліся вочы.

Людцы мае! Пражыўшы столькі гадоў, я толькі цяпер зразумела, што ў мяне няма Радзімы, што я ніхто. Мяне без усялякіх падставаў могуць забраць у міліцыю, зьняславіць, аштрафаваць, кінуць за краты... І ўсё гэта абсалютна беспакарана. Гарылы ў форме і безь яе становяцца гаспадарамі нашай зямлі.

Цяпер я зразумела тых людзей на вуліцах і плошчах — яны не дарэмна бавяць час, а адчайна змагаюцца за наша з вамі лепшае жыцьцё, ахвяруючы сабою за нашу родную Бацькаўшчыну — Беларусь. Ды каб раней хто-небудзь сказаў мне, што я пайду запісвацца ў Беларускі Народны Фронт «Адраджэньне», я б яму выдзерла ўсе вочы, паколькі такое немагчыма было нават уявіць. Але цяпер, прайшоўшы праз гэткую калатнечу, я запісалася туды разам зь сяброўкай і лічу, што гэта павінен зрабіць кожны сумленны чалавек.

Я зразумела, што можна ўсё жыцьцё мітусіцца, працаваць на дзьвюх-трох работах, пакуль хопіць здароўя, ці вынаходзіць іншыя шляхі для паляпшэньня стану існаваньня сям’і, але гэта ўсё роўна нічога ня вырашыць.

Я зразумела, як я памылілася, калі аддала свой голас спачатку за А.Лукашэнку, а затым за ягоную канстытуцыю на рэфэрэндуме 1996 г. Таму я маю зараз поўнае права выказаць свае думкі аб ім.

Я забіраю свой голас назад! Яжовыя рукавіцы пара надзяваць нам, жанчынам, таму што ўсе нашы мужыкі паступова ператвараюцца ў жабракоў, бамжоў і п’яніц, а мужыкі з нармальнымі мазгамі сядзяць за кратамі. Беспадстаўна адседзеўшы за кратамі, уражаная пакутамі нявінных маладых людзей, я адчула, што мая рука ператварылася ў кулак. Вось так!

Беспадстаўна пакараная
Валянціна Мазанік,
выхавацелька ў дзіцячым садку, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0