Калябарант

У «Анталёгію ўчынку»

 

Увесну, з прыходам сонечных дзянькоў, кожны чалавек адчувае прыліў сіл, жаданьне нешта рабіць, кардынальна мяняць у сваім жыцьці. 67 гадоў таму, у 1943 годзе, адбылася акцыя, якая мела тады вялікі рэзананс для Беларусі: гэта не чарговае забойства нямецкага высокага чыноўніка, не перамога саюзьнікаў пад чарговым Табрукам, нават Хатынь была на два тыдні пазьней. 7 сакавіка 1943 году зьезд кіраўнікоў Беларускай Народнай Самапомачы (БНС) запатрабаваў ад нямецкіх акупацыйных уладаў незалежнасьці Беларусі.

Беларуская Народная Самапомач была створаная немцамі ў кастрычніку 1941-га як грамадзка-сацыяльная арганізацыя, якая мусіла займацца выключна сацыяльнымі пытаньнямі, аховай здароўя насельніцтва, дапамогай пацярпелым ад вайны. Узначаліў БНС лекар з Прагі, дзеяч беларускага нацыянальнага руху, доктар Іван Ермачэнка.

Па першым часе так і адбывалася, БНС займалася тым, што і плянавалі немцы. Але паступова ейная дзейнасьць ахапіла ўсе сфэры грамадзка-культурнага жыцьця. У чэрвені 1942 г. канчаткова фармуецца Цэнтраль БНС, якая складалася зь некалькіх аддзелаў. Вось пералік найбольш значных і дзейных: аддзел палітыкі, аддзел адміністрацыі, аддзел судоўніцтва, аддзел культуры, аддзел школьніцтва, аддзел Корпуса Самааховы. У ліпені 1942 г. адбыўся зьезд акруговых кіраўнікоў Самапомачы, на якім казалася пра посьпехі арганізацыі, якая з сацыяльна-дапаможнай ператварылася ў сапраўды нацыянальную арганізацыю, у якую мог зьвярнуцца кожны і атрымаць дапамогу. Дзякуючы намаганьням БНС 27 ліпеня 1942 г. немцамі ў якасьці афіцыйнай сымболікі былі зацьверджаныя бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня.

4 сакавіка 1943 г. пачаў працу чарговы зьезд кіраўнікоў БНС, на якім 7 сакавіка быў прыняты мэмарандум да Генэральнага Камісара Беларусі Вільгельма Кубэ. У мэмарандуме патрабавалася:

 

1. Акрэсьліць ідэалягічную і структуральную падставу пабудовы Беларусі ў Новай Эўропе, прызнаючы яе незалежнасьць.

2. Неадкладна стварыць для аб’яднаных беларускіх земляў нацыянальны ўрад з Прэзыдэнтам Беларусі, старшынёй Ураду і з кіраўнікамі наступных аддзелаў: унутраных справаў, палітычных справаў, фінансаў, гаспадарчага, культуры і асьветы, вайсковага, юстыцыі, аховы здароўя і сацыяльнага забесьпячэньня. Гэты Ўрад абвесьціць аддзяленьне Беларусі ад Савецкага Саюзу і аб’явіць яму вайну як ворагу беларускага народу, які пасягае на ягоную незалежнасьць.

3. Адпаведна з гэтым належыць арганізаваць уладу на мясцох.

4. Адмяніць дзеяньне бальшавіцкага закону аб нацыяналізацыі нерухомасьці.

5. Для ўтрыманьня супакою, ладу і парадку ў краі і барацьбы з агульным ворагам — бальшавізмам — арганізаваць Беларускую Нацыянальную Армію і забясьпечыць яе зброяй і амуніцыяй.

6. Дазволіць сьцягнуць неабходныя нацыянальныя сілы, якія знаходзяцца за граніцамі Беларусі.

Пасьля правядзеньня вышэйпаказаных мерапрыемстваў беларускі народ гварантуе:

а) поўнасьцю выкарыстаць для мэтаў вайны рэсурсы, якія маюцца на Беларусі,

б) поўную ахову дарог,

в) поўнае выкананьне ваенных паставак,

г) зьнішчэньне бандытызму на Беларусі,

д) актыўны ўдзел у барацьбе з ворагам на фронце.

Старшыня Зьезду, Галоўны кіраўнік БНС Ермачэнка.

 

Немцаў мэмарандум узлаваў, яны яшчэ не цярпелі сакрушальных паразаў і ня мелі патрэбы ў паслабленьні акупацыйнага рэжыму на захопленых тэрыторыях. БНС была абвіначаная ў неразуменьні нямецкай палітыкі і прынцыпаў Новай Эўропы, рэарганізаваная, нават была зьмененая назва, каб нішто пра яе не напамінала, і пачала займацца толькі сацыяльнымі пытаньнямі. Доктар Ермачэнка быў пазбаўлены пасады кіраўніка БНС (падставай сталася абвінавачаньне ў спэкуляцыі прадуктамі харчаваньня) і высланы ў Прагу пад нагляд гестапа. Што яго ўратавала ад бальшавіцкай кулі, якая наўрад бы яго мінавала. Фактычна БНС спыніла існаваньне.

Але акцыя БНС мела важкае значэньне. Яшчэ пры поўнай дамінацыі немцаў на Ўсходнім фронце (нават нягледзячы на паразу пры Сталінградзе), у змрочную безнадзейную вясну 1943 г. выступ доктара Ермачэнкі і сяброў Беларускай Народнай Самапомачы быў грамадзянскім учынкам.

Алег Гардзіенка


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0