Юбілейны «Агляд»

 

Няхай толькі 5 гадоў найлепшаму беларускаму часопісу па гісторыі, але якія гэта былі гады! Уступ «Ад рэдакцыі» на пачатку апошняга нумару «Беларускага гістарычнага агляду» — гэта ў сутнасьці кароткая справаздача перад чытачом. 116 аўтараў выступілі са сваімі ідэямі, зь іх больш за траціну — з-за мяжы. Ці не пара пераназваць БГА ў міжнародны часопіс? Тым больш, што ён нарэшце займеў свой нумар у інтэрнацыянальнай сыстэме нумарацыі пэрыёдыкаў (ISSN). Салідна. Юбілейны настрой крыху псуе памылка ў нумарацыі сшыткаў на карэньчыку юбілейнага нумару. Па агульным ліку ён мае быць №10—11, а ня 9—10.

Як заўсёды, часопіс імкнецца да шырокага ахопу гістарычных тэмаў. Нумар распачынае польскі дасьледнік Пётр Кроль артыкулам «Беларуская кампанія 1654 г. (да бітвы пад Шапялевічамі)».

Юры Кітурка асьвятляе «беларускае пытаньне» ў палітычнай канцэпцыі Юзафа Пілсудзкага ў 1899-1908 г. Кірыл Маль дасьледуе антыбальшавіцкі рух у Беларусі ў 1919-1921 г. На жаль, не прыгаданая праца яго папярэдніка ў вывучэньні тэмы — Юркі Віцьбіча, ягоная кніга 1996 году «Антыбальшавіцкія паўстаньні і партызанская барацьба на Беларусі». Можа, яна не зусім навуковая, у нечым састарэлая, ня мае матэрыялаў з савецкіх архіваў, але ж адна зь першых. Трэба шанаваць. Яшчэ раз праявіліся цяжкасьці ў перакладзе на нашу мову савецкіх скарачэньняў. У артыкуле прапануецца напісаньне УЧК, што выглядае дзіўным спалучэньнем беларушчыны з расейшчынай. Можа, усё ж пакінуць як было ў Маскве — ВЧК, КГБ і г.д.?

Наступны традыцыйны разьдзел БГА — «Паведамленьні». Тут маем працы Андрэя Партнова «Этнічныя пытаньні гісторыі ВКЛ у сынтэзах і падручніках па гісторыі Ўкраіны» (зноў крыўдзяць або не заўважаюць беларусаў!), Юр’я Вашкевіча «Вобраз Беларусі і беларусаў у польскай мэмуарнай літаратуры 1945—1991 г.» (яшчэ горш, як ва ўкраінцаў), Аляксандра Гужалоўскага і Сяргея Каўна «Internet для гісторыкаў».

У рубрыцы «Новыя пэрспэктывы» БГА працягвае прапагандаваць новыя мэтады гістарычных студыяў, гэтым разам жаночую гісторыю, інтэлектуальную гісторыю і мікрагісторыю. Апошняя, здаецца, мае добры шанец расквітнець у нашай беднай на архівы краіне, дзе добра захаваліся дакумэнты, бадай, толькі па гісторыі рэгіёнаў. Вячаслаў Насевіч за ўзор (бо няма іншых) такога роду беларускіх досьледаў уважае кнігу Міколы Ўлашчыка «Была такая вёска». Была такая кніга. Яшчэ лепшая — «Вёска Стральцы-Давыдавічы ў гістарычнай традыцыі» Ірэны Матус (тая вёска, праўда, цяпер у Польшчы). Зважаючы на навуковы досьвед і літаратурыя здольнасьці нашага, беларускага боку, трэба чакаць яшчэ лепшых кніг.

Пад рубрыкай «Пераклады» надрукаваны эсэ Рэджынальда Р.Бэтса «Канстытуцыйны працэс і палітычная думка ва Ўсходняй Эўропе» і Макса Шэлера «Чалавек і гісторыя».

Яшчэ ўнёсак у вывучэньне вайны 1654—1667 г. з Масковіяй — падборка (аўтар — Максім Гардзееў) дакумэнтаў з актавай кнігі полацкага магістрату за 1656—1657 гады (тут заўважым, што бахмат — конская парода, а не мянушка). І хто яшчэ будзе казаць, што пра гэтую вайну мала напісана?

Разьдзел «Гістарыяграфія» рэпрэзэнтуе артыкул Андрэя Анушкевіча «Інфлянцкая вайна 1558—1582 г. у савецкай гістарыяграфіі», а ў рубрыцы «Гісторыя і гісторыкі» пададзеныя мэмуары масквічкі Ганны Харашкевіч пра Міколу Ўлашчыка (даволі незьмястоўныя), нарыс зноў жа Андрэя Партнова «Леў Акіншэвіч — гісторык украінскі і беларускі». Наконт апошняга аўтару падаецца, што ў беларускай гістарыяграфіі пра яго нічога не напісана. Але не такія мы ўсё ж няўдзячныя суайчыньнікі, каб зусім забыць знанага ў ЗША нашага гісторыка. Ёсьць пра яго артыкулы і ў «Энцыкляпэдыі гісторыі Беларусі», і ў «Беларускай энцыкляпэдыі», і ў часопісах («Спадчына»), і ў зборніках артыкулаў.

Што думае пра Беларусь нямецкі гісторык, можна даведацца з інтэрвію з Маціясам Ніендорфам. Што думаюць пра гістарычныя кнігі нашы навукоўцы, бачна ў разьдзеле «Новая літаратура: агляды і рэцэнзіі» (аказваецца, у нас чытаюць нават па-літоўску, але гэта, здаецца, адзіны выпадак).

Сумны разьдзел «In memoriam» прысьвечаны сьветлай памяці заўчасна памёрлага Міхася Біча.

У цэлым жа «Беларускі гістарычны агляд» па-ранейшаму высока трымае планку кваліфікаванасьці і проста прыемнага чытаньня.

Валеры Пазьнякоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0