Паштовая скрынка

 

abc, Niejkamu i cytacu з Кнігі водгукаў «НН» у Інтэрнэце. «Чыгірыха» — не фамільярнасьць, а жывая беларушчына, якая палохае толькі таму, што ўсе прызвычаіліся да мёртвай. «Здымак Алены Адамчыхі» — тое самае, мабыць, мы яшчэ толькі «дасьпяваем» да гэтага. Зь пісьменьнікаў старэйшага пакаленьня «НН» і «Arche» вылучаюць ня толькі В.Адамчыка і ня толькі таму, што ён бацька Глёбуса, а ўсіх літаратараў, хто жыве ў цяперашнім часе, а не ў БССР. Між іншым, за кожную сытуацыю кшталту «бацька — сын» у беларушчыне нам трэба хапацца дзьвюма рукамі, а ня ёрнічаць, бо гэта жывая повязь, зародак. Глёбуса друкуем ня толькі таму, што ён «сябра Дубаўца», хоць гэта якраз пацьвярджае пэўнасьць нашага выбару і нашу адказнасьць перад вамі, чытачамі.

Скіргайлу П. зь Менску. Вы марыце пра інтэлектуальнае грамадзтва, а самі хочаце заблытаць чытача ў сваіх моўных гульнях. Яснасьць — ня значыць простасьць і пагатоў глупства. Яснасьць — перадумова складанасьці, а якраз наўмысная зацьмяненасьць — гэта хамства. Разумеем, што гіпэртрафаваная беларускасьць (якая таксама і ў непрыманьні назвы «Беларусь», якую Вы лічыце крэольскай) — гэта рэакцыя на разгул расейскай стыхіі. Трэба аднак захоўваць вытрымку і цьвярозасьць розуму. Моўная барочнасьць у Вашым выкананьні часта нехарошая, бо ня ў меру. Усё астатняе прымаем.

Лізе Ротвальд Н., <[email protected]>. «НН» не выдавала асадак са сваім лягатыпам.

Сяргею Ш. з Наваполацку. Ужо сама назва Вашай рэцэнзіі прэтэнцыёзная, няясная і зорна-прыгожая. Няяснасьці множацца пры чытаньні. Нібыта без гіпатэтыкі й містыкі ў нас — ніяк. Але з псыхічнымі выбухамі трэба змагацца ня «іхнымі ж мэтадамі», а картэзіянскай яснасьцю і празрыстасьцю думкі.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0