Лісты ў рэдакцыю

 

Сьвятло і цямрэча

Зьвяртаюся да Вас з такой нагоды. Дзесьці з год таму пісаў Вам, як рупіцца пра народ сёньняшняя ўлада. У нашай чарнобыльскай вёсцы гэта моцна відно. Дарогу дабіваюць, вадаправод даканалі, сьвятло па вуліцах паабразалі, ну, і ўсяму рады даюць.

Да мяне сёньня прыстугнелі з энэрганагляду, бо я на сваёй вуліцы падключыў самавольна ліхтары, праз выключальнік. Склалі АКТ. Правільна, плаціць трэба, а хто будзе — я. Калгас ня хоча за асьвятленьне вуліц плаціць, і савет таксама. А ў савеце старшыня — «абраньнік» пажыцьцёвы і калгасны старшыня — «абраньнік» пажыцьцёвы мясцовага і раённага саветаў, паказалі на мяне, што я краду электрычнасьць, каб асьвятліць вуліцу, на якой толькі гразь, вада ды ямы па самы зад іхны тоўсты. Стаяла на КІП фотарэле, дык яго ўкралі ды паставілі на КІП, дзе жыве старшыня. Вось так рупіцца пра нас вэртыкаль. Куды ні кінь, дык яно ўсюды так. Затое злавілі злачынцу, мяне.

Ну, а злодзей гэты я: электраманцёр сувязі Філіповіч Пятро Піліпавіч, жыхар Забалоцьця, што ў Чамярысах, гэта там, дзе толькі можна праехаць на ўсюдыходзе, дый тое не заўжды.

З павагай, ваш пастаянны чытач і падпісчык

Пятро Філіповіч, в.Чамярысы пад Брагінам

 

Суродзічы беларусы!

Ад імя Каардынацыйнага Камітэту Беларусаў Канады вітаю вас з 82-мі ўгодкамі 25 Сакавіка — Днём незалежнасьці Беларусі.

82 гады таму назад 25 сакавіка ў Менску Рада Беларускай Народнай Рэспублікі як законны сувэрэнны орган беларускага народу, сваёй Трэцяй Устаўной Граматай пад назвай Акту 25 Сакавіка перад усім сьветам абвясьціла дзяржаўную незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі ды парвала ўсякія дзяржаўныя сувязі з Расеяй, часткай якой дагэтуль была Беларусь. Акт 25 Сакавіка мае для нас калясальнае значэньне:

1. Актам 25 Сакавіка беларускі народ заявіў усяму сьвету сваю волю быць незалежным і гэтым запачаткаваў у беларускім адраджэнцкім руху новую эпоху змаганьня за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі — незалежніцкую эпоху.

2. Акт 25 Сакавіка паставіў на парадку дня міжнароднае арэны нявырашанае пытаньне незалежнасьці Беларусі.

3. З Актам 25 Сакавіка лічыліся й бальшавікі, калі ў 1919 годзе мусілі стварыць, хай сабе й фікцыйную, БССР. Каб не было Акту 25 Сакавіка, не было б і Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, а была б толькі «Северо-западная» вобласьць РСФСР.

4. Каб не было Акту 25 Сакавіка, не было б прадстаўніцтва Беларусі ў Задзіночаных Нацыях.

5. Каб не было Акту 25 Сакавіка, не было б і Рэспублікі Беларусь.

Таму мы — дзе б мы ні знаходзіліся — у Эўропе, ЗША, Канадзе ці Аўстраліі — з году ў год сьвята і ўрачыста адзначаем нашае найвялікшае нацыянальнае сьвята

25 САКАВІКА — ДЗЕНЬ НЕЗАЛЕЖНАСЬЦІ БЕЛАРУСІ.

З нагоды сьвята жадаем вам добрага здароўя й спору ў працы, накіраванай для дабра нашай беларускай вызвольнай справы.

ЖЫВЕ БЕЛАРУСКІ НАРОД У ЗМАГАНЬНІ! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!

Др. Раіса Жук-Грышкевіч, Бэры, Канада

 

Пачатак сямейнай гісторыі

Якуб Яцкевіч нарадзіўся ў «сялянскай» сям’і (яго продкі ня здолелі ў свой час даказаць паперамі маскалям сваё шляхецкае паходжаньне) ў 1899 годзе ў вёсцы Семакава, што пад Мірам. Дзякуючы намаганьням бабулькі Юзэфы, атрымаў грунтоўную хатнюю адукацыю. Бацькі накіравалі хлопца ў народную вучэльню...

У 1917 годзе Якуб у царскім войску. Як пачаліся хваляваньні, ён вярнуўся дамоў. Адылі ўжо не застаў бацькі, бабулькі. Ужо ў наступным годзе, разьвітаўшыся з роднымі, ён зьехаў у Петраград, адкуль вярнуўся ў 22-м кавалём. Гэта было ўжо за польскім часам. Неўзабаве ён ужо валодае ўласнаю кузьняю, мае добры кавалак лесу ў навакольлі вёскі.

Зь вясковай прыгажуняй Надзеяй быў знаёмы здаўна — сем’і вельмі сьсябраваліся... Праз тры гады адбыўся шлюб — многія з старых вяскоўцаў і сёньня ўзгадваюць «Якубава вясельле». Праз год зьявілася першая дачка — Аліцыя. Час бег, ствараўся дабрабыт. Ніхто ня мог прадбачыць далейшага. Брат Якуба, Франак, у 38-м угаворваў яго зьехаць у Канаду. Якуб застаўся. Што яму рабіць у далёкай краіне, калі тут ён мае ўсё?

Праз год напалі на Польшчу немцы. У вёсцы ўсе ведалі, што Сталін убаку не застанецца. І Сталін прыйшоў. Кузьню й сьвіран спалілі адразу. Што-колечы з хатняе жывёлы й маёмасьці пазабіралі. Забралі Якубава дзядзьку... Сам Якуб стаў «ворагам народу». І ён ня вытрымаў душэўных хваляваньняў. Сям’я засталася без гаспадара.

Сям’я з чатырох чалавек: кабета гадоў 35, тры дзяўчынкі й хлопчык Зьмітрок 9 гадоў. Вось ужо тыдзень яны сядзяць і чакаюць вывазу ў Сыбір... Хатнія рэчы колішняе заможнае сям’і: гадзіньнік, крэслы, некалькі куфраў — пакладзеныя на вазы...

Вазы так і не зварухнуліся. Праз два дні прыйшлі немцы.

Далей для Якубавай сям’і ўсё было «тыпова», «па-савецку»... Хлопчык Зьмітрок — гэта мой дзед.

Яцак Русецкі, Менск


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0