Палонныя

У Гораднi працягваецца суд над групоўкай з 10 чалавек, якiя ня здолелi за грошы правесьцi церазь беларуска-польскую мяжу віетнамцаў, аўганцаў ды iншых нелегалаў.

 

Палоннымi сьледчыя называюць самiх кантрабандыстаў, якiя, канечне ж, здалiся бяз бою, зброi ня мелi. Але ў судовую залю iх дастаўляюць пад вартай, счэпленымі папарна аднымi кайданкамi на двух.

Правальнымi аказалiся для іх дзьве начныя акцыi — 6 жнiўня i 5 лiстапада 1999 году, калi памежнiкi схапiлi групы нелегалаў на падыходах да мяжы. У першай было 15 чалавек, у другой — 26. Ходзяць дзьве вэрсii наконт прычынаў правалаў. Першая — спрацавала агентура. Другая — самi арганiзатары дзейнiчалi непрафэсiйна. Кiраваць падобнымi акцыямi зь Менску проста несур’ёзна. Удала правесьцi празь мяжу могуць, маўляў, толькi тутэйшыя людзі, якiя жывуць каля мяжы. Праўда, адзiн з выканаўцаў, Iван С., жыве ў Верцялiшках, ад якiх ня вельмi далёка да лiтоўскай мяжы. Аднак Верцялiшкi знаходзяцца па правы бок Нёману, а польская мяжа, ля якой яго схапiлi зь нелегаламi, як вядома, зьлева, на захад ад ракi.

Па лёгiцы, правесьцi нелегалаў празь лiтоўскую мяжу, дзе няма калючага дроту, значна лягчэй. Дый мяжа з Польшчай, верагодна, ахоўваецца лiтоўцамi слабей, чымся беларуска-польская. Аднак у арганiзатараў былi свае пляны. Напрыклад, чым цяжэйшая перашкода, тым болей можна спагнаць грошай зь нелегалаў. Пасьля: дзьве мяжы пераходзiць усё адно горш, чым адну. Прычым у Лiтве давялося б недзе нелегалаў часова хаваць. А тут прасьцей: у Менску загрузiлi iх увечары ў машыны, i ноччу яны ўжо былi ля мяжы.

Цiкава, што за праваднiкоў былi нанятыя палякі, гэта дало сьледзтву падставы лiчыць, што галоўны арганiзатар — грамадзянiн Польшчы. Зноў-такi, па лёгiцы беларусы лепей умеюць нелегальна пераходзiць мяжу. Нашыя больш спрактыкаваныя. У палякаў папросту не было такой патрэбы. Навошта палякам двойчы рызыкаваць, дзеля таго каб пабыць у Саветах? Што да нашых, дык яны часам хадзiлi раней i нават цяпер (як кажуць) ходзяць празь мяжу падпольна, напрыклад, да сваякоў — пагасьцяваць, папiць гарэлкi. Хаця нарэшце дазволена пераходзiць мяжу пешшу, чым вельмi карыстаюцца мясцовыя жыхары, частка якiх займаецца кантрабандай сьпiрту i цыгарэт. Альбо проста пару разоў на дзень ходзяць туды-сюды, праносячы дазволеную норму — дзьве пляшкi гарэлкi i блёк цыгарэт. Зарабляюць такiм чынам недзе даляраў пяць за раз.

Што да Лiтвы (зь якой у нас вiзавы рэжым), дык, як сьцьвярджаюць знаўцы, некаторыя мясцовыя дакладна ходзяць туды ў краму або носяць гарэлку. Ведаючы, як ня трапiцца памежнiкам — сваiм цi лiтоўскiм. Яшчэ кажуць, што ў памежных вёсках часам можна ўбачыць якога-небудзь пакiстанца, якi неўзабаве зьнiкае. Лiчыцца, што гэта надзвычай разумны пакiстанец. Паколькi ён ня плоцiць вялiкiя грошы сталiчным няўдакам, а дае 100 даляраў вясковаму дзядзьку, якi амаль стопрацэнтова завядзе яго ў Лiтву. Хаця, на першы погляд, больш надзейна быць у групе. Але iх летась было спынена на мяжы цэлых дзевяць адным толькi Гарадзенскiм памежным атрадам.

Аднак, вернемся ў судовую залю. Першая акцыя рыхтавалася наступным чынам. Грамадзянiн Лiтвы Азенас К. нiбыта пазнаёмiўся на гарадзенскiм рэчавым рынку з 40-45-гадовым мужчынам, якi назваўся Стасам. На ягоную просьбу лiтовец набыў стары грузавiк, паводле матэрыялаў сьледзтва — ГАЗ-51. Хаця сам Азенас сказаў на судзе, што гэта «гiбрыд», паколькi сабраны з частак розных машынаў. Разам з Iванам С. у Верцялiшках яны зрабiлi ў кузаве хованку для нелегалаў... Сярод абвiнавачаных у судзе знаходзяцца і тры грамадзянiны Польшчы. Усіх іх засьпелі на гарачым, i вiну сваю яны прызналi, таму, думаецца, iхныя прозьвiшчы можна назваць. Дык вось, жнiвеньскай ноччу 15 нелегалаў, дастаўленыя зь Менску, былi сустрэтыя тым самым «Стасам», якi прыехаў на «Мазьдзе». Сустрэча адбылася ў Гарадзенскiм раёне на шашы, якая вядзе ў бок Лiтвы. Шафёр Iван С. i паляк П.Раманоўскi (дарэчы, пракурор на працэсе таксама Раманоўскі) прынялi нелегалаў i ў грузавiку накiравалiся зь iмi да польскай мяжы. Там iх мусілi сустрэць два мужчыны-праваднiкi. Аднак сустрэчы не адбылося. Счакаўшы гадзiнку ў дамоўленым месцы, вырашылi падацца далей — у бок мяжы самi, але былi схопленыя памежнiкамi.

Паляк паведамiў сьледчым, што ў Сувалках, дзе ён жыве, у бары адзiн мужчына, якi назваўся «Сташкам», прапанаваў яму зарабiць. Патлумачыў, што за перавод празь мяжу групы з 30—40 нелегалаў будзе плацiць 1000 даляраў, i даў нумар свайго тэлефону ў Гораднi. Пазьней Раманоўскi прыехаў у Горадню, Сташэк сустрэў яго на вакзале i сказаў, што з працай затрымка. Наступным разам яны сустрэлiся ў сквэры каля гарадзенскага Т-34. Раманоўскi пражыў у Гораднi цэлы тыдзень, чакаючы працы, але яму давялося вярнуцца дахаты. На трэцi раз праца была, але скончылася ўсё арыштам.

Наступным разам, калi было схоплена 26 нелегалаў, памежнiкi захапiлi i двух палякаў-праваднiкоў. Маладзейшы, П.Шышко — таксама з Сувалкаў, беспрацоўны, мае двух дзяцей. Яму паабяцалi 1500 злотых. Другi, старэйшы, А.Кавалеўскi, мусіў атрымаць яшчэ менш — 1000 злотых. Ён адзiны — жыхар блiзкай да мяжы зоны. Жыве з мацi на хутары, мае 17 гектараў зямлi, у якія, магчыма, так i ня суджана будзе сёлета легчы зерню. Зрэшты, паводле словаў адвакатаў, ёсьць шанец, што палякаў пакараюць не зьняволеньнем, а вялiкай грашовай карай. Гэта пры Сталiне ды Андропаве саджалi — чым паболей. Тады нявольнiцкая праца мела вялiкае народна-гаспадарчае значэньне. Цяпер працы для зьняволеных звычайна няма, а кармiць iх трэба. Дый месца ў турмах бракуе.

З 1 лiпеня паводле новага адмiнiстрацыйнага кодэксу тых, хто ўпершыню трапiўся на мяжы, будуць адназначна штрафаваць. Турма, як цяпер, iм ня будзе пагражаць. Памежнiкi лiчаць, што такая лiбэралiзацыя абавязкова павялiчыць шэрагi тых, хто паспрабуе ўцячы празь мяжу. Мы да гэтага не зусiм гатовыя, кажа памежнiцкае начальства.

Па справе праходзiць таксама Сяргей П., якi больш за 20 гадоў пражыў у Лiтве, мае там сям’ю, але не атрымаў грамадзянства. Апошнiм часам, як высьветлiлася, яго шукалi лiтоўскiя ўлады праз Iнтэрпол. Сярод падсьледных таксама Саiдас Г. — азэрбайджанец з паходжаньня, грамадзянiн Лiтвы, i А.П. — iндус з Пэнджабу, якi жыве ў Менску, а таксама яшчэ два грамадзянiны Беларусі. Таго славутага «Стаса» цi «Сташка» не злавiлi. Вiну сваю прызналi спачатку ня ўсе. Грошы на адвакатаў таксама ёсьць не ва ўсiх. Частцы кантрабандыстаў адвакатаў аплоцiць дзяржава. Адзiн з падсудных, мянчук, ад абароны адмовiўся ўвогуле.

Працэс адбываецца ў найлепшай зале суду з самай вялiкай клеткай. Абапал судзьдзi пустуюць крэслы былых «народных заседачоў», зробленыя ў добрыя савецкiя часы. На высокiх сьпiнках засталiся сьляды ад адарваных сярпа з молатам. Крэсла судзьдзi таксама адметнае — круглай сьветлай плямай ад савецкага гербу. Новы вiсiць вышэй, над галавою, і чакае прысуду.

Сяргей Астраўцоў


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0