Ад Коласа да Купалы празь Перамогу

 

Менскія ўлады спрабуюць адмовіць нацыянальнаму аргкамітэту Дня Волі—2000 зладзіць на 25 сакавіка сьвяточны паход ад пляцу Якуба Коласа да парку імя Янкі Купалы, зьдзекліва накіроўваючы беларусаў сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці на «выган» — ля аўтобуснай станцыі Кульман. Няма сумневу, што гэткая пазыцыя кіраўніцтва адкрыта правакацыйная. Вядома, што людзі ўсё адно прыйдуць 25 сакавіка а 12-й гадзіне на пляц Якуба Коласа, каб разам адзначыць найвялікшую дату ў гісторыі свае Бацькаўшчыны — дзень аднаўленьня дзяржаўнасьці на беларускіх землях. Улада, відавочна, незадаволеная масавасьцю народнага ўдзелу ў Маршы Свабоды і хоча сарваць сьвяткаваньне Дня Волі.

Вось як камэнтуе сытуацыю адзін з заяўнікаў сёлетняга Дня Волі (а ўсяго пад заяўкай падпісаліся 78 чалавек), лідэр Народнага фронту Вінцук Вячорка: «Гэтая адмова паказвае, што: па-першае, рэжым прамаскоўскі й баіцца шматлюднага выяўленьня незалежніцкіх памкненьняў, па-другое, Лукашэнка спалохаўся да гістэрыкі трыюмфу Маршу Свабоды–II, ён зразумеў, што Дзень Волі будзе яшчэ больш шматлюдным». Віктар Івашкевіч, які кіраваў дружынай, што забясьпечыла ідэальны парадак на Маршы Свабоды, жартуе: «Мы абяцаем ня біць міліцыі. А калі сур’ёзна, дык ніякай крыві мы не дапусьцім. Наш адказ — выйсьці й не паддацца на правакацыі».

Ва ўмовах, калі на галоўнае беларускае сьвята менскія ўлады забараняюць урачысты паход і мітынг у плянаваным месцы, стаіць пытаньне выбару для кожнага чалавека — ці ісьці ў гэты дзень а 12-й гадзіне на пляц Якуба Коласа, дзе мае адбыцца збор удзельнікаў, ці застацца дома. Які выбар зрабілі вядомыя ўва ўсёй краіне людзі, палітыкі й культурнікі, што для кожнага зь іх значыць дата 25 сакавіка? З гэткім пытаньнем зьвярнуліся мы да іх.

 

Уладзімер Арлоў, пісьменьнік: Лічу, што якраз 25 сакавіка 1918 году ў беларускай гісторыі і пачалося ХХ стагодзьдзе. Гэты дзень — нашае галоўнае дзяржаўнае сьвята, і я адзначаю яго ў любое надвор’е.

 

Станіслаў Багданкевіч, старшыня Аб’яднанае Грамадзянскае Партыі: Я жорсткі прыхільнік незалежнасьці й сувэрэнітэту Беларусі, і таму само сабой зразумела, што я адзначаю дзень 25 сакавіка як дзень станаўленьня нашае Рэспублікі й пачатку дзяржаўнага самавызначэньня беларускае нацыі. Я буду на плошчы Якуба Коласа ў гэты дзень, калі толькі буду здаровы.

 

Рыгор Барадулін, народны паэт Беларусі: 25 сакавіка — сьвяты для душы маёй дзень. Менавіта гэты дзень дае магчымасьць адчуць сябе вольным беларусам, дае спадзеў на вечнасьць Беларусі як незалежнае дзяржавы. Невыпадкова праз колькі вякоў пасьля Вялікага Княства Літоўскага дзень абвяшчэньня памаладзелае дзяржавы — Беларускае Народнае Рэспублікі — супаў з днём Сьвятога Зьвеставаньня. Гэта знак нябёсаў. Калі Бог дасьць здароўе, буду 25 сакавіка разам з усімі. Апошнім часам мне цяжка хадзіць і быць на людзях. Дзе ёсьць магчымасьць, пасылаю сваё слова хадзіць за мяне.

 

Лявон Баршчэўскі, перакладчык: Гэта дата адкрыцьця. Нам доўга не ставала ў нашай гісторыі гэткае даты, досыць позна мы пра яе даведаліся. Гэты дзень упершыню даў нам гэтак патрэбнае самаадчуваньне дзяржаўнае нацыі пад сваім назовам. Тыя людзі, якія абвяшчалі БНР, ведалі, што іх згадаюць добрым словам. Яны ня ўсе верылі, што перамогуць, але ведалі, што робяць гістарычны крок. І сьвяткаваньне Дня Волі нельга забараніць — гэта сьвятое. Сытуацыя з адмовай гарадзкіх уладаў нагадвае вядомых літаратурных герояў, якія хацелі закрыць Амэрыку.

 

Валерка Булгакаў, галоўны рэдактар часопіса «Arche»: Падыду. Бо быў 15 сакавіка на Маршы Свабоды, і мне спадабалася.

 

Артур Вольскі, дзіцячы пісьменьнік: Я перакананы прыхільнік незалежнасьці нашае Бацькаўшчыны, таму Дзень Волі для мяне найвялікшае сьвята. Калі Бог дасьць і здароўе дазволіць, я абавязкова пайду з тымі, хто сапраўды дбае пра Беларусь, яе незалежнасьць, яе волю, бо самое слова воля адпавядае маім памкненьням.

 

Вінцук Вячорка, старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне»: Яшчэ аніводнага разу мы не паступаліся сваёй найвялікшай нацыянальнай вартасьцю. 25 сакавіка — гэта канцэнтрацыя ўсіх беларускіх вартасьцяў. І мы будзем сьвяткаваць 25 сакавіка, як пастанавілі.

 

Людміла Гразнова, дэпутатка Вярхоўнага Савету Беларусі: 25 сакавіка — гэта будучыня Беларусі, ня толькі ейная мінуўшчына. Наша будучыня — эўрапейская, спакойная, зразуметая й паважаная ў сьвеце Беларусь. Гэта краіна, у якой дзяржава будзе не для аднога, але для ўсіх, калі людзі будуць жыць сваімі пабытовымі праблемамі, а ня гэткімі, што турбуюць нас цяпер. Я прыйду 25 сакавіка на плошчу Якуба Коласа. Гэта маё права як грамадзяніна, гарантаванае Канстытуцыяй. Будзе гэтак шмат людзей, што праблема таго, што будзе, вырашыцца на месцы. Але перакананая: усё будзе спакойна, бо мы вышэйшыя за крыкі, лаянку, агрэсію. Наша справа праўдзівая і мы будзем сябе паводзіць спакойна.

 

Анатоль Грыцкевіч, гісторык, старшыня Нацыянальнага арганізацыйнага камітэту Дня Волі—2000: Я лічу гэты дзень нацыянальным сьвятам, бадай найгалоўнейшым сьвятам. І гэтая дата мае стаць дзяржаўным сьвятам. Як ганаровы сябра Таварыства беларускае культуры ў Літве я быў запрошаны на 25 сакавіка ў Вільню. Таму, на жаль, удзельнічаць у Менску ў акцыі ня буду, але каб не паехаў, быў бы.

 

Уладзімер Конан, філёзаф: Я разглядаю гэтую падзею як вялікі этап у нацыянальна-дзяржаўным адраджэньні Беларусі ХІХ–ХХ стагодзьдзяў. Гэта адна з асноўных падзеяў нашага стагодзьдзя. 25 сакавіка 1918 году скончыўся стогадовы шлях беларускага Адраджэньня ў складзе Расейскай імпэрыі і была адноўленая дзяржава Беларусь. Структура БНР — архетып, на якім будзе грунтавацца нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў будучыні. Я, калі нічога ня вырвецца, пастараюся быць 25 сакавіка на Дні Волі.

 

Уладзімер Крукоўскі, мастак: Як жа не пайсьці? Такога іншага дня больш няма. Вывешу на бальконе свайго дому бел-чырвона-белы сьцяг і пайду.

 

Алесь Мазур, выдавец газэты «Навінкі»: Няма нічога весялейшага, чым прыйсьці туды, куды ісьці забаронена, і зрабіць тое, што забаронена дзяржавай.

 

Аляксей Марачкін, мастак. Дзень Волі й Марш Свабоды-II узаемна злучаныя. Бо Марш Свабоды-II прайшоў пад лёзунгамі «Перамовы! Перамены! Перамога!» і сабраў трыццаць тысячаў чалавек. Рэжым гэткага не чакаў. Марш Свабоды-II злучыў людзей. Значыцца, стала болей незадаволеных рэжымам. 25 сакавіка — Дзень Незалежнасьці БНР, і ўлады ўбачылі, што на гэтае сьвята прыйдзе яшчэ болей людзей, таму спрабуюць яго забараніць. Гэта нашае традыцыйнае сьвята, людзі прыйдуць на пляц Якуба Коласа, як гэта абвясьціў Вячорка, і пройдуць да помніка Янку Купалу. Улады правакуюць на канфлікт. Улады баяцца. Безумоўна, 25 сакавіка я прыйду на Дзень Волі, і прыйдзе ўся мая сям’я. Мы не збаімся — гэта наша места, наша сьвята. 25 сакавіка я ў сядзібе Народнага фронту на невялічкай выставе пакажу свае нонканфармісцкія працы, прысьвечаныя Мірону й Чачэніі. Але пакуль гэта таямніца.

 

Мікалай Статкевіч, старшыня Беларускае Сацыял-Дэмакратычнае Партыі «Народная Грамада»: Для мяне Дзень Волі — адно з найгалоўнейшых сьвятаў Беларусі. І, безумоўна, 25 сакавіка а 12-й гадзіне я буду на плошчы Якуба Коласа.

Гутарыў Віктар Мухін


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0