Вячаслаў ДУБІНКА

Дзёньнік захапленьня

 

На пляжы курортнай мясьціны Пінэда дэ Мар у залацісты жвір урос помнік Грамадзянскай вайны 1936—1939 гадоў — бэтонны даўбель-дзот з чорнай адтулінай для кулямёта. У Слуцку маім празь некалькі хатаў ад нашай жыў дзядок Сева па прозьвішчы Баранчык. У 1936 годзе ён патрапіў у Гішпанію і стаў ужо не Баранчык, а Пэдра. І на загад камандзіра сядзеў у такім вось бэтонным мяшку і малаціў з кулямёта па фалянгістах-ворагах ня толькі новай Гішпаніі, але і краіны Саветаў. Франка са сваімі жаўнерамі выкурыў Пэдра-Баранчыка, і той да скону хадзіў з кульбай: горкі ўспамін пра Гішпанію.

 

Кнігарня ў Барсэлёне. Адчыніш шкляныя дзьверы і патрапляеш у райскі кут друкаванага слова. Чаго толькі тут ні знойдзеш на паліцах. Калі ласка, таўстуны-кніжкі пра Іосіфа Сталіна, Льва Троцкага, мапы ўсіх куткоў сьвету. І раптам спыняюся каля вітрыны, ня верачы сваім вачам. Раман Дастаеўскага «Браты Карамазавы». На вокладцы і аўтар «братоў» — Тарас Шаўчэнка, яго знакаміты аўтапартрэт. Такія вось браты ад прыгожага пісьменства — Тарас і Хведар сустрэліся ў раі друкаванага слова.

 

Жабракі ў Барсэлёне. Культурныя, вынаходлівыя, далікатныя, калі хочаце. Сам сядзіць на зэдлічку, а побач на самаробным дыванку — сабачка. Гаспадар нешта піша, альбо малюе, як бы нічога ня просіць. А навошта? Побач шыльдачка з надпісам на ангельскай, францускай, нямецкай. Зьмест такі: «У мяне часовыя фінансавыя цяжкасьці і няма чым карміць сабачку». Па-расейску абвесткі няма. Расейцы гішпанскім сабакам не даюць, сваіх дома ня кормленых, што гразі ў полі.

 

Хамоны — па-нашаму кумпякі, сьцегнякі ад вепрука. У Гішпаніі яны красуюцца ў кожным кутку, дзе прадаецца харч. Палюбавацца ёсьць на што. Каштуюць нятанна. А некалі і ў нас такіх кумпячкоў было — не палічыць. У камандзіроўках на Клеччыне, Капыльшчыне, Случчыне бачыў апэтытныя беларускія кумпячкі, прычэпленыя пад страхой, яны дабіралі смак на лагодным красавіцкім ветрыку.

 

Паліцыянты прыгожыя, у белых пальчатках, адпрасаванай форме, хоць здымай іх на вокладку часопіса. І прыгадаліся свае, эрбэкаўскія. У балотна-жабінай камуфляжцы, як пасьля адсідкі ў акопнай аблозе, неахайныя, нахабныя, у цяжкіх каваных ботах, з гумавымі даўбешкамі, з наручнікамі за папругай, калі-нікалі з абшарпанымі аўтаматамі.

 

На пляжы зь першым сонейкам бавілася купка вясёлых гішпанскіх пэнсіянэраў — пяць бабуляў і дзед. Яны даўно праядаюць пэнсію, а таму вясёлыя, гарэзьлівыя, што малыя дзеці. То сьпяваюць, то весела пялёхаюцца ў моры. І безупынна балаболяць. — Пра што іх клопат? — пытаюся ў дачкі Вольгі, яна разумее па-гішпанску.

— Купіла бабка дужа модную кофту і другі дзень не нахваліцца. Цяпер плянуе, куды падацца, каб набыць да кофты модную спадніцу.

От, мой Божа. Уявіліся нашы бабы каля крытага будану Камароўкі. Зь мяшэчкамі на продаж, з пляшкамі гарэлкі і піва. Або яшчэ наш успамін. Аўтабудан пад нумарам 19 набраў у свой брудны абшарпаны салён-катух поўна баб, і ўсе, як адна, шчасьлівыя. Пашанцавала! Набралі аж па два дзясяткі «чалавечаскіх яіц» у краме на плошчы Перамогі.

 

Мост цераз раку. Шасэйка запрашае ў горад Фігейрас — радзіму вядомага мастака Сальвадора Далі. Відок на малюнак просіцца. Ці ня гэты масток хацеў пакласьці на дно ракі Кірыла Арлоўскі? Пад час свайго рэпарцёрства я патрапіў на сустрэчу зь вядомым старшынём калгасу, што на Магілёўшчыне. Кірыла Пракопавіч браў актыўны ўдзел у тых падзеях у Гішпаніі 1936—1937 г. Адчайны дывэрсант, рваў масты, што дровы калоў на падворку.

— Што вам найбольш прыгадваецца, калі пра Гішпанію гаворка заходзіць, — запыталася карэспандэнтка ў Арлоўскага.

— Заклаў, ліха на яго, узрыўчатку, усё як мае быць, мост павінен быў легчы на дно ракі, як міленькі. А ён, зараза, стаіць, не варухнуўшыся. Дараваць сабе не магу.

Два гады быў у Гішпаніі, і адзінае, што вывез адтуль, гэта шкадобу пра тое, што мост ня лёг на дно ракі.

 

Фэрмэрскія палеткі ў Гішпаніі. Што намаляваныя, вачэй не адарваць. Чырвоныя памідоры, экзатычныя плады, аліўкавыя дрэвы. Руплівая мазольная праца да сёмага поту. Як там сьпявалася ў той песьні, што напісаў Сьвятлоў: «каб зямлю ў Гранадзе сялянам аддаць». Ведаем, як гэта рабілася ў гады калектывізацыі.

 

Супэрмаркеты. У Гішпаніі яны як і ў нас, толькі нашмат багацейшыя, чысьцейшыя і таньнейшыя. Рот бы ўсё забраў, ды кішэня плача... Тавары з усяго сьвету. І кітайцам ёсьць чым пахваліцца, і японцам ня сорамна, і немцу гонарна. А з усяго СНГ толькі адна гарэлка «маскоўская» па пяць даляраў за шкляное рыла (і тая разьліваецца ў Польшчы).

 

Нажы ў Гішпаніі. Колькі ні вандраваў у іншых краінах, але толькі ў Гішпаніі напаткаў багатыя крамы, дзе гандлююць выключна халоднай зброяй. Не адарваць вачэй ад вітрынаў. Тут і кінжалы, мячы старажытных рыцараў, нажы-складанчыкі, срэбраныя і залачоныя. І фінскія з доўгім лязом, і паляўнічыя, нажы-запальнічкі, нажы-самапіскі, нажы ваяроў усіх краінаў Эўропы. Чаму ж такі вольны продаж? Спакойны, не агрэсіўны народ? У Гішпаніі ганарацца горадам слынных майстроў — Таледа, як арабы сваім Дамаскам.

Сядзяць двое на зэдліку, чакаюць электрычку. Лускаюць семкі, шалупіньне пад ногі. Так захапіліся, што аплявалі і абутак. Па красоўках і па гаворцы пазнаю, што гэта турысты з абшараў СНГ.

— Прывет, рэбята, аткуда?

— Из Перми мы, — адказваюць радасна.

Што і казаць, пярмяк – ён і ў Гішпаніі пярмяк.

На гасьцінах добра, але й пара дахаты.

 

Аэрапорт у Барсэлёне і сапраўды, мабыць, найлепшы ў сьвеце. І сьвяточна апрануты ў сонечныя карункі аддзелачных матэрыялаў, і зручны. Служывыя людзі ветлівыя, прыгожыя, з усьмешкамі на тварах. Гішпанію ў мінулым годзе наведала аж восемдзесят мільёнаў! Даход ад турызму ў Гішпаніі ў пяць разоў большы, чым гадавы бюджэт ганарлівай і пыхлівай Расеі.

 

Самалёт сядае на роднае бэтоннае поле. У Менску таўкатня, вэрхал. Служывы доўга корпаецца ў маіх паперах, насьцярожана вывучае тваю фізію, зьвяраючы фотку на дакумэнце з «арыгіналам», які прыляцеў вунь адкуль. А потым вайсковец некуды прападае і зьяўляецца празь пяць хвілін, строга перапытвае, як на допыце, дзе быў, куды едзеш. А пасьля новы накапіцель, дзе бяруцца за справу мытнікі, ператрасаючы хатулі, хаця б ты не прывёз лішнюю пляшку шампані ці таннага віна, якое ў нас каштуе столькі ж, як пляшка гарэлкі маскоўскай у Барсэлёне. Яно і праўда, у гасьцях добра, а дома лепей.


Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0